Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Банальны шантаж і вымагальніцтва» — пісьменьніца Яўгенія Пастарнак пра прымусовую падпіску


Яўгенія Пастарнак

«Калі кажуць, што ніякай абавязковай падпіскі на "СБ. Беларусь сегодня" няма, гэта — абсалютная хлусьня. І самае сьмешнае, што ўсе пра гэта ведаюць», — так пракамэнтавала Свабодзе сытуацыю з прымусовай падпіскай беларуская пісьменьніца і экспэртка ў галіне адукацыі Яўгенія Пастарнак. Летась яна зьвярталася з адкрытым лістом да галоўнага рэдактара газэты «СБ. Беларусь сегодня» з заклікам пакласьці канец прымусовай падпісцы на гэтае выданьне.

— Міністэрства адукацыі нядаўна выпусьціла чарговае распараджэньне аб тым, што ніхто ня мае права прымушаць нікога да падпіскі. Чарговае «бла бла бла». Фішка ў тым, што міністэрства адукацыі гаворыць адно, а выканкамы — іншае. У школы сытуацыя незайздросная, таму што яна ў любым выпадку «атрымае па галаве». Калі яны ня будуць падпісвацца, «атрымаюць на галаве» ад свайго непасрэднага начальства — упраўленьня адукацыі выканкаму, таму што нормы на падпіску спускаюцца адтуль. А калі хто-небудзь выкладзе такі запіс і дакажа, што кагосьці прымушалі падпісвацца, то яны тым больш «атрымаюць па галавае», таму што міністэрства адукацыі сказала, што нельга прымушаць падпісвацца. Яны — крайнія ў любым выпадку.

Што тычыцца самой сытуацыі з падпіскай, то я лічу, што ўсё гэта на сумленьні бацькоў. Да таго часу, пакуль бацькі даюць грошы, пакуль яны падпісваюцца, гэтая агіднасьць будзе працягвацца. Наіўна чакаць, што прыляціць чараўнік на блакітным гелікоптэры і скасуе абавязковую падпіску. Гэта грошы. Яны іх зьбіраюць цалкам пасьпяхова. І ніхто не зьбіраецца ад гэтага адмаўляцца. Лічбы спускаюцца зьверху, нормы выконваюцца, усім добра. Адзіны спосаб спыніць гэтае ганебнае кола — спыніць падпісвацца.

— Як чуваць з аўдыёзапісу, настаўніца гаворыць вучням пра тое, што і яна павінна падпісвацца на «Настаўніцкую газэту».

— Гэта яе праблемы. Нам у дзяцінстве казалі ўвесь час: «А калі ўсе з даху будуць скакаць, ты таксама скокнеш?» Я гэтую фразу са сваёй школы памятаю вельмі добра. Мала лі хто што робіць. Так можна запытацца ў настаўніцы: «Ці ты таксама будзеш з даху скакаць, калі ўсе скокнуць?» Кожны прымае рашэньні сам. Мы ўсе дарослыя людзі, жывем у свабоднай краіне і ў нас няма абавязковай падпіскі. Калі вы дашляце запыт у любы дзяржаўны орган, вам адкажуць, што ў нас у краіне няма абавязковай падпіскі. На самой справе гэта банальны шантаж і вымагальніцтва. Гэта вельмі дзейны спосаб, гэтае вымагальніцтва працуе. Хочаце паддавацца? Паддавайцеся. Ня хочаце? Не паддавайцеся.

— Які быў вынік ад вашага звароту да галоўнага рэдактара газэты «СБ. Беларусь сегодня»?

— У перадачы на адным з цэнтральных беларускіх тэлеканалаў галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Дзьмітрый Жук расказваў, якая я дрэнная, як я паклёпнічаю, і што насамрэч ніякай абавязковай падпіскі няма. А былы рэдактар Павал Якубовіч у той жа перадачы расказваў, што насамрэч настаўнікам выдаткоўваюць спэцыяльна грошы на падпіску, і таму ніякіх сваіх грошай ніхто ня траціць. Дзяржава грошы настаўнікам выдаткоўвае, і яны абавязаныя падпісвацца, таму што гэта — дзяржаўная газэта, і яны павінны быць у курсе. Грошы сапраўды выдаткоўваюць настаўнікам, 4 ці 5 рублёў, але гэта грошы на мэтадычную літаратуру. Калі мы хочам, каб нашы настаўнікі не пакупалі сабе мэтадычную літаратуру, а пакупалі газэту «СБ. Беларусь сегодня», то няма пытаньняў, тым больш, што сума, якая выдаткоўваецца, не пакрывае нават падпіску на адну газэту.

Роўна год таму (сёньня Фэйсбук нагадаў мне) мне пазванілі з газэты «СБ. Беларусь сегодня» і папрасілі ўказаць нумары школаў, дзе адбываецца гэтае бязладзьдзе, таму што яны ўпершыню пра гэта чуюць, і ім ніхто пра гэта ніколі не гаварыў, і ніякай абавязковай падпіскі на гэтую газэту не існуе. Я ня ведаю, што з гэтым рабіць, таму што гэта — абсалютная хлусьня. І самае сьмешнае ў гэтай хлусьні, гэта тое, што ўсе пра гэта ведаюць.

***

​У рэдакцыю Свабоды даслалі аўдыё, на якім чуваць, як з вучняў 180-й сярэдняй школы Менску патрабуюць здаць грошы за падпіску на газэту і часопіс. У размове з клясай настаўніца пераходзіць на крык.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG