Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі служба выкананьня пакараньняў абяцае затрымаць Аляксея Навальнага


Аляксей Навальны ў 2019 годзе.

Расейская Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў (ФСВП) заявіла, што «прыме ўсе меры для затрыманьня» расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага да пасяджэньня суду, дзе будзе разглядацца справа аб замене ўмоўнага тэрміну на рэальны па справе «Ив Роше». Пра гэта піша РБК.

Ведамства ў чацьвер афіцыйна пракамэнтавала паведамленьні пра тое, што Навальны быў абвешчаны ў вышук у сувязі з тым, што не зьяўляўся на рэгістрацыю як умоўна асуджаны, і пацьвердзіла іх. У заяве ФСВП гаворыцца, што Навальны за першыя 8 месяцаў 2020 году, гэта значыць яшчэ да таго, як ён быў адпраўлены на лячэньне ў Нямеччыну, ня зьяўляўся на рэгістрацыю шэсьць разоў. Таксама ў ФСВП заявілі, што Навальны 23 лістапада апавясьціў ведамства аб тым, што праходзіць у Нямеччыне рэабілітацыю, аднак, як гаворыцца ў паведамленьні, «факт аднаўленчых працэдур не зьяўляецца падставай для няяўкі на рэгістрацыю».

27 лістапада супраць Навальнага пачалі вышуковыя мерапрыемствы, а 29 сьнежня — за суткі да заканчэньня яго выпрабавальнага тэрміну — афіцыйна абвясьцілі яго ў вышук. Пры гэтым аб меркаваных парушэньнях з боку Навальнага ведамства заявіла толькі ў канцы сьнежня, а пра тое, што ён аб’яўлены ў вышук, стала вядома толькі 13 студзеня — у дзень, калі Навальны паведаміў, што 17 студзеня мае намер вярнуцца ў Маскву.

У паведамленьні ФСВП гаворыцца, што ведамства павінна «прыкласьці ўсе намаганьні», каб затрымаць апазыцыянэра да суду аб замене яму ўмоўнага тэрміну на рэальны. Навальны падкрэсьлівае, што пакінуў Расею не па сваёй волі, а быў вывезены на лячэньне пасьля атручваньня — у якім ён абвінавачвае супрацоўнікаў ФСБ і расейскія ўлады, уключаючы прэзыдэнта. Апошнюю заяву ФСВП ён пакуль не камэнтаваў. Навальны быў асуджаны на 3,5 года пазбаўленьня волі ўмоўна. ФСВП цяпер просіць замяніць гэты тэрмін на рэальны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG