Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абхітрыць Лукашэнка Рэнэ Фазэля


Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазэль, 11 студзеня
Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазэль, 11 студзеня

Лукашэнка паабяцаў Рэнэ Фазэлю дыялёг з апазыцыяй. Але наўрад ці справа пойдзе далей за абяцаньні.

Сьцісла:

  • З інтэрвію Рэнэ Фазэля вынікае, што ён прыехаў у Менск з палітычнымі ўмовамі.
  • Лукашэнка пагадзіўся на дыялёг з апазыцыяй.
  • Насамрэч ні на якія сур’ёзныя перамовы з апазыцыяй Лукашэнка ісьці не зьбіраецца.
  • Ня выключана, што ўдасца чарговым разам усіх абхітрыць і правесьці чэмпіянат у Менску.
  • Аднак незразумела, што ўлады будуць рабіць з масавымі пратэстамі падчас чэмпіянату сьвету.

Візыт прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) Рэнэ Фазэля ў Беларусь 11 студзеня аказаўся скандальным. Беларускія ўлады выкарысталі яго ва ўласных прапагандысцкіх мэтах напоўніцу. Фатаздымкі і тэлекарцінкі, дзе Рэнэ Фазэль абдымаецца з Аляксандрам Лукашэнкам, зьявіліся ў эўрапейскіх мэдыя і прымусілі кіраўніка Міжнароднай фэдэрацыі хакею апраўдвацца. Ён такой прыкрасьці з боку беларускіх афіцыйных мэдыя не чакаў.

З інтэрвію і камэнтароў Рэнэ Фазэля вынікае, што ён прыехаў у Менск ня проста з інспэктарскім візытам (праверыць тэхнічную гатоўнасьць хакейных арэнаў да чэмпіянату сьвету), але і з палітычнымі ўмовамі. Фактычна ён выставіў Лукашэнку ўльтыматум. Маўляў, калі хочаш правядзеньня чэмпіянату сьвету, то павінен пагадзіцца «на адкрыты і канструктыўны дыялёг з апазыцыяй».

Самае дзіўнае, што Лукашэнка з гэтым пагадзіўся. Больш за тое, кіраўнік IIHF Рэнэ Фазэль расказаў у інтэрвію SRF, што нібыта сам Лукашэнка заявіў пра намер зьмяніць Канстытуцыю і «гатовы правесьці новыя выбары». Трэба разумець, прэзыдэнцкія.

Менавіта ў кантэксьце гэтых абяцаньняў варта разглядаць рэпліку Лукашэнкі наступным днём пасьля сустрэчы з Фазэлем падчас уручэньня прэміі «За духоўнае адраджэньне»: «Мы гатовыя размаўляць з усімі сумленнымі людзьмі. У тым ліку з апазыцыяй. Але не са здраднікамі. Мы гатовыя весьці дыялёг зь любой апазыцыяй, па любых пытаньнях. Пачынаючы ад канстытуцыйных зьменаў і заканчваючы будучыняй нашай Беларусі».

Другі момант. Паводле Рэнэ Фазэля, беларускія ўлады пагадзіліся супрацоўнічаць з IIHF у расьсьледаваньні справы старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, які падазраецца ў датычнасьці да палітычных рэпрэсій.

Гледзячы па ўсім, Рэнэ Фазэль не задаволіўся вуснымі абяцаньнямі, а хацеў мець дакумэнт, які можна было б прад’явіць Радзе IIHF. І Лукашэнка паабяцаў. Кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі хакею заявіў: «Мы разьлічваем у бліжэйшы час атрымаць плян дзеяньняў ураду Беларусі, які тычыцца канкрэтных патрабаваньняў IIHF, якія былі прадстаўленыя ў Менску. Гэта ключавыя пытаньні, якія закранаюць апэратыўныя і сацыяльна-палітычныя моманты, зьвязаныя з чэмпіянатам сьвету, і мы ня зможам прасунуцца наперад, калі гэтыя захады ня будуць ініцыяваныя бліжэйшым часам».

Зразумела, што ні на якія сур’ёзныя перамовы з апазыцыяй Лукашэнка ісьці не зьбіраецца. Нават дзеля правядзеньня чэмпіянату сьвету. Цяпер галоўнае — паабяцаць. Дык і Пуціну абяцаў.

Рашэньне аб правядзеньні Чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2021 годзе плянуецца прыняць 25–26 студзеня на пасяджэньні Рады IIHF. Вось да гэтага часу трэба ўсяляк дэманстраваць гатоўнасьць да кампрамісу па ўсіх пытаньнях А ўжо калі на гэтым паседжаньні будзе прынята рашэньне на карысьць Менску, то пасьля ўсе абяцаньні можна будзе спусьціць на тармазах. Бо памяняць рашэньне IIHF і перанесьці спаборніцтва ў іншую краіну будзе проста запозна, тэхнічна немагчыма. На гэта і разьлік.

рэн

Адсюль і такія заявы Лукашэнкі — маўляў, гатовы размаўляць з апазыцыяй, «але не са здраднікамі». Вось, напрыклад, сустрэнецца хто-небудзь з урадоўцаў зь Юрыем Васкрасенскім, і абвесьцяць гэта перамовамі з апазыцыяй.

Можа, Лукашэнку і ўдасца чарговым разам усіх абхітрыць, правесьці чэмпіянат у Менску як доказ сусьветнай супольнасьці, што палітычная сытуацыя ўсталявалася, крызіс пераадолены, усё пад кантролем. Але можа здарыцца так, што ён заб’е шайбу ва ўласныя вароты.

Бо можна не сумнявацца, што пратэстуючая грамадзкасьць паспрабуе скарыстацца добрай нагодай і прымеркаваць масавыя акцыі пратэсту акурат да чэмпіянату сьвету (21 траўня — 6 чэрвеня). І што рабіць уладам? Дэманстраваць брутальны гвалт перад вялізнай колькасьцю замежных заўзятараў і журналістаў? Дык такім чынам можна сапсаваць увесь плян выкарыстаньня чэмпіянату дзеля паляпшэньня ўласнага іміджу. Асабліва калі пад замес трапяць замежныя грамадзяне.

А калі не чапаць — маўляў, няхай ходзяць, у нас жа дэмакратыя, — то на вуліцы можа выйсьці больш за 100 тысяч, як у жніўні-верасьні. І зноў жа пад тэлекамэры замежных журналістаў. І гэты варыянт таксама сапсуе ўсю капэлю. Добрага рашэньня для Лукашэнкі тут не існуе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG