Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я чалавек вуліцы». ​Ганна Севярынец пра штурм Курапатаў, паламаны лёс Колі і законы мурашніку


Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Настаўніца, пісьменьніца, літаратуразнаўца Ганна Севярынец, адна з арганізатараў сёлетняй «Ночы расстраляных паэтаў», аўтарка верша «Страляй у мяне, але думай пра Колю» — пра тое, што вершы цяпер ня ўзьдзейнічаюць, пра «ўзяцьце курапацкай вышыні» ў нядзелю, законы рою ці мурашніку на цяперашніх маршах і пра Колю Лукашэнку, аб якім ніхто ня думае.

Сьцісла

  • Цяпер зь імі трэба сустракацца не ў прасторы вершаў і словаў, а на вуліцы, і там вырашыцца, будзе ці ня будзе ён страляць.
  • Мне бясконца шкада Мікалая Аляксандравіча. Яму паламалі лёс, паламалі характар, паламалі асобу.
  • Раней шэсьці на Курапаты былі шэсьцямі памяці, а цяпер гэта быў ня марш на Курапаты, а гэта быў штурм Курапатаў.
  • Курапаты ня могілкі, гэта наша вышыня і эпіцэнтар таго, што цяпер адбываецца. І гэтую вышыню грамадзтва павінна было ўзяць з боем праз пакуты, кроў і жах на полі.
  • Не з 26 гадамі Лукашэнкі і не са стогадовым таталітарызмам ідзе барацьба, а з 300-гадовым. Ад падзелу Рэчы Паспалітай кожныя трыццаць гадоў Беларусь падымаецца.

Чаму ня дзейнічаюць вершы і заклікі не страляць

Мы, дасьледчыкі 1930-х, якія працавалі з пратаколамі, дакумэнтамі і, здаецца, той час разумеем лепей за многіх, усё ж былі тэарэтыкамі. А на практыцы я аказалася не гатовая да сваіх перажываньняў. Цяпер, знаходзячыся ўнутры, я б наогул не зьвярталася ні зь якімі вершамі, ні зь якімі заклікамі, таму што яны ня дзейнічаюць. Ніякія словы, ніякія паводзіны людзей з нармальнымі каштоўнасьцямі ня ў стане кагосьці спыніць.

Усе, у каго нейкае сумленьне яшчэ было, ужо звольніліся. Я не магу сабе ўявіць, каб чалавек зь нейкімі рэшткамі сумленьня працаваў бы там па сёньня. Але «чалавек з ружжом» яго ўсё ж апусьціў у нядзелю перад хлопцам, калі той расхінуў куртку, крыкнуў «Страляй» і пайшоў на яго. Цяпер зь імі трэба сустракацца не ў прасторы вершаў і словаў, а на вуліцы, і там будзе вырашацца, будзе ці ня будзе ён страляць.

Хто думае пра Колю

Калі крышачку абстрагавацца ад сёньняшняй сытуацыі, як настаўніца і як маці я думаю, што наогул пра Колю асабліва ніхто ня думаў. Мне бясконца шкада Мікалая Аляксандравіча. Яму паламалі лёс, паламалі характар, паламалі асобу. Сытуацыі, у якіх ён апынаецца і знаходзіцца, нездаровыя. Ненармальна расьці ў такой атмасфэры.

Чаму трэба было ісьці на Курапаты іншым маршрутам

Па маіх адчуваньнях, гэта быў вузлавы марш. У ім сышлося шмат рэчаў, шырэйшых, чым проста мірны пратэст за свабодныя выбары. На сьветаўспрыманьне людзей, якія шмат гадоў рыхтавалі цяперашнюю хвалю, заклалі яе падмурак, наклалася практыка 11 папярэдніх маршаў, на якія мы схадзілі. Гэта зусім іншая практыка і зусім іншае адчуваньне. Нават фізычна, калі ідзеш у маршы, ты разумееш, колькі людзей побач, на якой адлегласьці ад цябе ідуць людзі, ці ідуць яны па ходніках, ці вы яшчэ ўмяшчаецеся ў праезную частку, за колькі хвілін вы праходзіце вузкае месца. Ёсьць такія рэчы, якія ты проста адчуваеш целам, калі ідзеш на марш.

І калі я пабачыла аб’яву і гэты маршрут, проста адчула целам, што будзе адбывацца. Я не адчула расчараваньня, я не спужалася, усё адбылося так, як я сабе ўяўляла, ведаючы, што такое цяперашнія маршы і што такое шлях на Курапаты ад парку Чалюскінцаў. Каб людзі сабраліся ля стэлы, адтуль таксама можна было дайсьці да Курапатаў. Было б значна прасьцей і больш слушна ісьці па Багдановіча, нашым звычайным маршрутам, простым, без паваротаў і праблематычных вуліцаў, якія немагчыма прайсьці вялікай калёнай.

Чаму гэта быў штурм Курапатаў

Тут сышліся стары погляд папярэднікаў і погляд новай хвалі. Раней шэсьці на Курапаты былі шэсьцямі памяці. А цяпер, слушна нехта напісаў у сацсетках, гэта быў ня марш на Курапаты, а гэта быў штурм Курапатаў. Калёна пасьля разгрому, тое, што ад яе засталося, ішла туды ня ў стане суму, а яна ішла туды, як на бой, як на бітву. Гэта сапраўды быў штурм. Людзям трэба было ўварвацца ў гэтую прастору і абазначыць, што яны занялі вышыню. І трэба было разумець, што людзі туды прыйдуць у настроі пераможцаў, і яны маюць права на гэты настрой. Я рада, што такі настрой там быў. Калі разважаць у нейкіх містычных катэгорыях, я ўпэўненая, што тыя, хто ляжыць у Курапатах, былі б рады адчуць і ведаць гэты настрой.

Чаму маршы маюць псыхалёгію мурашніку ці рою

Трэба вывучаць псыхалёгію гарызантальных сувязяў, псыхалёгію рою альбо мурашніку, калі 200 тысяч, гатовыя выйсьці на марш, адчуваюць адно і тое ж. Целам, нейкімі вусікамі. І, калі бачаць няўдалы маршрут, нават не аналізуюць, проста адчуваюць. Я чалавек вуліцы, не ўваходжу ні ў якія групы, якія распрацоўваюць стратэгію, я проста разумею, што такое роевая сьвядомасьць. Тое, што адчула я, калі даведалася пра маршрут, упэўненая, адчулі тысячы людзей.


Чаму кожны можа стаць лідэрам калёны

Калі раней ішлі маршы на Курапаты, заўсёды быў лідэр, быў чалавек, які ідзе наперадзе, чалавек, які нясе звон, які арганізуе мітынг. А цяпер у пратэстаў няма ані лідэраў, ані людзей, якія стануць наперадзе. Наперадзе можа апынуцца хто заўгодна. Мы ж ня ведаем, як сфармуецца калёна, хто адкуль падыдзе і каго адкуль пусьцяць. І людзі, якія апынуцца наперадзе, проста могуць ня ведаць, як ісьці ад Чалюскінцаў у Курапаты. Любы чалавек можа стаць перад неабходнасьцю камандаваць калёнай. Я аднойчы была ў галаве калёны і бачыла гэты момант.

Гэта працэсы, невядомыя людзям, якія хадзілі на шэсьці раней. І ў нядзелю не было месца, дзе імгненныя лідэры маглі стаць і параіцца. Улічыце, што няма ніякай сувязі, ніякай магчымасьці каардынавацца, усё адбываецца ў вельмі стрэсавым рэжыме.

Мы заўсёды імкнемся зьбіцца ў грамаду, бо тады ня страшна. Калі ідзе вялікая калёна, яна павінна мець вялікую прастору. Напісалі, што ў нядзелю марш быў меншы за 100 тысяч. Ня быў. Людзей было вельмі шмат, былі тысячы людзей, якія не знайшлі калёну, былі тысячы аўтамабілістаў, якія не знайшлі, дзе прыпаркавацца, дзе выйсьці і да яе прымкнуць.

Чаму Курапаты ня могілкі

Намі цяпер кіруе гісторыя. Мы знаходзімся ў моманце канцэнтрацыі гістарычных сувязяў і шляхоў, калі кожны чалавек нешта робіць, але вырашае агульная, гістарычная справядлівасьць і заканамернасьць. І гэты марш, абсалютна правальны з пункту погляду карцінкі і арганізацыі, успрыняўся мной як пераможны. Бо людзі ўзялі гэтую вышыню. Гэта гучыць дзіўна для тых людзей, якія хадзілі туды як на могілкі, але Курапаты ня могілкі — гэта наша вышыня і эпіцэнтар таго, што цяпер адбываецца. І гэтую вышыню грамадзтва павінна было ўзяць з боем — праз пакуты, кроў і жах на полі.

З чым папраўдзе змагаюцца мірныя пратэстоўцы

Тое, што ідзе змаганьне Дабра са Злом, не сказаў толькі лянівы. Гэта адчуваюць усе. Але ў гістарычных фармулёўках я б нават пашырыла — не са стогадовым таталітарызмам ідзе барацьба, а з 300-гадовым, ад падзелу Рэчы Паспалітай мы ўключаныя ў гэты цыкль. З 1795 году кожныя 30 гадоў Беларусь падымаецца. Паглядзіце на стужку часу і ўспомніце ўсе беларускія паўстаньні. Цяпер 30 гадоў пасьля 1990-х.

Калі людзям спрабуеш тлумачыць, што мы не 26 гадоў перамагаем цяпер, першае, што я бачу ў вачах, — гэта жах, што мы цягнем на сабе такую ролю; а другое, што я бачу ў вачах, — гонар. Людзі цяпер у памежным стане, яны ўсе героі, гатовыя ў любы момант на гераічны ўчынак. Кожны дзень дзясяткі, сотні герояў зьяўляюцца. Калі яны разумеюць, якую задачу на іх усклала гісторыя, які пачэсны цяжар, за колькіх спакутаваных людзей яны могуць цяпер перамагчы, якім коштам даецца перамога і колькі яна будзе важыць, людзі распраўляюць плечы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG