Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбылося ў 2020 дафармаваньне беларускай нацыі? Меркаваньні гісторыкаў


Менск, 23 жніўня
Менск, 23 жніўня

Тэзіс пра канчатковае дафармаваньне беларускай нацыі як палітычнай супольнасьці стаў вельмі папулярны ў 2020 годзе. Свабода папрасіла вядомых беларускіх гісторыкаў пацьвердзіць або зьняпраўдзіць гэтую думку.

«2020 год для беларусаў стаў крокам да пераадоленьня нэгатывізму»

Павaл Церашковіч
Павaл Церашковіч

Тры моманты. Нацыю часам вызначаюць як супольнасьць людзей, здольных да калектыўных, мэтанакіраваных, спантанных дзеяньняў. Гаворка ідзе пра тыя дзеяньні, якія не патрабуюць фармальнага лідэра, кіраваньня, загаду ці нават закліку.

2020 год у Беларусі дае шмат падобных прыкладаў, але, асабіста мяне ці не найболей уразіла стаўленьне людзей да афіцыйнага сьвяткаваньня 3 ліпеня — туды проста не прыйшлі. Амаль татальны ігнор. Аніякіх заклікаў да гэтага не было. Гэта выява супольнага калектыўнага су-адчуваньня і су-разуменьня моманту.

Доўгі час беларусам было ўласьцівае нэгатыўнае самаўспрыняцьце, устойлівы нэгатыўны аўтастэрэатып. Падобная зьява, так званая стыгматызацыя, досыць пашыраная сярод балканскіх народаў, кшталту, «ніколі не было шчасьця, бо мы на Балканах, і ня будзе». 2020 год для беларусаў стаў крокам да пераадоленьня нэгатывізму, нават захапленьня сабою — «мы неверагодныя».

Нацыя хоць і мадэрны фэномэн, але ўзор нацыянальных паводзін дае Біблія на прыкладзе гісторыі габрэйскага народу. Так лічыць брытанскі гісторык Адрыян Гастынгс. Пераасэнсаваньне сябе ў стылістыцы біблейскіх вобразаў і сюжэтаў — характэрная зьява фармаваньня эўрапейскіх нацый. 2020 год у Беларусі дае безьліч магчымасьцей для гэтага. Шмат што ўжо сказана. «Дзеці, што пабілі цара Ірада» — сярод гэтага. Што ж, чакаем Давіда, які пераможа Галіята.

«Жнівеньская рэвалюцыя выклікае вялікую надзею і смутную трывогу»

Аляксандр Краўцэвіч
Аляксандр Краўцэвіч

Жнівеньская рэвалюцыя 2020 году, несумненна, паўплывала на працэс фармаваньня/дафармаваньня беларускай нацыі. Яна дала шанец, магчыма апошні, на яе паўнавартасны быт.

Праз салідарнасьць у супрацьстаяньні рэжыму імкліва фармуецца грамадзянская супольнасьць, менавіта супольнасьць людзей, якія адчуваюць адказнасьць за краіну (па Максіму Багдановічу: «Хай адчуюць, як сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць!»).

Гэтая супольнасьць колькасна складае меншасьць у краіне, як і ў любой іншай, але менавіта яна краіну арганізоўвае, накіроўвае і рухае наперад.

Грамадзянская супольнасьць аб’ядноўваецца і выступае на палітычную арэну пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, і гэта абнадзейвае. Але яна ў масе сваёй расейскамоўная, і гэта трывожыць.

Нацыя толькі тады стане паўнавартаснай, калі разам з нацыянальнымі зьнешнімі атрыбутамі пяройме душу нацыі — яе мову. Інакш застанецца недаробленай і зьнікне, хутчэй раней, чым пазьней. У мяне як прафэсійнага гісторыка і «этнічнага нацыяналіста» Жнівеньская рэвалюцыя выклікае вялікую надзею і смутную трывогу.

«Беларусь больш ніколі ня будзе ранейшай, бо беларусы зьмяніліся і адчулі, што маюць гонар»

Васіль Герасімчык
Васіль Герасімчык

Ніякае ліха ня ў стане зламаць чалавека, якога гартуе вера. Вера, што ўсё адбываецца не дарэмна і мае мэту. Тады трагедыя асобнага чалавека, паяднаная ў маштабе дзясяткаў тысячаў, паўстае пазнакаю велічы Народу, адзнакаю самаахвярнасьці ў імя «долі лепшай».

Усё, што адбылося ў 2020 годзе, было прадвызначана ранейшым ходам нашай гісторыі. Апошнімі весьнікамі будучага абуджэньня сталі тысячы беларусаў з усяго сьвету, якія ў лістападзе 2019 году адгукнуліся на покліч Герояў, што скаланулі час і Гару, каб нават з таго сьвету прыйсьці на дапамогу свайму гаротнаму народу і праз Вострую браму сьвятую запаліць бел-чырвона-белае зарыва Надзеі.

Надзея на будучы 2020-ы год пачала набываць абрысы, калі дзяржава скрала ў сябе апошні шанец на кантраляваныя зьмены, сымулявала парлямэнцкія выбары і паказала на ўвесь сьвет, што чакае нас на прэзыдэнцкія. І тут грымнула сусьветная пандэмія, празь «незаўважаньне» і «ўласны шлях» да якой пра Беларусь даведаліся ў самых аддаленых куточках.

І пакуль адзін сьмяшыў увесь сьвет і ня бачыў вірусаў, адкрыліся вочы ў тысячаў. Новы покліч у імя ратаваньня самага каштоўнага — жыцьця — аб’яднаў Народ, які выступіў сумесным фронтам на дапамогу героям нашага часу — мэдыкам. Сапраўдны мартыралёг гэтых лепшых нашых людзей яшчэ будзе складзены, і мы абавязкова спамянём усіх!

І ў той час, як паўстала пытаньне пра самое выжываньне Народу, на яго сьвяты покліч адгукнуліся новыя людзі. Яны паказалі нават самым да таго абыякавым, што ўсе мы — неверагодныя, што мы маем выбар, мы маем шанец. Але ўсіх іх скралі ў нас. Быццам дзеля зьдзеку, пакінулі толькі адну жанчыну, на якую скіраваліся погляды мільёнаў. І яна, ціхая і рахманая да таго маці і жонка, простая беларуская жанчына, увасобіла нашую надзею. І пакуль гартаваўся народ, жанчына, якая ёсьць жыцьцё, ператваралася ў лідэра.

Жніво сабрала свой крывавы ўраджай, і чырвоная на белым кроў адгукнулася шматтысячнымі маршамі, якія ўбачыў увесь сьвет. Беларусь больш ніколі ня будзе ранейшай, бо беларусы зьмяніліся і адчулі, што маюць гонар, што маюць права людзьмі звацца і гатовыя дзеля гэтага аб’яднацца.

І яшчэ мы паказалі, што народ наш жадае не руйнаваць, а будаваць. Дык будуйма Беларусь у сабе, і тады яе ў нас ніхто не адбярэ!

Сёньня ж мільёны сэрцаў злучацца адным жаданьнем, якое абавязкова спраўдзіцца, бо так наканавана. І ў гэтым пакліканьне нашага пакаленьня!

«Сёлетні ўздым узьнік ня сам па сабе, а ёсьць лягічным вынікам больш як стогадовай працы некалькіх пакаленьняў беларускіх патрыётаў»

Аляксандар Пашкевіч
Аляксандар Пашкевіч

Падзеі 2020 году для фармаваньня беларускай нацыі важныя тым, што яны вывелі на сьвет тыя грамадзкія працэсы, якія адбываліся ўсе папярэднія гады, але не зусім бачна і выразна. Аўтарытарны рэпрэсіўны рэжым дзесяцігодзьдзямі штучна замарожваў грамадзка-палітычнае жыцьцё, а пад лёдам плыні не было відно. Многім здавалася, што не відно, бо гэтай плыні проста няма. Але нават тыя, хто быў упэўнены ў яе існаваньні, не чакалі, што яна аж нагэтулькі моцная.

Чаму мы маем падставы казаць, што гэты год важны менавіта для працэсу нацыябудаўніцтва? Бо ён выразна засьведчыў, што беларусы — зусім не атамізаванае грамадзтва, дзе кожны сам па сабе і ў кожнага свая хата з краю. Што ў іх ёсьць усьвядомленыя каштоўнасьці ня толькі індывідуальныя, але і групавыя, грамадзкія, важныя для ўсёй супольнасьці ці прынамсі яе большасьці. І што дзеля рэалізацыі гэтых каштоўнасьцяў беларусы гатовыя несьці страты і перажываць нязручнасьці, разумна ахвяраваць у імя грамадзкіх інтарэсаў асабістымі.

І гэтая ахвярнасьць у імя агульных інтарэсаў не таго кшталту, як яна прапагандуецца і насаджаецца зьверху патэрналісцкімі ідэалягізаванымі, часьцей за ўсё аўтарытарнымі ці нават таталітарнымі рэжымамі — калі асобны чалавек успрымаецца як дробная малаважная шрубка, інтарэсы якой нікчэмныя ў параўнаньні з «высокімі» мэтамі дзяржаўнага малоха. У нашым выпадку грамадзкая актыўнасьць узьнікае перадусім зьнізу, вызначаючыся надзвычай высокім узроўнем самаарганізацыі, салідарнасьці і ўзаемадапамогі.

Прытым, што важна — не засталася ўбаку ад клопатаў і трывог усяго народу і беларуская дыяспара за межамі бацькаўшчыны. Нечаканым адкрыцьцём году стала тое, што яна, аказваецца, у нас такая шматлікая, усюдыісная, патрыятычная і салідарная словам ды справай з суродзічамі на радзіме.

Характэрна, што сёлетняя рэвалюцыя — ці, дакладней, яе пачатак, бо працэс не завершаны, — зьява менавіта нацыянальна беларуская, яна не зьяўляецца адгалоскам ці нават непасрэднай часткай нейкага шырэйшага рэгіянальнага працэсу, як гэта было, напрыклад, у 1863-м, 1918-м ці ў 1991-м. А цяпер, у 2020-м, калі ў суседзяў усё ціха, беларусы масава паўсталі самастойна, ня толькі бяз вонкавага інсьпіраваньня, але нават пры вельмі насьцярожаным, прынамсі спачатку, стаўленьні да гэтага як з Усходу, так і з Захаду. Мы ня толькі як дзяржава, але і як грамадзянская супольнасьць нарэшце сталі ня толькі аб’ектам, але і паўнавартасным суб’ектам эўрапейскага грамадзка-палітычнага жыцьця. І гэта важна менавіта ў кантэксьце фармаваньня нацыі.

Зрэшты, і цяпер пастаянна можна пачуць галасы скептыкаў, якія выказваюць сумневы ў беларускасьці і нацыянальнасьці тых працэсаў, якія сёлета адбываліся. Бо яны глядзяць на падзеі і ацэньваюць іх дастаткова схематычна, наракаючы, напрыклад, на тое, што мова нашай рэвалюцыі — пераважна расейская, а безь перавагі нацыянальнай мовы якая нацыя?

Але тут нікуды ня дзенесься ад аб’ектыўных абставін і перадумоў. Моўна-культурная русыфікацыя нашага грамадзтва зайшла вельмі далёка і ўвадначас, адным махам, гэтага ніяк не пераадолець. Тая нацыя, пра якую мы сёньня гаворым, дафармавалася ў нашмат большай ступені на грамадзянскай, чым на этнічнай аснове. І беларуская мова на цяперашні момант сапраўды ня ёсьць найпершым аб’яднаўчым ды ідэнтыфікацыйным чыньнікам. Але сваё месца ў сёлетняй рэвалюцыі яна, тым ня менш, займае — папулярныя беларускамоўныя лёзунгі на чале з асноўным: «Жыве Беларусь!», удзельнікі пратэстаў ахвотна сьпяваюць беларускамоўныя песьні, у тым ліку выразна нацыянальна-патрыятычнага характару, і г. д.

Дый увогуле папулярызацыя беларускай мовы, гісторыі і культуры за гэтыя месяцы прасунулася неверагодна. А як працэс будзе ісьці далей — залежыць таксама і ад таго, наколькі адэкватна папулярызатары будуць адчуваць навакольную рэчаіснасьць і наколькі гатовыя прасоўваць свае ідэі ў рэальным, а не прыдуманым беларускім грамадзтве.

А найбольш уразіў і натхніў у гэтым годзе шалёны посьпех нацыянальнай сымболікі, бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня». Ужо цяпер можна з упэўненасьцю казаць, што яны непазьбежна стануць ня толькі дзяржаўнай, але і народнай сымболікай новай Беларусі, а на важных знакавых месцах іх урачыста ўсталююць не дзяржаўныя чыноўнікі, а самі людзі. Яшчэ паўгода таму гэта было зусім не відавочна. І гэта сымбалічна сьведчыць пра тое, што сёлетні ўздым узьнік ня сам па сабе, а ёсьць лягічным вынікам больш як стогадовай працы некалькіх пакаленьняў беларускіх патрыётаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG