Пры канцы году дзяржава традыцыйна падтрымала сваю прэсу
21 сьнежня прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка падпісаў пастанову, дзе зьмешчаны пералік СМІ, якія атрымаюць датацыі зь дзяржаўнага бюджэту. Сумы ў дакумэнце не пазначаныя. Усяго ў сьпісе 22 выданьні. Наклады рэкамэндавана захаваць.
Як і летась, асноўная падтрымка будзе аказаная выдавецкім дамам «Беларусь сегодня» і «Звязда».
- «СБ. Беларусь сегодня». Летась выданьне пісала пра наклад у 350 тысяч асобнікаў. Гэта асноўная газэта аднайменнага холдынгу, яе заснавальнік — Адміністрацыя прэзыдэнта.
- «Рэспубліка» — леташні наклад 28 тысяч.
- «Народная газета» — летась 26 тысяч.
- «Сельская газета» — летась 25 тысяч.
Усе яны ўваходзяць у холдынг «СБ. Беларусь сегодня».
У беларускамоўнай «Звязды» летась быў наклад 14,8 тысячы. Мяркуецца, што і сёлета наклад павінен захавацца на гэтым узроўні.
Уражваюць леташнія наклады вельмі папулярных некалі выданьняў:
- «ЛіМ» — 820 асобнікаў
- Сатырычны часопіс «Вожык» — 540 асобнікаў
- Дзіцячы часопіс «Бярозка» — 555 асобнікаў
- Жаночы часопіс «Алеся» — 1,1 тысячы асобнікаў
- «СБ. Беларусь сегодня» — 319 тысяч асобнікаў з дадаткам
Пасьля навагодніх сьвятаў першы нумар газэт павінен быў выйсьці ў аўторак, бо рэдакцыі 3 дні адпачывалі, а выйшлі на працу ў панядзелак. 5 студзеня ў шапіках зьявіліся толькі два выданьні: «СБ. Беларусь сегодня» і «Сельская газета». Ні «Звязды», ні «Рэспублікі» — абедзьве штодзённыя — у продажы не было.
На апошняй старонцы «СБ. Беларусь сегодня» за 5 студзеня пазначаны наклад 319 650 экзэмпляраў, а ў дужках дадатак: «СБ — «Беларусь сегодня», «Союз Беларусь — Россия». Наклад на 30 тысяч меншы за леташнія 350 тысяч.
Экспэрт у сфэры мэдыя Паўлюк Быкоўскі кажа, што насамрэч цяжка вылічыць, які рэальны наклад газэты Адміністрацыі прэзыдэнта.
«Цяжка сказаць. Бо «Союз», акрамя Беларусі, распаўсюджваецца ў Расейскай Фэдэрацыі — як дадатак да «Российской газеты», — удакладняе ён.
Год таму калегі з «Нашай Нівы» высьветлілі ў намесьніка галоўнага рэдактара «СБ. Беларусь сегодня» Міхаіла Лябедзіка, што рэальны наклад дадатку «Союз» — 187 тысяч, самой газэты — 180 тысяч, а ў суботу, калі друкуецца тэлепраграма, — 190 тысяч.
На апошняй старонцы першага нумару «Сельской газеты» пазначаны наклад 19 476 асобнікаў. Да леташняга накладу не дацягнулі больш за 5 тысяч.
Прадавачка «Белдруку»: «Палову прывезеных газэт сьпісваем»
На першых старонках і «СБ. Беларусь сегодня», і «Сельской газеты» за 5 студзеня — навагодні зварот Аляксандра Лукашэнкі, які прагучаў у эфіры 31 сьнежня.
У даволі вялікай краме «Белдруку» ў цэнтры Менску на паліцы — 12 экзэмпляраў непрададзенай «СБ. Беларусь сегодня» за 31 сьнежня. Прадавачка прызналася, што звычайна палова газэт, якія прывозяць, ідзе на сьпісаньне — не раскупляюцца.
«Шмат сьпісваем „СБ. Беларусь сегодня“, прыкладна палову. У мінулы чацьвер прывезьлі 22 асобнікі, 12 не прададзена. Хаця ў гэтай газэце ёсьць праграма. Наагул, набываюць у асноўным газэту людзі сталага веку дзеля тэлепраграмы, бо яна даволі танная — 65 капеек каштуе. Лепш разыходзіцца яшчэ, калі там друкуюцца вялікія красворды.
Што да „Сельской газеты“ ці „Мінскай праўды“, просім прывозіць па 1-2 экзэмпляры, бо попыту на іх няма», — кажа прадавачка крамы «Белдруку».
Прымусовай падпіскі ніхто не адмяняў
А вось што да прымусовай падпіскі, з гэтым цяпер вялікія складанасьці. Чыноўніца, якая працуе ў райвыканкаме даволі вялікага гораду Менскай вобласьці, прызналася, што сьпіс абавязковых выданьняў, якія трэба выпісаць на аддзел, зьменшыўся.
«Раней нас прымушалі ў абавязковым парадку выпісваць «СБ. Беларусь сегодня» і «Рэспубліку», а таксама абласную «Мінскую праўду» і раёнку. Плюс профільныя выданьні — «Настаўніцкую газету», «Народную асьвету». Цяпер — штосьці адно: «„СБ“ альбо „Рэспубліку“, і альбо абласную, альбо раёнку. Ну, і профільныя выданьні засталіся. Звычайна на падпіску скідваемся ўсім аддзелам.
Цікава, што заводы цяпер адмаўляюцца ад прымусовай падпіскі. На нарадзе ў райвыканкаме галоўны ідэоляг скардзіўся на гэта і казаў, што надзея цяпер толькі на ўстановы адукацыі і сьвядомых дзяржаўных службоўцаў», — расказала чыноўніца з райвыканкаму.
«Гэта лёгіка бюракратычнай сыстэмы — выканаць любым коштам»
Навошта марнаваць бюджэтныя грошы, калі дзяржаўная прэса дрэнна раскупляецца, а вялікая колькасьць асобнікаў, якія трапляюць у шапікі «Белдруку», сьпісваецца?
Мэдыяэкспэрт Павал Быкоўскі лічыць, што гэта праява нават не прапаганды, якая можа быць і эфэктыўнай, і неэфэктыўнай, а бюракратычнай сыстэмы.
«Тое, што грошы марнуюцца, трацяцца неэфэктыўна, чыноўнікаў хвалюе ня ў першую чаргу. На дадзеным прыкладзе мы бачым, што ёсьць паказчыкі, якія чыноўнікі выконваюць, ці прынамсі спрабуюць выканаць, любым коштам. І ёсьць паказчыкі, якія яны спрабуюць „падмаляваць“, каб не атрымаць „наганяй“, што яны ня выканалі патрабаваньні начальства.
Ёсьць лёгіка працы бюракратычнай сыстэмы: „важна, што я буду справаздачыць перад сваім непасрэдным начальнікам“.
Паколькі існуе ланцужок справаздачнасьці, то паміж, можа, і разумным выкананьнем зьверху і канкрэтным выкананьнем зьнізу атрымліваецца шмат перадатачных сыстэм, якія даводзяць усё да поўнага абсурду», — тлумачыць Паўлюк Быкоўскі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com