Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага лідэра апазыцыі Навальнага, які заплянаваў вяртаньне дамоў пасьля лячэньня, абвясьцілі ў фэдэральны вышук


Аляксей Навальны, каляж
Аляксей Навальны, каляж

Расейская Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў (ФСВП) абвясьціла ў вышук апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, паведамляе выданьне Mash.

Яно апублікавала копію пастановы ведамства ад 29 сьнежня. У дакумэнце гаворыцца, што апазыцыянэр ухіляўся ад кантролю як умоўна асуджаны.

Заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй быў асуджаны ў сьнежні 2014 году на 3,5 года пазбаўленьня волі ўмоўна паводле артыкулу аб махлярстве. Сам ён не прызнаў сябе вінаватым, называючы перасьлед палітычна матываваным. Эўрапейскі суд у правах чалавека пастанавіў, што пры разглядзе справы было парушанае права палітыка на справядлівы судовы разбор.

30 сьнежня сканчаўся выпрабавальны тэрмін па прысудзе Навальнаму. 28 сьнежня ФСВП запатрабавала ад яго зьявіцца ў службу для рэгістрацыі, у студзені ведамства запатрабавала ад суду ў Маскве замяніць ўмоўны прысуд на рэальны тэрмін. Калі суд пагодзіцца з хадайніцтвам, Навальнаму пагражае пазбаўленьне волі на ўсе 3,5 года, якія яму прысудзілі ў 2014 годзе.

У пастанове аб вышуку сьцьвярджаецца, што ФСВП шукае Навальнага з канца лістапада. Палітык у гэты час праходзіў у Нямеччыне рэабілітацыю пасьля атручэньня. У ФСВП заяўлялі, што лічаць яго здаровым.

Пры гэтым расейскія ўлады не прызнаюць, што Навальнага маглі атруціць у Расеі. Расьсьледаваньне замаху праваахоўнымі органамі не праводзіцца. Навальны абвінаваціў у замове замаху на яго жыцьцё прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Той заявіў, што, калі б палітыка хацелі атруціць расейскія ўлады, яго б атруцілі.

13 студзеня Навальны заявіў, што 17 студзеня вернецца ў Расею рэйсам з Брандэнбургу. У Маскве супраць яго распачатыя дзьве крымінальныя справы. Абвяшчэньне яго ў вышук, у прыватнасьці, азначае, што па прылёце ён павінен быць затрыманы.

У кастрычніку расейскія ўлады абвясьцілі ў міжнародны вышук беларускага палітыка Сьвятлану Ціханоўскую. Гэта было зроблена ў межах саюзных дамоўленасьцяў паміж Беларусьсю і Расеяй, паколькі ў Беларусі Ціханоўская таксама была абвешчаная ў вышук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG