Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагоня выклікае ў мяне патрыятычныя пачуцьці». Што расказвае бізнэсовец, якога судзілі за сьцяг над сядзібай


Валеры Астрынскі з жонкай Тацянай Бакланавай пасьля суду ў Іўі
Валеры Астрынскі з жонкай Тацянай Бакланавай пасьля суду ў Іўі

Бізнэсовец, інвэстар, сябра праўленьня Belarus Business Angel Network, асоба з топ-200 пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі паводле «Ежедневника», Валеры Астрынскі адседзеў двое сутак і атрымаў штраф за бел-чырвона-белы сьцяг на сваёй сядзібе.

На хутары ля вёскі Барава, дзе жылі ягоныя продкі, Валеры прымацаваў да студні-жорава бел-чырвона-белы сьцяг з выявай Пагоні. Сьцяг набыў у гандлёвым цэнтры. З прычыны сытуацыі з ковідам сям’я вырашыла пажыць разам зь дзецьмі ў вёсцы. Было жаданьне правесьці пэўны час у малым сьвеце, адпачыць ад бізнэс-інстытутаў і паспрабаваць нешта рабіць сваімі рукамі.

«Мы за паўтара месяца адбудавалі хатку, і дзеці прыехалі на канікулы. Менавіта ўлетку я гэты сьцяг і прымацаваў, бо Пагоня выклікае ў мяне патрыятычныя пачуцьці. Я лепш сябе адчуваў, калі ў мяне быў гэты сьцяг. Мы шмат езьдзім па сьвеце, і ў Амэрыцы мне падабалася, калі людзі там вывешваюць свае сьцягі. Мы спрабавалі зрабіць маленькую ідылію», — сказаў Свабодзе Валеры Астрынскі.

З жорава Валеры зрабіў мачту, сьцяг прыгожа лунаў і быў бачны зь вясковай дарогі, хоць хутар за 300 мэтраў ад вёскі. Па дарозе часта езьдзяць рыбакі на Беразіну ці на Нёман. Сьцяг пратрымаўся амаль паўгода, і ніхто зь мясцовых жыхароў не выказваў ніякіх прэтэнзій, не спрабаваў яго зьняць, калі сям’я зьяжджала ў горад.

«Калі пачынаўся ціск, я разумеў, што прыйдуць і да мяне», — кажа бізнэсовец.

Затрыманьне за сьцяг

Чарговым разам сям’я прыехала на сваю сядзібу ў мінулую пятніцу, напалілі печы. Раніцай наступнага дня пагрукалі ў дзьверы двое супрацоўнікаў Івейскага РАУС.

«Яны пытаюць, што гэта ў вас, пікет? Пачынаю расказваць пра гісторыка-культурныя каштоўнасьці. Міліцыянт сказаў, што ад нейкага чалавека паступіла інфармацыя пра сьцяг, што гэта пікет і яму гэта ня надта падабаецца. Таму яны прыехалі з праверкай».

Міліцыянты склалі пратакол па ч.1 арт. 23.34, зрабілі фатаздымкі. Валеры мяркуе, што пастаўленая задача самім супрацоўнікам ня надта падабалася. Яны сказалі Валеру, каб ён чакаў суду ў бліжэйшыя дні.

«Недзе гадзіне а дзявятай вечара зноў сьвятло фар, грукат у дзьверы, зноў прыехалі гэтыя хлопцы, сказалі, што паступіла каманда з вобласьці затрымаць і прывезьці ў ізалятар. Жонка эмацыйна выступіла, а я да гэтага паставіўся як да новага жыцьцёвага вопыту».

Жонка сабрала Валеру ссабойку, ён цёпла апрануўся, бо на вуліцы было мінус 25. Пакуль Валеры зьбіраўся ў ізалятар, міліцыянты акуратна зьнялі сьцяг і аформілі яго як рэчавы доказ. Яны казалі, што сьцяг Валеру вернуць пасьля суду, але яго так і не вярнулі.

Дзьве ночы ў ізалятары

Спачатку Валерыя адвезьлі ў бальніцу, каб засьведчыць, што ў крыві няма алькаголю. А потым пасялілі ў камэру чатыры на чатыры мэтры, дзе былі чатыры ложкі, выдалі бялізну. У камэры цэлыя суткі гарэла сьвятло, было цёпла, раніцай далі рысавую кашу з хлебам і гарбатай.

«Жонка паклала мне з сабой кнігу Васіля Аксёнава „Рэдкія землі“. Я пачаў чытаць яе на нарах. Там расказваецца, як 43-гадовы бізнэсовец у маскоўскай турме ўспамінае сваё жыцьцё».

Як судзілі

Судзілі Валера Астрынскага ў панядзелак у РАУСе. Бізнэсовец прызнаў, што вешаў сьцяг і яму было прыемна, што іншыя людзі яго бачылі. Валеру прысудзілі штраф 20 базавых і прыгразілі, што наступным разам будуць суткі.

«Я спрабаваў разабрацца, які сьцяг, на іх погляд, можна вешаць. Пагоню на чырвоным фоне? Але канкрэтнага адказу не атрымаў. Судзьдзя сказаў, што чакаюцца нейкія тлумачэньні адносна санкцый за бел-чырвона-белы сьцяг».

Цяперашнюю вайну з гістарычнай сымболікай Валеры называе абсурдам.

Як паставіліся да гэтай гісторыі сябры, сям’я?

«Я не пачуў ніводнага папроку, усе мяне падтрымалі. Толькі малы крыху паплакаў, што мяне забралі. Усё гэта пацьвярджае абсурднасьць дзеяньняў уладаў, бо ёсьць справы больш важныя».

Замарожаны інвэстклімат

Валеры кажа, што многія зь ягоных калегаў са сфэры ІТ зазналі перасьлед з боку ўладаў. Пасьляжнівеньская сытуацыя ўшчэнт скасавала гаворку пра інвэстыцыйны клімат і бізнэс-аптымізм.

Ён ня ведае праектаў у сфэры ІТ і наогул у бізнэсе, якія цяпер актыўна прапрацоўваюцца. Калі раней да інвэстараў зьвярталіся ў месяц дзясяткі маладых стартапаў зь Беларусі, то цяпер два, і то яны не плянуюць адкрываць кампаніі ў Беларусі.

«Я займаюся стартапамі і маладымі прадпрымальнікамі. Цяпер калі і зьяўляюцца нейкія праекты, то 90% зь іх плянуюць рэгістравацца ў іншых юрысдыкцыях. Я ня веру, што можна хутка аднавіць бізнэс-клімат бязь нейкіх радыкальных крокаў. Я назіраю за сытуацыяй, і мне ня хочацца ствараць нейкія бізнэс-праекты. Аптымізм, які быў у Беларусі год-два таму, вярнуць цяжка. Інвэстклімат замарожаны, усе чакаюць, што далей. Пакуль ня будзе даверу да сыстэмы ўлады, ня будзе інвэстыцый».

Валеры Астрынскі пакуль не плянуе зьяжджаць з краіны і спадзяецца, што прыйдзе час, калі можна будзе будаваць чароўную Беларусь. Ён кажа, што пабываў у розных краінах, сярод якіх Паўночная Карэя, Уругвай і Папуа — Новая Гвінэя. Ці падобныя чымсьці Беларусь і Паўночная Карэя?

«Супадаюць, відаць, трэнды. Калі мы жылі там у гатэлі, то па тэлевізары былі толькі два тэлеканалы: па адным увесь час ішлі партзьезды, а па другім паказвалі дасягненьні, нейкія вялізныя, мамантавыя кампутары, на якія цяжка было глядзець без сарказму. І ўсё гэтае ідэалягічнае трызьненьне, якое падводзяць пад філязофію чучхе».

Паводле Валера Астрынскага, каб вярнуць ранейшы клімат у ІТ-галіне, «павінен вярнуцца давер да ўлады і прававой сыстэмы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG