Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распрацоўнік Акту аб дэмакратыі ў Беларусі пра Лукашэнку і ягонае атачэньне: «Мы ня спынімся, пакуль іх не пасадзяць за краты»


Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт.
Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт.

Аўтар новай рэдакцыі Закону аб дэмакратыі ў Беларусі Крыстафэр Сьміт выказаўся пра санкцыі для парушальнікаў правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь і рычагах уплыву ЗША на афіцыйны Менск.

Інтэрвію з кангрэсмэнам Крыстафэрам Сьмітам апублікаваў «Голас Амэрыкі» пасьля прыняцьця 21 сьнежня законапраекту верхняй палатай парлямэнту ЗША.

«Пасьля таго, як мой законапраект будзе падпісаны прэзыдэнтам, гэта па-новаму аўтарызуе закон, якія я распрацаваў у 2004 годзе. Гэтая рэдакцыя закону ідзе нашмат далей, яна па-сапраўднаму ўпаўнаважыць прэзыдэнта на ўвядзеньне санкцый супраць гэтых людзей. Дакладна гэтак сама, як гэта зрабіў Эўразьвяз, які ўвёў санкцыі супраць 29 асоб. Такім чынам яны панясуць адказнасьць за сваю жорсткасьць, за тое, што не дапускаюць сапраўдную дэмакратыю, свабодныя і справядлівыя выбары.

Гэта хіба галоўны з законаў, якія я калі-небудзь напісаў. Ён дае Адміністрацыі прэзыдэнта дадатковыя інструмэнты для ўвядзеньня санкцый. Наступная адміністрацыя зможа пераняць эстафэту ў нашым імкненьні свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.

Я думаю, што міжнародны крымінальны суд павінен гэта ўсе разгледзець і расьсьледваць вельмі сур’ёзна. У Беларусі адбываюцца злачынствы супраць чалавечнасьці, і людзі, якія іх твораць, уключна з супрацоўнікамі міліцыі, павінны быць закліканыя да адказу.
Мы бачым, што такое ж адбываецца ў Нігерыі, дзе адбываюцца забойствы людзей, пра што я нядаўна праводзіў слуханьні. І тое самае адбываецца ў Беларусі, проста ў нас перад вачыма. Людзей жорстка зьбіваюць, і там ужо дайшло да забойстваў. Усё гэта павінна быць неадкладна спынена.

І яны павінны разумець: мы ня спынімся, пакуль яны не панясуць адказнасьць. Як былога прэзыдэнта Лібэрыі Чарльза Тэйлара пакаралі на 50 гадоў зьняволеньня ў С’ера-Леонэ і пасадзілі, гэтак сама трэба падыходзіць і да Лукашэнкі ды людзей, якія яго атачаюць: мы ня спынімся, пакуль іх не пасадзяць за краты».

Акт аб дэмакратыі ў Беларусі чакае подпісу прэзыдэнта ЗША

Сэнат ЗША ў панядзелак ухваліў двухпартыйны законапраект «Аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі» (Belarus Democracy, Human Rights, and Sovereignty Act). Дакумэнт накіраваны на подпіс прэзыдэнту Дональду Трампу.

Стаўшы законам, ён дазволіць, сярод іншага, заявіць, што ЗША не прызнаюць вынікаў фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 году, а таксама не дазволіць прызнаць Лукашэнку законна абраным лідэрам Беларусі.

Законапраект таксама заклікае да правядзеньня ў краіне новых прэзыдэнцкіх выбараў, якія адпавядаюць стандартам АБСЭ, і да неадкладнага вызваленая ўсіх палітычных заняволеных у Беларусі.

Акрамя ўсяго іншага, ЗША адмаўляюцца прызнаць любую інтэграцыю Беларусі ў так званую «саюзную дзяржаву» разам з Расеяй і пад яе кантролем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG