Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адказ на новае абвінавачаньне палітвязень Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту. Да галадоўкі далучылася і ягоная жонка


Палітвязень Ігар Лосік. Архіўнае фота.
Палітвязень Ігар Лосік. Архіўнае фота.

15 сьнежня кансультант Радыё Свабода палітзьняволены Ігар Лосік стаў фігурантам новай крымінальнай справы.

Цяпер ён прызнаны абвінавачаным ня толькі на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку»), але і паводле арт. 13 ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Санкцыя артыкулу прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ад 3 да 8 гадоў.

25 сьнежня меў бы завершыцца гранічны тэрмін ягонага ўтрыманьня пад вартай паводле папярэдняга абвінавачаньня.

Як паведаміў блогер Антон Матолька, Ігар Лосік віны не прызнаў і адрэагаваў на новую справу супраць яго абвяшчэньнем бестэрміновай галадоўкі да зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў або зьмены меры стрыманьня. Ён лічыць свой крымінальны перасьлед палітычна матываваным.

Да галадаваньня далучылася і жонка

Інфармацыю пра галадоўку пратэсту Свабодзе пацьвердзіла жонка Ігара Дар’я Лосік. Яна заявіла, што і сама зьбіраецца ад 15 сьнежня далучыцца да галадаваньня мужа.

Дар’я Лосік
Дар’я Лосік

«На знак салідарнасьці са сваім мужам я, Дар’я Лосік, абвяшчаю бестэрміновую галадоўку да выкананьня нашых патрабаваньняў, а менавіта: зьняцьцё ўсіх абвінавачаньняў супраць майго мужа альбо зьмяненьне меры стрыманьня», — напісала Дар’я ў сваім Інстаграме.

Паводле яе, у Ігара Лосіка ў турме абвастрыўся гастрыт.

Дар’я сказала таксама, што ў сям'і ёсьць каму паклапаціцца пра іхную двухгадовую дачку ў сувязі зь яе галадаваньнем.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле артыкула за арганізацыю масавых беспарадкаў.

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дому ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.

Апрача гастрыту, іншых скаргаў на здароўе Ігар Лосік ня мае, ён прымае патрэбныя мэдыкамэнты, але агулам знаходжаньне пад вартай кепска паўплывала на стан ягонага здароўя.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG