Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аблава на менскія двары. Увечары затрымалі людзей з Уручча, Новай Баравой і Захаду

абноўлена

Затрыманьне ў Новай Баравой

Невядомыя ў цывільным білі людзей і пагражалі зброяй.

Вікторыя Мароз апавяла «Нашай ніве», як у Новай Баравой затрымалі ейнага мужа Віктара.

«Сёньня ўвечары мы сям’ёй выйшлі на прагулку. Позна? Дык у нас двор упрыгожаны, стаіць ялінка. Дзіця вельмі хацела. У двары муж сустрэў знаёмага, спыніўся пагаварыць, мы стаялі троху побач. Дзіця ўзяло з сабой ліхтарык, сьвяціла на цацкі ці нешта такое.

І тут я бачу сытуацыю: бяжыць дзяўчына, за ёй бягуць двое мужчын, гэта ўсё выглядае як напад, я крычу: „Вы што робіце? Вы хто такія? Што адбываецца?“ Сын пачынае хавацца пад ялінкай. Мой муж гэтаму чалавеку кажа, каб пакінуў дзеўку, а той, ні слова не кажучы, дастае пісталет — гэта ўсё бачыць дзіця, — і б’е мужа нагой у жывот.

У нас думка, што гэта нейкія бандыты, яны не прадстаўляюцца. Людзі ў нейкіх каляровых масках, спартовых касьцюмах. Крычаць, каб мы каціліся адтуль. Куды? Мы тут жывем! Першая думка — паклікаць на дапамогу.

Але на заклік прыбеглі такія ж самыя і пачалі круціць майго мужа, біць. Я ўчапілася ў аднаго, у мяне цякуць сьлёзы, я кажу — вось наш сын, ён усё бачыць, што ж вы робіце? А адзін з іх хапае мяне за горла, — я думаю, гэта быў нейкі прыём, бо ў мяне заняло дыханьне, можа, артэрыю пераціснуў, ці што, бо падкасіліся ногі, — я адпусьціла рукі. Мужа пацягнулі. У мяне пытаньне, калі гэта органы — то ад каго яны мяне „абаранялі“? Мой сямігадовы сын плача, што хоча зьехаць адсюль, што яму „надакучыла жыць“ — адкуль у яго ў гэтым узросьце такія думкі?» — эмацыйна расказвае жанчына.

Віктар Мароз — фігурант справы «Белага легіёну». У 2017 годзе ён адседзеў 100 дзён за кратамі. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі сваякі.

Раніцай 6 студзеня Віктара зь Першамайскага РУУС прывезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі. «У яго праблемы з шыяй, моцныя ваніты, страсеньне мозгу», — паведамілі «Нашай Ніве» сябры Віктара.

«У нашым двары па вуліцы Ложынскай забралі ўсіх мужчын-суседзяў, зь якімі выходзім папіць гарбаты і пагутарыць па вечарах. Прыехалі два мікрааўтобусы і чалавек 30 у балаклавах і спартовай вопратцы», — паведаміла чытачка Tut.by з Уручча.

Праваабаронцам «Вясны» вядомыя наступныя імёны затрыманых:

  1. Бандарэнка Аляксандар (Першамайскае РУУС)
  2. Банцарэвіч Уладзімер (Першамайскае РУУС)
  3. Боднар Валеры (Першамайскае РУУС)
  4. Вітко Яўген (Першамайскі РУУС)
  5. Жылко Яраслаў (Першамайскае РУУС)
  6. Каваленка Дзяніс (Першамайскае РУУС)
  7. Карташова Алена (адвезлі ў Фрунзенскае РУУС)
  8. Кінаш Андрэй (5 ГКБ)
  9. Кірыльчык Аляксандар (Першамайскае РУУС)
  10. Ламейка Уладзімер (Першамайскае РУУС)
  11. Мароз Віктар (у Новай Баравой)
  12. Мартынаў Арцём (Першамайскае РУУС)
  13. Марчук Сяргей (Першамайскі РУУС)
  14. Рудзеня Генадзь (Першамайскае РУУС)
  15. Сабалько Алена (адвезлі ў Фрунзенскае РУУС)
  16. Філіповіч Юлія (Фрунзенскае РУУС)
  17. Хоміч
  18. Чыстоў Дзмітры (Першамайскі РУУС)
  19. Шуканаў Арцём (Першамайскае РУУС, затрыманы каля Ложынскай,7)
  20. Юрэвіч Павел (Першамайскае РУУС)
  21. Якута Сьвятлана (Першамайскі РУУС)

Паводле тэлеграм, каналу «Сьпісы Акрэсьціна», траіх затрыманых зь Першамайскага РУУС адвезьлі ў шпіталі:

  • Андрэя Кінаша — у 5-ы шпіталь,
  • Віктара Мароза — у шпіталь хуткай дапамогі,
  • Дзьмітрыя Чыстова — у 5-ы шпіталь.

Канал мае зьвесткі пра 23 затрыманых.

На затрыманьні ў дварах адрэагавала Сьвятлана Ціханоўская.

«У Беларусі цяпер адныя і тыя ж людзі аддаюць загады біць і затрымліваць людзей у іхных уласных дварах і плянуюць сходы, якія называюць усебеларускімі і народнымі. Відавочна, што той, хто дазваляе сабе біць беларуса, ня мае ніякага права прадстаўляць ягоныя інтарэсы. Мы не перагорнем ніякую старонку пасьля таго, як у родных раёнах нам пагражаюць зброяй. Мы будзем стаяць на сваім, пакуль не пабудуем тую краіну і ўладу, якую заслугоўваем», напісала яна ў тэлеграм-канале.

4 студзеня пасьля сустрэчы з Лукашэнкам генпракурор Андрэй Швед сказаў у эфіры «Беларусь-1», што перад пракуратурай стаіць задача выяўленьня і спыненьня «так званых фактаў дваровых пратэставых акцый». Швед заявіў, што большасьць пратэставых акцый «ажыцьцяўляецца за грошы замежных спонсараў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG