Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страшны не ІЧУ, а тое, што ў мяне начное дзяжурства: хто пойдзе за мяне рабіць?» Доктарка аб пратэстах і эпідэміі COVID-19


Пратэст мэдыкаў у Менску, 14 жніўня 2020
Пратэст мэдыкаў у Менску, 14 жніўня 2020

У першую хвалю пандэміі каранавірусу, якая была вясной, улады Беларусі ня ўводзілі амаль ніякіх абмежаваньняў: ня абавязвалі людзей насіць маскі, не закрывалі ўезд у краіну, праводзілі масавыя мерапрыемствы, у тым ліку вайсковы парад. Пасьля выбараў 9 жніўня і пачатку масавых пратэстаў сытуацыя зьмянілася: з 21 сьнежня Беларусь закрывае выезд з краіны. І хоць дзяржаўныя чыноўнікі па-ранейшаму не прызнаюць небясьпекі пандэміі, усё больш лекараў гавораць аб перагружанасьці мэдычнай сыстэмы Беларусі.

Карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» пагутарыў з доктаркай адной зь лякарняў Менску, яна папрасіла не называць яе прозьвішча. Доктарка расказала пра тое, як мэдыкі Беларусі спраўляюцца з другой хваляй эпідэміі, а таксама пра свой удзел у пратэстах і ціск уладаў на тых лекараў, якія актыўна ўдзельнічаюць у акцыях супраць Аляксандра Лукашэнкі.

— У якой лякарні вы працуеце? У вас сытуацыя з каранавірусам спакайнейшая, чым у Расеі?

— Я працую ў раённай лякарні гораду Менску. Не, вядома ж, пэрыяд цяпер неспакойны, як і ва ўсім сьвеце. Другая хваля ковіду значна цяжэйшая, чым першая, гэта ні для кога не сакрэт. Цяпер на ахову здароўя, на мэдычны пэрсанал у Беларусі навалілася вельмі шмат працы. Вядома, усе мэдычныя структуры перагружаныя: і паліклінікі, і стацыянары. У гэтым сэнсе, мне здаецца, ва ўсіх усё аднолькава.

— У Расеі за гэты год некалькі разоў загадамі Міністэрства аховы здароўя ў сувязі з пандэміяй перагледзелі правілы шпіталізацыі пацыентаў. У пачатку эпідэміі шпіталізавалі ўсіх пацыентаў з станоўчым тэстам на COVID-19, а пазьней сталі класьці ў стацыянары толькі людзей у цяжкім стане. У Беларусі гэтак сама?

— Сыстэма пераразьмеркаваньня плыняў пацыентаў у залежнасьці ад іх цяжкасьці была даўно. Недзе, мне здаецца, з пачатку ліпеня мы ўжо шпіталізавалі пацыентаў толькі зь сярэднецяжкім і цяжкім COVID-19 — з наяўнасьцю пнэўманіі і дыхальнай недастатковасьцю.

Цяпер ёсьць вялікі пласт пацыентаў зь лёгкімі і сярэднецяжкімі COVID-пнэўманіямі: яны могуць знаходзіцца і знаходзяцца дома, лечацца амбуляторна. Таму, вядома, на амбуляторнае зьвяно цяпер вельмі вялікая нагрузка. У сярэднім на лекара ў кантактнай ковіднай брыгадзе прыпадае дзесьці ад 30 да 50 выклікаў у дзень. Гэта звычайныя дактары, якія працуюць непасрэдна ў ковідных брыгадах. Гэта вельмі вялікая нагрузка, і, вядома ж, дактарам, якія цяпер там працуюць, вельмі цяжка.

— У Расеі і ва Ўкраіне былі выпадкі, калі лекары былі вымушаныя нават адмаўляць у шпіталізацыі пацыентам, якіх прывезьлі на «хуткіх», проста таму што ў стацыянары не было месцаў. У вас ёсьць такое?

— Канкрэтна пра хуткую дапамогу я не скажу, таму што я там не працую. Але, наколькі я чула, у Беларусі пакуль няма такіх прэцэдэнтаў, калі ў мэдычнай дапамозе нейкім пацыентам было адмоўлена. Так, магчыма, давядзецца доўга чакаць гэтай мэдычнай дапамогі, але, каб чалавек яе не дачакаўся — такога, дзякуй Богу, пакуль няма. Мэдычная дапамога вельмі перагружаная, але яна не на мяжы. І я спадзяюся, што пакуль такога ня здарыцца. Але часам даводзіцца доўга чакаць, прынамсі як я чула.

— Колькі пацыентаў у вашай лякарні шпіталізуюць за дзень?

— Я працую ў паліклінічным зьвяне і не магу сказаць, якую колькасьць чалавек прывозяць штодня ў стацыянар. Як кажуць калегі, цяпер, вядома, выклікаў і шпіталізацыі больш, ложкі ўсе занятыя, нічога не пустуе. Але шпіталізуюць толькі пацыентаў з дыхальнай недастатковасьцю, толькі пры наяўнасьці дыхальнай недастатковасьці і зьніжэньні сатурацыі — калі людзям патрэбна кіслародная падтрымка. Вельмі вялікі працэнт пнэўманій, які ёсьць цяпер, знаходзіцца на амбуляторным лячэньні.

— Да якога паказьніку павінна апусьціцца сатурацыя, каб пацыента ў Беларусі шпіталізавалі?

— Мы маем права накіроўваць пацыентаў на шпіталізацыю з сатурацыяй, меншай за 95%.

— Выпадкі адмовы ў шпіталізацыі былі?

— Канкрэтна мне не было адмоўлена ў шпіталізацыі пацыентаў са зьніжанай сатурацыяй. Можа быць, у некага былі выпадкі такія, але я заўсёды імкнуся дамагацца таго, каб пацыентаў забіралі, калі бачу, што стан нездавальняючы і можа пагоршыцца ў любы момант. Вядома, ацэньваецца агульны стан, ацэньваецца ЧСС (частата сардэчных скарачэньняў), ацэньваецца тэмпэратура, аб’ём зьмены ў лёгкіх і гэтак далей. Але наогул клясычным крытэрам зьяўляецца ацэнка сатурацыі. Дзякуй Богу, мне не даводзілася пакідаць дома пацыента са зьніжанай сатурацыяй і дыхальнай недастатковасьцю.

— Якія цяпер праблемы, зьвязаныя з COVID, ёсьць у менскіх шпіталях? Якія працэсы наладжаны няправільна?

— Што мяне канкрэтна хвалюе, гэта тое, што цяпер ужо, на жаль, не адбываецца падзелу патокаў. Калі раней гэта яшчэ неяк спрабавалі кантраляваць, то цяпер гэтага ўжо няма. І пацыенты з COVID-інфэкцыяй — тыя, якія ўжо бліжэй да канца хваробы, — прыходзяць, здаюць аналізы часам уперамешку са здаровымі пацыентамі.

Напэўна, пазьбегнуць гэтага не атрымаецца, на жаль. Паводле агульнай статыстыкі лічыцца, што такія пацыенты ўжо не зьяўляюцца заразнымі. Але гэта вельмі ўсё адносна.

Яшчэ ў нас ёсьць праблема недахопу пульсаксымэтраў. Калі я працавала тэрапэўтам, мне сказалі, што я не працую ў кантактнай брыгадзе, хоць, напэўна, 40% маіх пацыентаў — гэта былі ковідныя пацыенты, з тэмпэратурай і гэтак далей. У нас не было пульсаксымэтраў. Я размаўляла зь некаторымі калегамі зь іншых структурных падразьдзяленьняў — у іх таксама не было пульсаксымэтраў, нават у тых, хто працаваў у ковідных брыгадах. Хоць паводле загаду яны павінны быць.

Мне паступала інфармацыя, што некаторым дактарам не выплачваюцца даплаты за працу з COVID-інфэкцыяй. Я ўжо ня першы раз гэта чую, я і сама сутыкнулася з тым, што мне спрабавалі адмовіць у выплаце за ковід. Толькі з дапамогай прафсаюзу, заяваў я спрабавала дабіцца таго, каб гэта ўсё аплацілі.

— А мэдыкамэнтаў хапае падчас эпідэміі? У Расеі і Казахстане зь імі былі праблемы.

— Быў нейкі пэрыяд, калі не хапала антыкаагулянтаў. Але цяпер ва ўсіх стацыянарах, з кім я размаўляла, там хапае. У некаторых аддзяленьнях, ведаю, не зусім ажыцьцяўляюцца закупкі. Напрыклад, падаецца 20 ампул фраксіпарыну, а закупляюць 10 ампул. Але пакуль, дзякуй Богу, я ня чула, што ў стацыянарах нейкіх прэпаратаў цяпер не хапае для лячэньня. І гармоны, і інфузіі, дзякуй Богу, гэта ўсё ёсьць. Дай Бог, што і далей будзе хапаць.

— Ёсьць чэргі ў паліклініках?

— Так, чэргі ёсьць, прычым вельмі вялікія, — да тых жа інфэкцыяністаў, якія знаходзяцца ў кантактных групах. Чэргі могуць быць і па 30 чалавек. На рэгістрацыю бальнічных лістоў чэргі могуць быць па 50-60 чалавек у панядзелкі. Але гэта не адна канкрэтная паліклініка — гэта ўсе ўстановы так перагружаныя. І гэта характэрна, напэўна, цяпер для любой установы гораду Менску, а можа быць, і іншых абласьцей.

— Вы казалі пра надбаўкі, якія ў Беларусі маюць атрымліваць ня толькі тыя лекары, якія працуюць непасрэдна з каранавіруснымі пацыентамі. Як гэта адбываецца ў вашай краіне?

Любы доктар, які працуе, пэрыядычна сутыкаецца з ковід-пацыентамі. І пры іх аглядзе, пры лябараторным пацьверджаньні — калі дыягназ пацьверджаны [з дапамогай] ПЦР-тэстаў [або тэсту на антыцелы] — ён мае права на атрыманьне выплат, адпаведна загаду аб працы з асабліва небясьпечнымі інфэкцыямі. Гэта значыць, нават калі чалавек знаходзіцца на іншай пасадзе, якая не працуе з ковід-інфэкцыяй, ён вядзе свой сьпіс пацыентаў, у якіх прыйшлі станоўчыя мазкі.

Зразумелая рэч, што шмат пацыентаў, якія не зьяўляюцца кантактамі першага ўзроўню, а проста маюць тэмпэратуру. Хто да іх ідзе? Звычайныя ўчастковыя тэрапэўты. Але 40-50% такіх пацыентаў — гэта ковідныя этымалёгіі. Некаторым з іх прызначаюцца мазкі, хоць, вядома, гэта стала ўжо больш строга: накіраваньні на мазкі выдаюцца па асаблівых указаньнях з дазволу кіраўніцтва. Яны накіроўваюцца, прыходзяць станоўчыя вынікі, тады звычайны лекар, які не знаходзіцца ў ковіднай брыгадзе, аглядае пацыента з асабліва небясьпечнай інфэкцыяй. І гэтыя сьпісы падаюцца ў канцы месяца, і лекар, які працаваў, можа атрымліваць нейкія даплаты па працы з ковід-пацыентамі.

— І вам адмовілі ў такой выплаце?

— У мяне не хацелі прымаць гэтыя сьпісы. Адмаўлялі, казалі, што яны няправільна аформленыя. Казалі: «Чаму ў вас агляды ковідных пацыентаў, хоць вы не знаходзіцеся ў ковіднай брыгадзе?» Я кажу: «Я ж працую з пацыентамі, у якіх тэмпэратура, яны ж таксама могуць быць ковіднымі» — і многія потым зь іх аказваліся [ковіднымі].

Увогуле, усялякімі шляхамі адмаўляліся прымаць. Але ў выніку крок за крокам у мяне атрымалася даказаць, што я ўсё ж такі аглядала гэтых пацыентаў і што мне належаць выплаты згодна з заканадаўствам.

— Надбаўкі выплачваюць проста па факце працы з пацыентам з пацьверджаным ковідам?

— Там залежыць ад праведзенага часу. Каб дзень быў аплочаны як дзень працы [з каранавіруснай інфэкцыяй], там павінна быць ня менш за тры пацыенты, наколькі я ведаю. У гэтыя нюансы я ня ўлазіла і канкрэтна не магу сказаць дакладную суму, якая належыць за працу з ковід-інфэкцыяй.

— Агулам, у якім маральным стане цяпер, падчас другой хвалі каранавірусу, мэдыкі, вашыя калегі? Улічваючы палітычныя працэсы ў Беларусі. Мітынгі, пабіцьцё сілавікамі звычайных грамадзян, якім вы ж і аказваеце дапамогу?

— Наогул, мне здаецца, той стан, у якім знаходзяцца цяпер людзі, — гэта адчуваньне невядомага наперадзе, адчуваньне пастаяннага стрэсу. Кагосьці затрымліваюць, тваіх родных і знаёмых, кагосьці рэпрэсуюць. Гэта ўсё ня можа не адбівацца на людзях. І знаходжаньне ў пастаянным хранічным стрэсе — тут ужо ня трэба быць нейкім разумным прафэсарам, каб сказаць, што гэта вельмі моцна ўплывае на імунітэт. І, вядома ж, гэта можа значна павялічваць захворваньне. Тое, што я нават назіраю па сваіх калегах, знаёмых: цяпер вельмі многія хварэюць, хварэе вельмі шмат лекараў.

Я думаю, што многія са мной пагодзяцца, што, пачынаючы са жніўня месяца, людзі проста ў такім вельмі моцным стрэсе. Таму, вядома ж, на мой погляд, гэта вельмі моцна можа ўплываць на тое, што адбываецца.

— Вы ў жніўні хадзілі на пратэсты. Якія адчуваньні ў вас былі ў той час? Ці здавалася, што Лукашэнка блізкі да таго, каб сысьці?

Многія беларусы таксама, напэўна, так думалі. Усе думалі, што ўсё гэта, магчыма, скончыцца хутка, але людзі не трацяць надзеі. Наогул цяпер я ня ведаю, якім можа быць далейшы прагноз разьвіцьця падзеяў. Я не разумею, як можа далей існаваць тое, што так шмат нэгатыву і гора прынесла некаторым людзям. Я не разумею, як гэта можа існаваць цяпер. Я думаю, што гэта ўсё часова.

Зноў жа ж, 26 гадоў фарміравалася тая сыстэма, якая ёсьць цяпер, таму, вядома, многія людзі якраз разумелі, што зьмяніць за пару месяцаў нешта, што адбывалася 26 гадоў, часам немагчыма.

Але тое, што цяпер адбываецца, — гэта зьмена ўспрыманьня людзей. Я ня нейкі палітычны чалавек, мне палітыка была абсалютна да лямпачкі. Але калі я дзяжурыла каля ізалятараў часовага ўтрыманьня і бачыла тое, што там адбывалася, у якім стане людзі адтуль выходзілі, я ня ведаю, як можна было ў баку ад гэтага ўсяго заставацца. Я не разумею.

— Вам даводзілася аказваць дапамогу сілавікам? Як вы да іх на выклікі хадзілі? Як маральна гэта перажывалі?

— Так, у мяне былі такія пацыенты, і дома я была ў [такіх] пацыентаў. Я ня маю права як-небудзь іншым чынам ставіцца да пацыентаў нейкіх прафэсій. Абсалютна роўныя правы маюць абсалютна ўсе людзі. Я для сябе вырашыла, што ўсё роўна, кім зьяўляецца чалавек. Мы ж ня ведаем, што там адбывалася, таму я для сябе вырашыла, і гэта правільна, так павінна быць, я ня думаю, што нехта зь лекараў робіць інакш, дапамога аказваецца ўсім абсалютна аднолькава ў поўным абʼёме.

Але я магу сказаць, што супрацоўнікі як быццам адчувалі сваю віну перада мной, у мяне было такое адчуваньне. Многія саромеліся, саромеліся гаварыць пра тое, што яны супрацоўнікі. Але там жа зразумела, таму што мы даём ім іншыя дакумэнты: не бальнічныя лісты, а мэдычныя даведкі. Гэта значыць, па сутнасьці, чалавек усё роўна павінен сказаць, дзе ён працуе. У мяне былі такія пацыенты. Я аказвала ім дапамогу абсалютна ў поўным абʼёме так, як павінна была аказваць. Ніякіх асаблівых прадузятасьцяў у гэтым няма і быць ня можа, і не павінна.

— Вас таксама затрымлівалі? Падчас якой-небудзь з акцый?

— Не, гэта было зроблена на візыце ў пацыента. Днём да мяне прыходзілі супрацоўнікі міліцыі з жаданьнем са мной пагутарыць, быў участковы міліцыянт у форме. У мяне тады было шмат пацыентаў, у тым ліку я ў кабінэце у рэсьпіратары аглядала пацыентаў. Я папрасіла супрацоўніка міліцыі пачакаць. Потым я выйшла ў калідор, але яго ўжо не было. Чалавек, напэўна, вельмі сьпяшаўся і ня змог мяне дачакацца. Я зразумела, што нешта тут ня так. Я адразу папярэдзіла загадчыцу пра тое, што, можа быць, у панядзелак я ня выйду на працу з прычыны нейкіх абставінаў, і пайшла рабіць візыты па дамах.

Я зрабіла тры ці чатыры візыты, і на адным зь візытаў мне тэлефануюць зь незнаёмага нумару, прадстаўляюцца супрацоўнікамі міліцыі, якія прыходзілі днём, і кажуць, што ім трэба тэрмінова са мной пагаварыць. Пры гэтым я глядзела пацыентку 70 гадоў з болямі ў грудной клетцы. Бабулі, мне здаецца, на месцы стала дрэнна, калі я сказала, што па мяне прыехала міліцыя. Яна пайшла мяне праводзіць, яна за мяне спалохалася.

Я паспрабавала спытаць: «Чаму вы мяне цяпер забіраеце? Чаму вы не дашляце позву ў РУУС? Я магу з вамі пагутарыць у любы непрацоўны час, бо цяпер я ажыцьцяўляю візыт», — у мяне заставалася тры пацыенты, да якіх я ня трапіла. А пасьля візытаў у мяне адразу было начное дзяжурства. Зноў жа ж, я магла ня трапіць і на начное дзяжурства.

У самім РУУС мне прадʼяўлялі фатаграфіі «ланцугоў салідарнасьці», зробленыя ў жніўні месяцы, з акцэнтам на тое, што гэтыя здымкі былі зробленыя ў лістападзе. Я стала тлумачыць, што фатаздымкі не маглі быць зробленыя ў лістападзе, бо людзі ў летнім адзеньні і там трава зялёная. Пасьля гэтага яны сказалі, што пойдуць правяраць.

Увогуле, праверылі, выявілася, што гэта сапраўды было ў жніўні, гэта значыць тэрмін, каб пачаць адміністрацыйную справу, мінуў. Я спачатку спрабавала адмаўляцца сьведчыць супраць сябе, пасьля чаго мне сказалі, што я паеду ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрыманьня). У гэтай сытуацыі мне стала страшна не таму, што я паеду ў ІЧУ, а таму, што я не зрабіла візыты: хто іх пойдзе за мяне рабіць? А яшчэ ў мяне начное дзяжурства: хто пойдзе за мяне рабіць? Мне нават было страшна ня тое, што я некуды там паеду, а што ня будзе каму за мяне рабіць. І ўсё гэта можа сапраўды расцэньвацца як прагул, гэта больш за ўсё мяне бянтэжыла.

Потым былі ўсялякія розныя працяглыя размовы ў РУУС. Пасьля гэтага мяне адпусьцілі, я так думаю, таму, што скончыўся тэрмін завесьці адміністрацыйную справу, таму што прайшло больш за два месяцы. Хоць у цяперашняй сытуацыі затрымліваюць, напэўна, і тых, у каго заканчваецца тэрмін. Але, напэўна, мне трохі пашанцавала ў гэтым пляне.

— Кіраўніцтва лякарні ці яшчэ вышэйшае неяк цісьне на тых мэдыкаў, якія выказваюцца ў падтрымку пратэсту і супраць Лукашэнкі?

— Канкрэтна на мяне пакуль ніхто не ціснуў. Ведаю, што на некаторых людзей ціснуць, звальняюць. Цьху-цьху, мяне пакуль яшчэ ніхто не звальняў, але яшчэ ўсё наперадзе, можа быць, мяне яшчэ за нешта прыдумаюць звольніць, ня ведаю. Пакуль канкрэтна да мяне нейкія санкцыі за грамадзянскую пазыцыю [ўжытыя] не былі, адкрытага нэгатыву ў мой бок па нейкіх грамадзянскіх ці палітычных матывах не было.

— А падзяку нейкую за працу ў такія цяжкія часы, падчас эпідэміі, хтосьці выказваў?

— Толькі ковід-выплаты. Адзіным выпадкам была нядаўняя сустрэча з намесьнікам галоўнага лекара, на якой нам абвясьцілі ўсеагульную падзяку за тое, што мы такім маленькім калектывам спрабуем змагацца на такім вялікім раёне з такой цяжкай і страшнай інфэкцыяй. Мне нават на сэкундачку стала прыемна, таму што гэта сапраўды была першая падзяка калектыву за чатыры з паловай гады маёй працы.

— Лукашэнка вясной скептычна выказваўся пра каранавірус, фактычна ня верыў у яго небясьпеку. І гэта трансьлявала ў тым ліку дзяржаўная тэлевізія. Гэта неяк адбілася на працы мэдыкаў? Ці хапала, напрыклад, сродкаў засьцярогі? Дзяржава дастаткова грошай выдзяляла на гэта?

— Канкрэтна на маю працу, на працу лекараў, не ўплывала. Але трэба сказаць, што, вядома ж, адкрытая ўсеагульная прапаганда таго, што ковід — гэта абсалютна бясьпечнае, бяскрыўднае захворваньне, што яго ўсё пераносяць лёгка, толькі нейкія хронікі, алкашы пераносяць цяжка, прапаганда на найвышэйшым узроўні — цяпер, напэўна, ужо ня толькі я, а многія лекары і прафэсары разумеюць, што гэта не зусім правільна. Таму што прапаганда павінна быць на ўсіх этапах накіравана на тое, каб прадухіліць пашырэньне інфэкцыі.

Гэта, на маю асабістую думку, трэба было рабіць яшчэ ў першую хвалю. Яшчэ ў першую хвалю трэба было абавязаць людзей насіць маскі, таму што цяпер інфэкцыя ўжо ў папуляцыі, яна распаўсюджваецца далей, мы бачым рост захворваньняў. Усе гэтыя прафіляктычныя захады павінны былі быць па максымуме ўкаранёныя яшчэ, напэўна, у першую хвалю.

Людзі маюць права на атрыманьне дакладнай інфармацыі. З тэлевізара павінна быць адэкватная інфармацыя пра тое, што сапраўды адбываецца. Таму, на мой погляд, [павінна была быць] прапаганда сацыяльнай дыстанцыі, масачнага рэжыму, усіх захадаў, якія цяпер мы спрабуем укараніць: яны павінны былі быць укаранёныя яшчэ раней. Напэўна, мы думалі, што нас абміне ўся гэтая справа, але ўсё тое, што цяпер адбываецца, гэта яшчэ больш пагаршае распаўсюджваньне інфэкцыі.

Мы зараз спрабуем напружыць сыстэму аховы здароўя на барацьбу з ковідам. Але ёсьць жа і іншыя сфэры жыцьця, якія можна было таксама накіраваць на тое, каб прадухіляць распаўсюджваньне інфэкцыі, — тыя ж установы адукацыі, напрыклад дзіцячыя садкі, — іх жа таксама можна было неяк старацца перавесьці на дыстанцыйнае навучаньне. Але ў нас пакуль напружваецца сыстэма аховы здароўя па максымуме. А астатнія сфэры, напэўна, крыху. Але я ня ведаю. Я не палітык і не арганізатар, не міністар, каб вырашаць гэтыя пытаньні. Проста вонкава тое, што я бачу і чую ад сваіх калег, пацыентаў, — тое, што ў школах, напрыклад, ня носяць маскі, як мне сказалі. Носяць маскі [вучні], старэйшыя за восьмую клясу, і тое па жаданьні. А дзеці ж часта — бессымптомныя носьбіты і разносчыкі інфэкцыі.

— А што ў Беларусі кажуць з нагоды расейскай вакцыны «Спутник-V»? Лукашэнка казаў, што Беларусь закупіць 100 тысяч доз вакцыны, і, калі я правільна разумею, расейскай вакцынай пачалі прышчапляцца ўжо чыноўнікі апарату Лукашэнкі.

— У нас пакуль маўчаць пра гэта. Тое, што я чула пра тыя 400 вакцын, якія былі расколатыя на добраахвотніках, перш чым іх уводзіць, павінен быў быць сабраны этычны камітэт па выкарыстаньні новай вакцыны. Наколькі да мяне паступала інфармацыя, ён ня быў праведзены. Можа быць, ён будзе праведзены, калі будзе закуплена вялікая колькасьць вакцын.

З нагоды вакцынацыі пакуль нічога не магу сказаць, гэта такая інфармацыя, якая толькі-толькі паступае. Як яны гэта ўсё будуць укараняць — пакуль невядома. Ды і з расейскай вакцынай там усё не да канца яшчэ зразумела, наколькі я чула.

— Ад таго, што ў такім форс-мажорным рэжыме прыходзіцца працаваць так доўга, вы стаміліся?

— Так, стаміліся. Я цяпер крыху затарможаная, таму што адпрацавала паўтара дні, і я хутка пайду спаць. Насамрэч стаміліся ўсе лекары. Цяпер нават, паводле апошняй інфармацыі, у нас стаматолягі сталі працаваць у ковідных брыгадах. Гэта значыць, нават людзі, якія не заканчвалі лячэбны факультэт, плюс студэнты пятага-шостага курсаў. Цяпер практычна ўсе задзейнічаныя для таго, каб змагацца з эпідэміяй. Таму, вядома ж, лекары стамляюцца, многія працуюць вельмі шмат. І яшчэ гэты інфармацыйны паток, які на нас навальваецца: усялякія «радасныя» навіны. Гэта ўсё, вядома ж, адымае энэргію. Але нічога, спраўляемся, стараемся. Галоўнае, каб усе былі жывыя і здаровыя, а там будзем далей працаваць.

— Адкуль у вас столькі сіл, яшчэ пры такой колькасьці працы, выходзіць на акцыі пратэсту, супраціўляцца?

— Я сама дзіўлюся беларусам, той дапамозе, якую яны аказваюць. Літаральна зьяўляецца нейкая інфармацыя, што камусьці патрэбна дапамога, і адразу табе напіша дзесяць чалавек, якія гатовыя табе дапамагчы ці нешта зрабіць для таго, каб неяк аблегчыць тваю бяду. Дарэчы, з Расеі таксама прыходзіць слоўная і маральная дапамога. Гэта таксама вельмі выдатна, дзякуй неабыякавым. Гэта вельмі важна — тая падтрымка, якая ёсьць. Мы будзем старацца трымацца ў любым выпадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG