Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы — коцікі, але з кіпцюрамі», — мастачка славутага цыклю карцін пра коцікаў і ваўкоў


Вольга Якубоўская

Мастачка з Наваполацку Вольга Якубоўская ўжо тры месяцы малюе карціны, дзе галоўныя героі — коцікі і ваўкі. На гэтыя працы яе натхнілі падзеі ў краіне.

У інтэрвію «Свабодзе» дзіцячая ілюстратарка расказала пра сваю творчасьць, дзяржаўны гвалт і неймавернасьць беларусаў.

«Малявала коціка, каб выцягнуць сябе з траўмы пасьля 9 жніўня»

— Вольга, раскажыце пра сябе. Вашыя працы з коцікамі цяпер навідавоку, але вы сама вельмі сьціплы чалавек, пра сябе шмат ня кажаце.

— Гэта праўда. Многія мастакі сядзяць у сваіх норках, малююць і выходзяць на людзі вельмі рэдка. Я выходзіла ў сьвет, калі адбываліся мае выставы. А рэшту часу працую дома. Мая майстэрня дома, таму я хатні чалавек. Ужо больш за 30 гадоў я жыву ў Наваполацку. Калісьці прыехала сюды па разьмеркаваньні з мастацкай вучэльні і вельмі доўга працавала мастаком на заводзе «Нафтан». 7 гадоў таму я сышла ў вольнае плаваньне. Калі б не сышла, то напэўна цяпер не было б гэтага ўсяго. Бо маляваньне займае вельмі шмат часу. Больш за 30 гадоў я прафэсійна займалася карцінамі са скуры. Яны выкананыя ў аўтарскай тэхніцы, я яе прыдумала сама і мяне многія ведаюць па гэтых карцінах. Акрылавым жывапісам я займаюся менш за два гады. Мяне вельмі зачапіла тэхніка жывапісу Сьвятланы Румак, ёсьць такая цудоўная расейская мастачка. У яе ёсьць уласная школа, і я вучань гэтай школы. Вынікам сталі акурат мае коцікі, бо гэта тэхніка акрылу на паперы.

— А чаму вы абралі менавіта вобраз коцікаў?

— Я таксама дзіцячы ілюстратар, сьвет дзяцінства мне вельмі блізкі. Коцікі і ваўкі — гэта сьвет казак. Мне прасьцей глядзець на сьвет праз гэтую прызму. Беларусы — коцікі, маюць лапкі і кіпцюры. Гэта вельмі вядомы выраз, які быў і ў жніўні, і пасьля. Я сябе таксама адчуваю коцікам. Думаю, што многія, хто бачыць мае працы, менавіта так сябе і адчуваюць. Мы вельмі добрыя людзі, працавітыя, законапаслухмяныя. Коцікі-коцікі. І людзей, якіх я малюю, я бачу менавіта такімі коцікамі. Вельмі рознымі, але бясспрэчна вельмі добрымі.

— А якая была першая карціна з коцікамі?

— Ніна Багінская. Зь яе пачаўся цэлы цыкл. Бо калі я малявала першую працу, то ня ведала, што будзе цэлы цыкль. Я сябе выцягвала са стану траўмы, у якой мы ўсе былі пасьля 9 жніўня, а некаторыя ў ёй і дагэтуль. У нас, на жаль, траўмаваная краіна. Кожны з траўмы выходзіць па-свойму. Я першыя дні ўвогуле ня ведала, што рабіць. Ня ведала, чым займацца, бо ўсё валілася з рук. Я не разумела, што буду рабіць далей. Але калі я пабачыла Ніну Багінскую са сьцягам, якая ідзе побач зь вялізнымі АМАПаўцамі — а яна вельмі невялікага росту — цудоўны, сьветлы і чысты чалавек, і я падумала, як так, я ў рассыпаным стане, а ў бабулі, якая са сьцягам ходзіць 30 гадоў, сілы ёсьць, яна нічога не баіцца.

Я зьбіралася 2 гадзіны: ката ж ты намаляваць ужо можаш. І калі я малявала коціка, то зразумела, што гэта Ніна. А фон, ваўкі, намаляваўся сам і застаўся так. Я рабіла гэта, каб «выцягнуць» сябе, а выявілася, што гэта шмат каму патрэбна. Цяпер я разумею, што многім трэба проста глядзець на добрыя карцінкі і ім робіцца лягчэй, і дзякуй Богу.

— Гэтую карціну, дарэчы, Вы падаравалі самой Ніне?

— Так. Мне дапамагла дачка, якая жыве ў Менску. Яна вельмі радасна паразмаўляла зь Нінай. Ніна сьветлы чалавек, са стрыжнем. Выдатна, што ў нас у краіне ёсьць такія людзі. Для мяне яна герой Беларусі.

«Натхняе проста мінак на вуліцы, які ідзе з высока ўзьнятай галавой»

— Колькі ўжо сёньня ў вас малюнкаў з коцікамі?

— Больш за 30 сюжэтаў. Частку я ўжо падаравала тым, каму яны прызначаліся. Частка чакае сваёй чаргі. Я спадзяюся абавязкова падараваць працу і Сьвятлане Ціханоўскай, і Машы Калесьнікавай, і многім іншым, каму я іх прысьвяціла. Шмат сюжэтаў круціцца ў галаве, але яны павінны скласьціся ў кампазыцыю. Гэта ж мае быць сюжэт з сэнсам, а ня проста коцік і воўк. Я працую без выходных, але тэхніка не дазваляе працаваць вельмі хутка.

— Колькі часу ідзе на адну карціну?

— Калі дакладна ведаю, што буду рабіць, то недзе два дні.

— Ці здаралася, што Вас нехта прасіў маляваць коцікаў, ці Вы толькі самі абіраеце сюжэты?

— Бывае па-рознаму. Часам просяць, падказваюць сюжэты. Вельмі шмат пішуць. Я ўвогуле захапляюся нашымі людзьмі, іх творчым патэнцыялам і салідарнасьцю. Пішуць з розных краін. І акурат цяпер у мяне ў галаве круціцца сюжэт пра нашую дыяспару, людзей, якія дапамагаюць усім чым могуць — і фінансава, і маральна. Яны просяць таксама іх намаляваць, бо яны таксама перажываюць за нас. Пэўныя сюжэты нараджаюцца самі. Ваню Красоўскага, наймаладзейшага палітвязьня, я намалявала, калі пабачыла фатаздымак.

Сядзіць хлопец на інвалідным вазку са сьцягам. Гэта як маланка. Я не змагла намаляваць гэты сюжэт. Пазьней праз фэйсбук я пазнаёмілася з вазочнікамі. Гэта шмат людзей, якія так жывуць, і гэта вельмі моцныя людзі, яны шмат што могуць зрабіць. Таксама ўжо даўно я хацела намаляваць журналістаў. Няправільна, калі чалавека забіраюць праз тое, што ён займаецца сваёй прафэсійнай дзейнасьцю. У мяне апошнім часам мала што ўкладаецца ў галаве. Стараюся ўсё пераводзіць у пазытыў, наколькі мага.

— Ці прапаноўвалі маляваць за грошы?

— Мне даводзіцца адмаўляцца. Я чалавек небагаты, але калі б я яшчэ займалася працамі на замову, то не рабіла б таго, што раблю цяпер. У мяне, на жаль, фізычна няма часу. Я б хацела маляваць хутчэй у разы тры, бо ў мяне прынамсі 10 сюжэтаў не намаляваныя. Напрыклад, нашыя цудоўныя студэнты. Са спартоўцаў намалявала Лену Леўчанку, таксама падарую гэтую працу ёй. Выдатна, што ў нас ёсьць такія людзі, на якіх хочацца раўняцца. Калі я гляджу, што яны робяць, наколькі ў іх хапае адвагі, каб усё гэта перанесьці, то проста захапляюся. Калі мяне пытаюць, што мяне натхняе, то натхняе ўсё, абсалютна кожны чалавек. Натхняе проста мінак на вуліцы, які ідзе з высока ўзьнятай галавой. Гэта так выдатна, гэта адчуваецца. У мяне цяпер зьявілася столькі сяброў, што пры іншым раскладзе я б нават не дазналася, што такія людзі ёсьць.

«Памятаць свой род, ведаць свае карані — гэта выдатна»

— Адну са сваіх карцінаў вы падаравалі «Вольнаму хору». Вы, дарэчы, былі на іх канцэрце. Раскажыце, якія ў вас былі там пачуцьці?

— Пра «Вольны хор» я дазналася, як і ўсе, з ролікаў у інтэрнэце. Гэта вельмі ўражвае. Я вельмі люблю музыку, у мяне ёсьць сябры-музыканты, і я да музыкантаў заўсёды ставілася як да жыхароў неба. Чым чалавек не валодае, тым ён захапляецца. Яны ўзьнікаюць у пэўным месцы і сьпяваюць, настройваюць людзей на добры лад. Беларускія песьні — з глыбіні вякоў. Памятаць свой род, ведаць свае карані — гэта выдатна. Я ўжо даўно хацела іх намаляваць. І ў той дзень, калі я сабралася маляваць, Галіну Казіміроўскую арыштавалі. Гэта было вельмі дзіўна, сумна, я малявала са сьлязьмі.

Я тады ня ведала, што яна мае да іх нейкае дачыненьне, я проста плакала, што чалавека арыштавалі. А пазьней зразумела, што яна дырыгент. Ня ведаю, як так склалася. Так адбылося ўжо не ў адной працы. Свае працы я дару героям, таму падаравала карціну ўсяму хору ў яе асобе. Я была шчасьлівая, што ўсё так супала. Гэта была дзівосная і фантастычная падзея. Я дагэтуль пад уражаньнем.

«Людзі ня будуць любіць таго, хто іх біў палкамі»

Вольга Якубоўская
Вольга Якубоўская

— Улетку на сустрэчу са Сьвятланай Ціханоўскай у Наваполацку прыйшлі тысячы людзей. Пазьней, падчас пратэстаў, з «Нафтану» звальнялі рабочых. Як цяпер, у дэпрэсіўны час, выглядае сытуацыя ў вашым горадзе?

— Ня думаю, што ёсьць дэпрэсія. Калі людзей усяляк заціскаюць, не даюць ім выказваць свае думкі, то гэта ня значыць, што яны іх памянялі. Думаю, гэта вялікая памылка. Калі боршч зачыніць вялікай накрыўкай, то ён жа не перастане кіпець. Нічога добрага з гэтага, як вядома, не бывае. Людзі ня стануць любіць таго, хто іх біў палкамі. Мая сяброўка ўцякала з сабакам пад пахай, каб яе ня дай Бог ніхто не злавіў. Гэта было 10 жніўня, калі ў нас па дварах бегалі «касманаўты» з дручкамі. Страшна было выйсьці з дому, мы не разумелі, што адбываецца. Гэта была траўма ўсяму гораду. Нехта ішоў у аптэку, нехта з сабачкам пагуляць, а ў выніку трапілі пад раздачу. Ня думаю, што людзі пасьля гэтага вырашылі, маўляў, давайце ўсё забудзем і што гэтага не было.

Ведаю людзей з нашага гораду, якія дагэтуль з траўмамі і лечацца ў Літве. Наадварот, людзі, якія раней адзін аднаго ня ведалі, цяпер сябруюць. Хочацца адчуваць сяброўскае плячо. Яны не супакоіліся. Так, цяпер зіма, умовы створаныя такія, што чалавек ня можа проста выйсьці і пагуляць. Але бабулі ходзяць. У нас ёсьць свая Ніна Багінская. Гэта цудоўны Анатоль Кулік, яму за 70, ён ходзіць са сьцягам ужо шмат гадоў. Калісьці ён працаваў інжынэрам. Увесь горад яго любіць. Думаю, што я таксама намалюю яго.

— А што, на вашу думку, адбылося, што мы назіраем такі пералом?

— Рэч нават ня ў тым, што нам ізноў схлусілі. Да гэтага ўжо многія прызвычаіліся. Жорсткасьць паўплывала. Жорсткасьць такога ўзроўню, бадай, упершыню была ўжытая супраць людзей, якія гэтага зусім не чакалі. І гэтая жорсткасьць вывела ўсіх са сну, раўнавагі, чаго заўгодна. Людзі рабіліся іншымі літаральна за гэтыя дні. Мы ня ведалі сябе да гэтага лета, мы не разумелі, што людзі навокал зусім іншыя. Нехта думаў, што ўсім усё нецікава. Кожны жыў у сваім сьвеце, але выявілася, што гэта немагчыма. Надыходзіць час — і ты разумееш, што ты ў сваім гнязьдзе на дрэве нічым не абаронены, калі гэтае дрэва трасуць. Я не ўяўляю, як з гэтым цяжарам жыць. Я лічу, што чалавек павінен жыць, займацца сваёй справай, любіць сваю краіну, любіць сваіх дзяцей, зямлю. Што ў гэтым кепскага? Я хачу, каб на гэтай зямлі не было гвалту. Калі парушаецца запавет «Не забі», то я не разумею, пра што ўвогуле можна казаць.

— У грамадзтве ёсьць пэўная частка людзей абыякавых, а пэўная частка падтрымлівае ваўкоў з вашых карцін. Нават вітаюць аўтазакі з чырвона-зялёнымі сьцягамі. Як вы зь імі знаходзіце супольную мову?

— Я выпадкова была сьведкаю ўсяго гэтага ва Ўруччы, у Менску. Я іх бачыла а дзявятай ранку, яны пачалі сыгналіць аўтазакам, а роўна аб адзінаццатай іх нібыта карова языком зьлізала. Магчыма, у іх ёсьць нейкі расклад, аплочаны час. Я не ўяўляю, зь якой прычыны можна пайсьці і абараняць тых, хто б’е на вуліцах людзей. Магчыма, яны таксама хочуць гэтым займацца, калі іх падтрымліваюць. Людзі бываюць вельмі дзіўныя.

— Ваўкі мацнейшыя за коцікаў. Як вы ўяўляеце, што коцікі, якія вераць у дабро і справядлівасьць, каб не чыніць гвалт, могуць перамагчы ваўкоў?

— Ёсьць такі выраз «Няма зьвера страшнейшага за ката». Я не адразу да гэтага прыйшла, бо коцікаў я акурат малявала зь іншага боку — белымі і пухнатымі. Кот — гэта прататып тыгра, рысі, ільва. Ня варта даводзіць коціка да стану зьвера. І воўк насамрэч вельмі добрая жывёліна. Яны ня робяць такіх жахлівых рэчаў, як тыя героі, якіх я малюю ваўкамі. Там усё страшней папраўдзе.

— Неўзабаве сьвяты. Што вы параіце зрабіць, паглядзець ці пачытаць, каб узьняць настрой, калі навокал адбываюцца невясёлыя рэчы?

— Я б пажадала, каб людзі падумалі пра сваіх блізкіх і родных, пра тое, што ім цікава ў гэтым жыцьці. Каб яны заняліся домам, сьвяточным настроем. Гаспадыня можа проста сьпячы пірог і пацешыць родных, сяброў і блізкіх. Трэба думаць пра тое, што вакол цябе і што прыносіць радасьць. Калі няма глябальнай радасьці звонку, то трэба яе ствараць унутры сябе і дарыць іншым. Тады атрымаецца, што ў нас ува ўсіх усё роўна будзе сьвята. Усё ідзе ў правільным кірунку. Трэба набрацца цярплівасьці і зразумець, што не бывае так — калі нешта доўга баліць, то потым імгненна папраўляесься. У кожнай краіны, якая цяпер пачуваецца добра, быў свой шлях. Відаць, у нас свой шлях да свабоды. Спадзяюся, мы пройдзем яго годна, бяз жахаў, якія нам усе прарочаць. Спадзяюся, у беларускага народу хопіць сілаў і трываласьці ўсё вытрымаць і гнуць сваю лінію.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG