Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Севярынец: З новым годам Зубра, рэвалюцыя!


16 жніўня 2020 году. Менск.
16 жніўня 2020 году. Менск.

Хтосьці кажа: рэвалюцыя скончылася, і скончылася паразай. Хтосьці кажа: рэвалюцыя і не пачыналася. А рэвалюцыя проста сьвяткуе Новы год.

І гэта надзвычай важна: тое, што мы даём сабе час павіншаваць блізкіх і дарагіх, даём сабе час адпачыць і пераключыцца, даём сабе час сабрацца за сьвяточнымі сталамі і загадаць адно на ўсіх жаданьне. Мы павінны берагчы сябе і сваіх родных, мы мусім памятаць, што жыцьцё працягваецца, мы хочам захаваць уменьне быць шчасьлівымі нават цяпер.

А яшчэ нам патрэбен час на роздум.

Апошні год мы пражылі на гранічных эмоцыях. Падзеі, уражаньні і «ашчушчэнія» валіліся на нас зь неймавернай хуткасьцю і страшнай сілай. Ня кожнаму пакаленьню ў гісторыі выпадае апынуцца пасярэдзіне такіх маштабных і неспасьцігальных віроў.

Мы не пасьпявалі думаць і рэфлексаваць, пасьпявалі толькі адчуваць і дзейнічаць — сьпешна, адчайна; калі ў роспачы, калі ў апошнім ліхаманкавым спадзеве.

Нам усім трэба цяпер «на ручкі», да матуляў, бацькоў і бабуляў, да камінаў ці вогнішчаў на пару дзён — перавесьці дых. І самае галоўнае — паразважаць.

Цяпер надыходзіць час халоднай галавы і сьмелага розуму. У нас ёсьць літаральна некалькі дзён, пакуль па нашай зямлі крочыць сьвята, каб азірнуцца, зрабіць высновы, перагрупавацца, ацаніць здабыткі і страты і нарэшце распрацаваць тактычны плян. Не адзін на ўсіх — я працягваю думаць, што дэцэнтралізацыя і адсутнасьць выразных публічных лідэраў ёсьць нашай галоўнай перавагай.

Не адзін на ўсіх — але шмат плянаў з адзінай мэтай: новыя выбары, вызваленьне палітвязьняў, новая краіна. У годзе, які сыходзіць, мы ўсе гэта выразна адчулі. У новым мы мусім ня столькі адчуваць, колькі думаць.

Мне не хацелася б агучваць кірункі гэтых думак: я ведаю, што мы ў мурашніку і ня толькі адчуваем супольна, але і думаем у адных і тых жа кірунках. Да таго ж нашыя пляны, на колькі гэта магчыма, не павінны быць публічнымі. Яны мусяць агучвацца ў тых новых формах і на тых новых пляцоўках, куды няма ўваходу чужым. Але я хачу яшчэ раз паўтарыцца: надыходзіць час халодных разваг і няўхільнага, канцэнтраванага, сьціслага ў часе плянаваньня. У нас жорсткі таймінг — літаральна некалькі дзён.

Але мы зможам.

Наогул, калі думаць над нашымі сапраўднымі перавагамі, якімі валодае новая Беларусь у параўнаньні са старой, яны ўкладуцца ў тры парамэтры. Мы ўмеем адчуваць. Мы ўмеем спачуваць. Мы ўмеем думаць. Нічога гэтага ня ўмее рэжым, які адыходзіць.

Я жадаю нам усім у будучым годзе моцы. Спакойнай, разважлівай моцы зубра, гаспадара пушчаў і палёў, нясьпешнага волата, адроджанага з колішняга нябыту, выпеставанага ў запаведніках і адноўленага насуперак гістарычнай лёгіцы зьнікненьня. Я жадаю нам усім надзейных пушчаў — дзе мы гаспадарым, дзе нас бароніць сама зямля. Я жадаю нам вуліц і плошчаў. Жадаю нам кабінэтаў і офісаў, у якіх трэба будзе напружана і натхнёна працаваць.

Я жадаю нам здароўя і бясьпекі. Жадаю нашым родным і блізкім, сябрам і знаёмым хутчэй вярнуцца з-за турэмных кратаў дадому.
І я жадаю нам усім пазбавіцца ад пацукоў унутры сябе. Мы цяпер змагаемся не з адным чалавекам, і нават не зь дзясяткам нейкіх вонкавых далёкіх ворагаў. Мы ў тым ліку мяняемся самі. Ад пацука да зубра.

Ня ведаю, што сказаў бы на гэта Дарвін, але беларусы, як захочуць, могуць тое-сёе даказаць і Дарвіну.


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG