Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Арановічу выставілі новае абвінавачаньне — такое ж, як Лосіку і Статкевічу


Аляксандар Арановіч
Аляксандар Арановіч

Cьледчыя кваліфікавалі дзеяньні Аляксандра Арановіча адпаведна артыкулу «падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». Ён ужо правёў паўгода за кратамі.

Пра новыя крымінальныя справы паведаміла маці палітвязьня. Паводле яе, яму выставілі абвінавачаньне па п. 13 ч. 2 арт. 293 «Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках», піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Тэрмін трыманьня Аляксандра Арановіча пад вартай паводле папярэдняга абвінавачаньні па арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) днямі сканчваўся, а паводле новага абвінавачаньня палітвязень застанецца пад вартай на няпэўны тэрмін. Ён за кратамі ўжо сёмы месяц.

Такія ж абвінавачаньні ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» днямі выставілі яшчэ дваім палітвязьням — Ігару Лосіку і Мікалаю Статкевічу. Раней новыя абвінавачаньні пачуў і Сяргей Ціханоўскі, у якога таксама завяршаўся тэрмін знаходжаньня за кратамі.

У пачатку сьнежня маці і бацьку Аляксандра выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт у Менску у справе новага абвінавачаньня іх сына. Сьледчы пытаў у маці, чаму Сяргей Ціханоўскі і Аляксандар на выбарчым пікеце ў Горадні былі апранутыя падобна: у цёмныя вятроўкі і джынсы. На допыце ёй паказалі фота, дзе Арановіч і Ціханоўскі стаяць побач на пікеце ў Горадні 29 траўня.

Таксама ў маці палітвязьня са Старых Дарог запытвалі, ці плаціў Ціханоўскі грошы яе сыну, ці ўдзельнічаў Аляксандар у стварэньні ютуб-каналу «Страна для жизни», ці атрымліваў ён за гэта грошы. Пытаньні сьледчага выклікалі ў бацькоў толькі зьдзіўленьне.

Галіна Іванаўна расказала, што яе сын не прызнае віну і з самага пачатку адмаўляецца даваць паказаньні. Навіны пра сына даходзяць толькі зь яго лістоў, бо адвакатка дала падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. Сам Аляксандар называе крымінальныя справы супраць сябе «вынікам бурлівай фантазіі сьледчых».

38-гадовага Аляксандра Арановіча, кіроўцу аўтадому «Страна для жизни», затрымалі 29 траўня ў Горадні падчас пікету для збору подпісаў за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзыдэнты. У той жа дзень міліцыянты затрымалі Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 15 грамадзян.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG