Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Філарэты, помнік Геніюш і візыт патрыярха


Мітрапаліт Філарэт

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў дзеліцца ўспамінамі пра мітрапаліта Філарэта, які памёр 12 студзеня. Філарэт (Кірыл Вахрамееў) больш за 20 гадоў кіраваў Беларускай праваслаўнай царквой.

Як вядома, пра нябожчыкаў: aut bene aut nihil — альбо добра альбо нічога. Мне больш даспадобы іншае: aut bene aut veritas — альбо добра альбо праўду.

Калі б у маёй кнігі «Імёны Свабоды» надарыўся працяг, уладыка Філарэт ня стаў бы яе героем. Але героем найноўшай гісторыі Беларусі, у зямлі якой — відаць жа, не бяз волі яго самога — знойдзе апошні спачынак, Філарэт, безумоўна, быў. Пра гэта лішні раз сьведчыць безьліч водгукаў на ягоны сыход, сярод якіх і прыгады тых, каго не западозрыш у няшчырасьці: дэпутатаў незалежнасьці Пятра Садоўскага і Сяргея Навумчыка.

Мне таксама выпала быць знаёмым з уладыкам, ня раз сустракацца і гутарыць зь ім, быць у супольных паездках у мой родны Полацак, а нават сядзець за адным бяседным сталом. Таму ў памяці ёсьць свая прысьвечаная ўладыку «шуфлядка». Хачу выцягнуць адтуль некалькі ўспамінаў.

Найперш паказалася з гэтай шуфлядкі першая сустрэча ў ягоным экзархатаўскім кабінэце, куды гаспадар запрасіў на знаёмства пасьля маіх кніг пра Эўфрасіньню Полацкую. Памятаю, я назваў яго Кірылам Варфаламеевічам, на што пачуў прапанову зьвяртацца прасьцей: уладыка Філарэт ці проста ўладыка. Тады апрача ўсяго іншага, я неспадзявана для самога сябе натхніўся і распавёў уладыку пра разгромленае расейскімі жандарамі таемнае таварыства філарэтаў, што заасацыявалася зь ягоным імем. Не сказаў бы, што мой гістарычны экскурс надта спадабаўся, але ўладыка з уласьцівай яму ветлівасьцю і талерантнасьцю самавіта ківаў: «интересно, интересно».

Я пачуў у той дзень, у прыватнасьці, і падзяку за тое, што, прыяжджаючы ў Менск, шмат разоў у нашай кватэры знаходзіў прытулак знакаміты цяпер мастак-ювэлір Мікола Кузьміч, які некалькі гадоў працаваў над узнаўленьнем Крыжа сьвятой Эўфрасіньні. (Мікола часта заяўляўся з прыстаўленым дзяржаўным ахоўнікам, і дзеці прасілі патрымацца за пісталет-аўтамат.)

Крыж узнаўляўся з дабраславеньня Філарэта. Думаю — калі б экзархам была іншая асоба — дабраславеньне на гэтую вялікую і патрэбную ня толькі царкве працу таксама было б атрымана. Але вось ці дала б тая іншая асоба, як гэта зрабіў уладыка, дабраславеньне гісторыку Фёдару Крываносу на працу ў архівах КГБ? Вынікам тых росшукаў стала кніга «У Бога мёртвых нет. Неизвестные страницы из истории Минской епархии. 1917 — 1939 годы». Назва гаворыць сама за сябе.

А вось на што дабраславеньня, на маю думку, не было б атрымана (чамусьці не сумняюся, што не далі б яго і пераемнікі Філарэта на пасадзе экзарха), дык гэта на помнік нерэабілітаванай «варагіні народу», непахіснай грамадзянцы БНР, паэтцы Ларысе Геніюш. Помнік аўтарства скульптара Міхася Інькова быў усталяваны ў Зэльве на цьвінтары Сьвята-Траецкай царквы ў 2003 годзе. Улады спрабавалі падняць на яго руку, але зэльвенскі сьвятар айцец Аляксандар рашуча стаў на абарону: паставілі з дабраславеньня мітрапаліта, толькі зь ягонага дабраславеньня і дэмантаваць дазволім. Такога дабраславеньня Філарэт ня даў, і кветкі да помніка нясуць дагэтуль.

Помнік Ларысе Геніюш на цьвінтары Сьвята-Траецкай царквы ў Зэльве
Помнік Ларысе Геніюш на цьвінтары Сьвята-Траецкай царквы ў Зэльве

Прыблізна ў той самы час пошта адзін за адным прынесла два лісты ад знаёмых настаўніц. Іх аўтаркі пісалі мне як палачаніну пра адно і тое ж: прывезьлі вучняў на экскурсію ў Полацак, пад’ехалі да манастыра, манашка-эскурсаводка зайшла ў аўтобус і загадала падняць рукі тым, каго хрысьцілі ў касьцёле. І ў выніку: «Сидите здесь, вам в святую обитель не позволено». Я перадаў лісты Філарэту і больш пра такое цемрашальства ня чуў.

Зразумела, пры ўсім пры тым я бясконца далёкі ад ідэалізацыі ўладыкі. Але яшчэ адзін успамін з шуфлядкі сабе дазволю.

У 1998 годзе на праваслаўнае Крыжаўзьвіжаньне ў Полацак прыехаў маскоўскі патрыярх Алексій. На літургію ў Крыжаўзьвіжанскім саборы Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра і на наступную трапэзу Філарэт даволі нечакана запрасіў і мяне. Нечакана — бо зусім нядаўна я на загад палкоўніка Замяталіна (яго кінулі наводзіць парадак у сфэры друку) быў звольнены з выдавецтва «Мастацкая літаратура» і Філарэт — мне дакладна вядома — быў у курсе.

На літургію ў храм — столькі зьехалася менскага і абласнога начальства — было ня ўплішчыцца. Гэтая самая сьціжма, зрэдку прарэджаная людзьмі з культурнага поля, апынулася і за сталамі ў манастырскай трапэзнай. Запомнілася, як чыноўнікі рознага рангу тачыліся бліжэй да Алексія, каб недзе паблізу сфатаграфавацца, і як патрыяршыя ахоўнікі бесцырымонна засьвечвалі стужкі і, чытаючы аматарам фатасэсіяў натацыю, праводзілі іх на месца.

Потым у сьценах трапэзнай натхнёна забразгаталі нажы і відэльцы, зазьвінелі келіхі і пачаліся прамовы-тосты. І тут, жуючы манастырскія грыбочкі, я раптам пачуў, што слова даецца «гражданину сего Богом хранимого города писателю Владимиру Орлову». Чаго-чаго, а гэтага я зусім не чакаў. І, відаць, не адзін я, бо ў шчыльных шэрагах прысутных начальнікаў адчулася відавочнае незадавальненьне.

Даслоўна ўжо не ўзгадаю, што казаў з келіхам чырвонага ў руцэ, але напачатку, зьвярнуўшыся да патрыярха, я выказаў упэўненасьць, што той старажытную беларускую мову разумее без перакладчыка. Алексій паважна заківаў, а Філарэт ухвальна бліснуў вачыма. Само сабой сфармулявалася і тое, што высокага госьця мы вітаем ў нашай незалежнай эўрапеўскай дзяржаве. Далей пайшло лягчэй — пра Полацак, Спасаўскі храм і ягоныя ўнікальныя фрэскі, што захаваліся яшчэ і таму, што продкі беларусаў ня зьведалі татара-мангольскага ярма...

Карацей, не пасьпеў я сесьці, як ускочыў атаман нейкага тагачаснага ці то віцебскага ці то ўсебеларускага «казацтва». «Святой отец, вы не подумайте! Мы навеки с Россией, с братским русским народом!» — казачок ажно захлынаўся ад вернападданасьці. «Присядьте уважаемый! — напоўніў трапезную густы зычны голас Філарэта. — Вам никто слова не давал! Послушаем уважаемого (цяпер на гэтым слове быў зроблены націск) режиссера Бориса Луценко».

Філарэта я знайшоў у сьпісе ўзнагароджаных ордэнам Францыска Скарыны. Божа, колькі там кавалераў, што адразу прыводзяць на памяць разьятранага «казацкага» атамана! А вось да Кірыла Варфаламеевіча Вахрамеева пытаньняў ня ўзьнікла.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG