Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра ўкраінскіх экспэртаў, якія выступаюць на БТ у падтрымку Лукашэнкі


Плякат падчас акцыі пратэсту каля БТ 17 жніўня
Плякат падчас акцыі пратэсту каля БТ 17 жніўня

У Беларусі выказваньне «Хочаце, як ва Ўкраіне?» ужо стала хадавым з падачы беларускіх чыноўнікаў. Ад 2014 году, калі ва Ўкраіне адбылася Рэвалюцыя годнасьці і зьмянілася ўлада, дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі пасьлядоўна ствараюць вобраз «няшчаснай» суседняй краіны, дзе нацыяналізм нібыта ўзьведзены ў ранг дзяржаўнай палітыкі, а дзяржаўныя інстытуты не спраўляюцца з забесьпячэньнем эканамічнага і сацыяльнага дабрабыту грамадзян.

Амаль штодзень у эфіры беларускіх тэлеканалаў для пацьвярджэньня выказваньняў беларускіх чыноўнікаў запрашаюць малавядомых украінскіх экспэртаў, якія расказваюць пра несамастойнасьць Украіны як дзяржавы, пра краіну са зьнішчанымі эканомікай і сыстэмай аховы здароўя.

Свабода сабрала інфармацыю пра некалькіх украінскіх экспэртаў, якія дапамагаюць беларускай прапагандзе ствараць і распаўсюджваць міты пра сваю ўласную краіну.

«Псэўдапалітоляг і сацыёляг»

Сяргей Бялашка, архіўнае фота
Сяргей Бялашка, архіўнае фота

10 студзеня ў нядзельным выніковым інфармацыйным этэры тэлеканала «Беларусь-1» прадэманстравалі пяціхвіліннае інтэрвію ўкраінскага экспэрта Сяргея Бялашкі. Яго распытвалі адразу пра ўсё — пра моўны закон, пра каранавірус і інвэстыцыйны патэнцыял Украіны. А ягоную крытычную ацэнку дзеяньняў уладаў скарысталі, каб у эфіры агучыць выснову: «Украіна знаходзіцца на мяжы эканамічнага дэфолту і жыве ад крэдыту да крэдыту, а насельніцтва засталося з каранавірусам сам-насам і пра вакцыну можа толькі марыць, а ўкраінскія палітыкі вырашылі ўключыць заежджаную нацыяналістычную кружэлку». Хоць такіх слоў экспэрт нават не ўжываў.

Сяргей Бялашка жыве ў Кіеве і ачольвае Агенцтва сацыяльных камунікацый. Часьцей за ўсё ён удзельнічае ў этэрах расейскіх і ўкраінскіх тэлеканалаў, якія ва Ўкраіне лічаць прарасейскімі, а іхных уласьнікаў зьвязваюць з атачэньнем Віктара Медзьведчука, кума расейскага прэзыдэнта.

Але найбольш вядомым ва Ўкраіне Сяргей Бялашка стаў пасьля таго, як мэдыяпляцоўка texty.org.ua, якая выкрывае фэйкавую інфармацыю, уключыла яго і ягоную арганізацыю ў базу псэўдасацыёлягаў. Усе апытаньні, якія праводзіла агенцтва Бялашкі, мелі прыкмету аплочаных на карысьць тых ці іншых украінскіх палітыкаў.

Украінскія экспэрты з маскоўскай прапіскай

Неаднаразова ў эфіры дзяржаўнага канала «Беларусь-1» выступалі яшчэ два экспэрты — Юры Кот і Юры Падаляка. Іх абодвух вядоўцы прадстаўлялі як украінскіх экспэртаў.

Юры Кот быў вядоўцам шматлікіх тэлешоў на ўкраінскіх тэлеканалах, а таксама голасам інаўгурацыі Віктара Януковіча ў 2010 годзе, камэнтаваў цырымоніі адкрыцьця некалькіх стадыёнаў, пабудаваных да Эўра-2012.

Але пасьля уцёкаў Януковіча Юры Кот таксама ўцёк у Расею. Цяпер ён жыве ў Маскве і выступае з антыўкраінскай рыторыкай на расейскіх тэлеканалах, працуе прэсавым сакратаром «Всемирного русского народного собора».

У эфіры Беларускай тэлевізіі ён падтрымліваў Лукашэнку і апраўдваў гвалт беларускіх сілавікоў, пераконваў, што, «калі б былы прэзыдэнт Украіны Януковіч дзейнічаў, як цяпер Лукашэнка, то „ў нас, на Ўкраіне“ не было б такога хаосу.

Юры Падаляка нарадзіўся ў Сумскай вобласьці. З 2013 году жыве ў Маскве

Яшчэ адзін „украінскі палітычны аглядальнік“ Юры Падаляка таксама жыве ў Маскве, хаця сапраўды мае ўкраінскае паходжаньне. Ён займаецца блогерствам. У этэры Беларускай тэлевізіі ён расказваў, што ўсе „каляровыя рэвалюцыі“ адбываюцца паводле аднаго сцэнарыю, а Беларусь зьяўляецца прыкладам таго, як прадухіляліся дэструктыўныя дзеяньні».

Палітыкі з прарасейскай партыі

Віктар Медзьвядчук, кастрычнік 2020
Віктар Медзьвядчук, кастрычнік 2020

Ва Ўкраіне ёсьць некалькі палітычных партыяў, якія выступаюць за аднаўленьне кантактаў з Расеяй. Найбольш вядомая зь іх цяпер прадстаўленая ў парлямэнце фракцыяй «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» («Опозиційна платформа «За життя»). Яе лідэр Віктар Медзьвядчук ня раз сустракаўся і з Аляксандрам Лукашэнкам.

У часе прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі Віктар Медзьведчук быў адзіным камунікатарам між Расеяй і Ўкраінай.

Шэраг дэпутатаў гэтай фракцыі таксама час ад часу зьяўляюцца ў беларускім эфіры — Юры Бойка, Ільля Ківа і іншыя. Яны таксама апраўдваюць дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі.

Юры Бойка
Юры Бойка

Юры Бойка — адзін з былых паплечнікаў Віктара Януковіча, неаднаразова працаваў у ягоных урадах.

Ільля Ківа
Ільля Ківа

Ільля Ківа — былы паплечнік цяперашняга міністра ўнутраных справаў Арсэна Авакава. Абодва зьяўляюцца крытыкамі цяперашняй украінскай улады і часта выступаюць на ўкраінскіх тэлеканалах, якія лічаць прарасейскімі — «Наш», «112 Україна», ZiK, «NewsOne». Відэа і выказваньні гэтых украінскіх палітыкаў і іншых актывістаў, якія крытыкуюць уладу, Беларуская тэлевізія выкарыстоўвае менавіта з гэтых каналаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG