Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыню БАЖ Андрэя Бастунца выклікалі ў СК на допыт


Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец выкліканы на 16 сьнежня ў Сьледчы камітэт на допыт у крымінальнай справе.

«Андрэя Бастунца выклікаюць на допыт на 10.00 у якасьці сьведкі па крымінальнай справе, заведзенай па арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на ўчыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь)», — паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу БАЖ.

З чым можа быць зьвязаны выклік на допыт, Бастунец ня ведае.

Андрэй Бастунец зьяўляецца чальцом асноўнага складу Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу, створанага ў жніўні па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай. 19 жніўня КР правяла першае паседжаньне, на якім быў абраны прэзыдыюм.

У яго склад увайшлі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч, юрыстка Лілія Уласава, прадстаўнік МТЗ Сяргей Дылеўскі, юрыст Максім Знак, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова, каардынатарка штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава і былы кіраўнік Купалаўскага тэатру экс-дыплямат Павал Латушка.

20 жніўня генпракуратура паведаміла, што па факце стварэньня і дзейнасьці КР заведзеная крымінальная справа па арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на ўчыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).

Рэпрэсіі закранулі ўсіх чальцоў прэзыдыюму і большасьць чальцоў асноўнага складу КР — многія зь іх трапілі пад крымінальны перасьлед, былі затрыманыя або вымушана зьехалі за мяжу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG