Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі падпіска. Настаўнікаў прымушаюць набываць лятарэйкі


Лятарэйны білет лятарэі «Гамяльчанка», фота з афіцыйнага сайту
Лятарэйны білет лятарэі «Гамяльчанка», фота з афіцыйнага сайту

«У мэтах выкананьня ліста райвыканкаму неабходна атрымаць лятарэйныя білеты да 10.06.2019 году паводле сьпісу». Такую прапанову за подпісам начальніка аддзелу адукацыі райвыканкаму атрымалі кіраўнікі ўстаноў адукацыі аднаго з раёнаў Гомельскай вобласьці. Дакумэнт Свабодзе перадалі чытачы.

Кіраўнікам школаў і дзіцячых садкоў «неабходна атрымаць» лятарэйныя білеты «Гамяльчанка». Кошт адной — 2,5 рубля. Дырэктары школаў райцэнтру мусяць выкупіць па сем лятарэек, вясковых школаў і дзіцячых садкоў — па чатыры, усяго 69 білетаў.

У Гомельскай вобласьці, з улікам абласнога цэнтру — 25 раёнаў. Калі адпаведныя «прапановы» атрымалі ўсе садкі і школы вобласьці, то як мінімум 1725 лятарэйных білетаў будуць выкупленыя.

Заснавальнікам лятарэі «Гамяльчанка» зьяўляецца Гомельскі аблвыканкам.

Мэтамі правядзеньня лятарэі называецца «атрыманьне дадатковых сродкаў для фінансаваньня мерапрыемстваў»:

  • па набыцьці спартовага абсталяваньня для школаў сыстэмы адукацыі Гомельскай вобласьці, а таксама спартовых устаноў;
  • па набыцьці спартовай формы і спартовага інвэнтару для спартакіяд;
  • па ўмацаваньні матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў і прытулкаў,
  • па ахове аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.

Розыгрышы праводзяцца двойчы на год.

Паводле рашэньня Гомельскага аблвыканкаму аб заснаваньні лятарэі «Гамяльчанка», удзел у ёй зьяўляецца свабодным. Рэалізуюць лятарэйныя білеты «пры выкананьні прынцыпу добраахвотнасьці».

Гомельскі аблвыканкам: ніякіх распараджэньняў не давалі

Гомельскі аблвыканкам, ілюстрацыйнае фота
Гомельскі аблвыканкам, ілюстрацыйнае фота

​Начальнік Галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Сяргей Парошын сказаў карэспандэнту Свабоды, што іх упраўленьне «займаецца толькі адукацыяй».

«Ніякіх распараджэньняў набываць лятарэйныя білеты, „Гамяльчанка“ ці не „Гамяльчанка“, мы не давалі. Таму вы не па адрасе», — адзначыў Парошын.

Ён сказаў, што ня ведае, хто мог распаўсюджваць лятарэйкі. Але лічыць, што настаўнікі самі павінны вырашаць, набываць іх ці не.

«Ад галоўнага ўпраўленьня ці ад упраўленьня іншага мы ніякіх даручэньняў не давалі».

Сяргей Парошын сказаў, што ён пакуль не набываў лятарэйных білетаў і яму іх «ніхто не прапаноўваў»: «Калі б прапаноўвалі, я купіў бы, бо я гамяльчанін».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG