Кампанія вакцынацыі супраць COVID-19 пачнецца ў Эўразьвязе яшчэ да Новага году

Пачатак вакцынацыі ў Канадзе, 14 сьнежня 2020 году
Пачатак вакцынацыі ў Канадзе, 14 сьнежня 2020 году

Група экспэртаў Эўрапейскага агенцтва лекавых сродкаў (ЕМА) зьбярэцца для ацэнкі вакцыны, вырабленай амэрыканскай кампаніяй Pfizer і яе нямецкім партнэрам BioNTech, у панядзелак, 21 сьнежня. Раней паведамлялася, што сустрэча можа адбыцца не раней за 29 сьнежня.

Апошняе слова пры зацьвярджэньні вакцыны — за Эўрапейскай камісіяй, якая звычайна кіруецца рэкамэндацыямі ЕМА адносна новых мэтадаў лячэньня.

У агенцтве паведамілі, што нарада была перанесеная на больш раньнюю дату пасьля таго, як кампаніі-вытворцы далі дадатковую інфармацыю на запыт ЕМА. Адпаведна, Эўракамісія таксама паскорыць сваё справаводзтва, каб ўхваліць вакцыну «цягам некалькіх дзён».

Міністар аховы здароўя Нямеччыны Енс Спан заявіў у аўторак, што ўлады краіны пачнуць прышчэпкі ад каранавірусу ўжо праз 24-72 гадзіны пасьля таго, як вакцына ад Pfizer атрымае ўхваленьне ЭЗ, гэта значыць адразу пасьля Калядаў.

Прэзыдэнт Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен падтрымала пляны Нямеччыны, напісаўшы ў Твітары: «Цалкам магчыма, што першыя эўрапейцы атрымаюць вакцыну да канца 2020 году».

Нямеччына, Францыя, Італія, Бэльгія, Люксэмбург, Нідэрлянды, Швэйцарыя і Іспанія будуць каардынаваць пачатак сваіх кампаній вакцынацыі, гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў аховы здароўя гэтых васьмі краін.

У EMA дадалі, што пасьля ўхваленьня працэс вакцынацыі будзе адсочвацца на прадмет бясьпекі і эфэктыўнасьці прышчэпак.

Вялікая Брытанія стала першай краінай, якая ўхваліла вакцыну вытворчасьці Pfizer і BioNTech 3 сьнежня, за ёй гэта зрабілі Канада (9 сьнежня) і ЗША (11 сьнежня).

Яшчэ адна амэрыканская кампанія, чыя вакцына таксама неўзабаве павінна быць ухвалена для прымяненьня ў Эўропе — Moderna — паведаміла пра тое, што эфэктыўнасьць распрацаванага ёю прэпарату значна перавышае 90%. Пра такія ж паказьнікі кажуць і вытворцы вакцыны Pfizer / BioNTech.

​
XS
SM
MD
LG