Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЗША ўхваліў Акт аб дэмакратыі для Беларусі


Капітолій у Вашынгтоне

Увечары 21 сьнежня Сэнат ЗША ўхваліў вялікі пакет заканадаўчых дакумэнтаў, сярод якіх і Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі.

«Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі» пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта ЗША ў справе ўвядзеньня новых санкцыяў супраць Беларусі, у тым ліку ў сувязі «са спрэчнымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2020 году і наступнымі рэпрэсіямі з боку ўраду».

Старшыня камітэту Сэнату ў міжнародных справах, рэспубліканец Джым Рыш, вітаў прыняцьце законапраекту: «Гвалтоўныя і няспынныя рэпрэсіі супраць мірных грамадзян, якія пратэстуюць супраць дыктатарскага кіраваньня спадара Лукашэнкі ў Беларусі, пярэчаць сумленьню. Прыняты сёньня законапраект пацьвярджае падтрымку з боку ЗША беларускаму народу і яго жаданьню мець больш свабодную і дэмакратычную будучыню».

Раней гэты законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу. Каб законапраект уступіў у сілу, яго яшчэ мае падпісаць прэзыдэнт ЗША.

Законапраект у Палаце прадстаўнікоў прадставіў кангрэсмэн Крыс Сьміт, які быў адным з аўтараў падобных законапраектаў 2004, 2006 і 2011 гадоў.

«Прэзыдэнт можа накласьці візавыя санкцыі на любога іншаземца, які зьяўляецца чальцом ЦВК Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 году, ёсьць дзяржаўнай службовай асобай, адказнай за рэпрэсіі супраць незалежных СМІ; службовай асобай „саюзнай дзяржавы“ або расейскай фізычнай асобай, якая актыўна ўдзельнічала ў рэпрэсіях супраць прэсы або парушэньнях правоў чалавека, зьвязаных з палітычным рэпрэсіямі ў Беларусі», — сказана ў тлумачэньні да законапраекту.

Абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі зьмяшчае таксама гэткія палажэньні:

  • заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;
  • прызнае Каардынацыйную раду, створаную на ініцыятыву экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;
  • заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;
  • падтрымлівае імкненьне беларускага народу да свабоды веравызнаньня;
  • прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;
  • недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША ў справе «непрызнаньня ўключэньня Беларусі ў „саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;
  • заклікае да распрацаваньня стратэгіі ЗША ў справе разьвіцьця тэле- і радыёвяшчаньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
  • прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктару.

Дакумэнт набудзе моц пасьля падпісаньня прэзыдэнтам ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG