Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска з Каліфорніі падрыхтавала рэформу МУС. У яе камандзе і сілавікі зь Беларусі


Мірны марш пратэсту ў Менску, 1 лістапада 2020 году
Мірны марш пратэсту ў Менску, 1 лістапада 2020 году

Сьвятлана Хілько скончыла Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў і 10 гадоў працавала ў праваахоўных органах Беларусі. У 2012 годзе яна звольнілася са Сьледчага камітэту ў званьні капітана.

Апошнія гады Сьвятлана жыве ў Каліфорніі, працуе ў IT-кампаніі, займаецца тэставаньнем праграмнага забесьпячэньня бесьпілётных аўтамабіляў. Да гэтага працавала ў кампаніях Groupon і Microsoft. Нядаўна яна далучылася да Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, дзе разам са сваёй камандай адказвае за рэформу МУС.

Усё пачалося яшчэ ў чэрвені, калі ў Беларусі пачалася актыўная выбарчая кампанія. Беларусы Сан-Францыска, дзе разам зь сям’ёй жыве Сьвятлана, захацелі падтрымаць мірных пратэстоўцаў на радзіме. Спачатку ў Сьвятланы зьявілася ідэя запісаць відэазварот ад амэрыканскіх беларусаў, якія працуюць у паліцыі або войску ЗША ці Канады, да беларускіх калегаў з аповедам, як паліцыя працуе ў іншых краінах.

«Мы пачалі сустракацца, да нас далучалася ўсё больш людзей. Потым падцягнуліся і людзі зь Беларусі. І ўжо ў пачатку лістапада мы пачалі працаваць над праграмай рэформы. Мы паспрабавалі прымяніць нашыя веды і практычны досьвед. Эфэктыўнасьць нашай каманды акурат у разнастайнасьці: людзі з розным мінулым аб’ядналіся дзеля агульнай мэты — зрабіць нешта для сваёй краіны», — расказвае жанчына.

«Да нас далучацца калегі зь Беларусі, якія працуюць на сур’ёзных пасадах»

Яе камандзе ўдалося скантактавацца зь міжнароднымі экспэртамі, людзьмі з ЗША, якія дапамагалі рэфармаваць паліцыю ў Грузіі і Ўкраіне. Яны гатовыя падтрымліваць і групу, якая працуе над рэформай беларускай міліцыі.

«Мы распрацоўваем некалькі плянаў рэформаў паралельна. Усё залежыць ад таго, як будзе разьвівацца сытуацыя і якім будзе грамадзкае запатрабаваньне і палітычная воля. Патрэба ўжо ёсьць, але волі пакуль няма. У нас ёсьць шмат калегаў у Беларусі, якія далучаюцца, у тым ліку і з вышэйшага кіраўніцтва. У нас у камандзе сабраліся людзі, якія не дыктуюць сваё бачаньне, а тыя, хто кіруюцца навуковымі падыходамі», — гаворыць Сьвятлана.

У інтэрвію Свабодзе яна расказала пра асноўныя тэзісы рэформы.

«Мэнтальнасьць міліцыі павінна быць накіраваная на дапамогу, а не на кантроль»

«У Беларусі ёсьць вялікая праблема стыль-мэнэджмэнту. Ёсьць два спосабы кіраваньня паліцыяй у сьвеце.

Першы спосаб — гэта вэртыкальны і ваенізаваны. А другі — гарызантальны і грамадзка-прававы, арыентаваны на грамадзтва.

Першы характарызуецца тым, што ўсе загады ідуць зьверху ўніз, найперш цэніцца ляяльнасьць, а загад павінен выконвацца, нават калі ён не адпавядае закону. Погляды людзей у гэтай сыстэме ня ўлічваюцца. Супрацоўнікі там ізаляваныя, яны кантактуюць толькі ўнутры сыстэмы. Лічаць, што менавіта яны зьяўляюцца экспэртамі ў праваахоўнай дзейнасьці, толькі яны прымаюць рашэньні, а думкі грамадзян іх абсалютна не хвалююць. Такі падыход не актуальны ў цывілізаваным сьвеце. Ён застаецца толькі ў аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымах.

Другі падыход — гарызантальны. Ініцыятыва там ідзе зьнізу. Напрыклад, ёсьць Акцябрскі РАУС Гомельскай вобласьці. Там ёсьць начальнік, які сустракаецца з грамадзянамі, яны разам абмяркоўваюць мясцовыя праблемы. Мястэчка з насельніцтвам 8 тысяч чалавек, і жыхары самі гавораць, што іх хвалюе. І тады людзі далучаныя да справы, яны супрацоўнічаюць з паліцыяй і хочуць вырашаць гэтыя пытаньні разам. На падставе гэтай супрацы фармуецца запыт, які ідзе вышэй. Тады начальнік РУУС з Акцябрскага зьвяртаецца вышэй і тлумачыць, якія рэсурсы яму патрэбны, каб выканаць волю людзей. Так гэта і працуе.

Калі ў першай мадэлі міліцыянт выступае ў ролі ваяра, які дыктуе ўмовы і якога не цікавіць твая думка, то другі выпадак — гэта функцыя абароны грамадзяніна.

Мэнтальнасьць міліцыі павінна быць накіраваная на дапамогу, а не на кантроль. Вось што павінна зьмяніцца».

Сьвятлана Хілько
Сьвятлана Хілько

«Мы мусім збудаваць сыстэму, якая працуе нават тады, калі ня той чалавек прыйшоў да ўлады»

«У Беларусі выбудаванае вельмі карупцыйна рызыкоўнае вэртыкальнае кіраваньне. Уся ўлада ў краіне, усе сілавыя органы падпарадкаваныя аднаму чалавеку. У гэтым, на жаль, вялікая рызыка. Які б чалавек ня быў прыстойны і сумленны, прыйшоўшы да ўлады і прабыўшы там некаторы час, мы ня ведаем, як ён зьменіцца.

Нам трэба збудаваць такую сыстэмы, якая эфэктыўна працуе, нават калі мы зрабілі памылку і ня той чалавек прыйшоў да ўлады. Гэта робіцца, напрыклад, з дапамогай грамадзянскіх ініцыятываў, якія могуць выказваць думкі аб тым, хто можа прызначацца на пасады, а хто не. Гэта могуць быць нейкія стрымліваньні і супрацьвагі ў выглядзе тэрмінаў знаходжаньня на пасадзе. Напрыклад, кіраўнік МУС прызначаецца на пасаду праз прадстаўленьне прэзыдэнта або парлямэнту, са згоды грамадзкай палаты, у якую ўваходзяць 15 ініцыятыўных грамадзян Рэспублікі Беларусь. Яго прызначаюць на 2 гады з магчымасьцю працягнуць паўнамоцтвы на чарговыя 2 гады, калі за першы тэрмін ён даказаў сваю эфэктыўнасьць».

«У ЗША затрымліваюць і агрэсіўных пратэстоўцаў, і расьсьледуюць выпадкі жорсткасьці паліцыі»

«Амэрыка — прыклад узорнай дэмакратыі; шмат з таго, што існуе тут, можна прымяніць у Беларусі. Але тут, як і ва ўсім сьвеце, ёсьць грамадзкі запыт наконт праблемы жорсткасьці паліцыі і яе эфэктыўнасьці. Грамадзтва тут пытаецца, ці неабходна ўзброенаму паліцыянту прыяжджаць на выклік 911 да чалавека, у якога абвастрылася псыхічнае захворваньне. Ці ўсё ж лепшым вырашэньнем праблемы быў бы прыезд на такі выклік псыхоляга або псыхатэрапэўта. Ці паўсюль патрэбна паліцыя?

У Амэрыцы існуе паняцьце «крымінальны раён». У адной з акруг, дзе назіраўся рост злачыннасьці з прымяненьнем агнястрэльнай зброі, праводзіўся экспэрымэнт. Паліцыя пачала абшукваць усіх запар. Гэта прывяло да таго, што колькасьць злачынстваў з ужываньнем зброі зьменшылася, але давер да паліцыі таксама зьменшыўся. Людзі, якія не парушаюць закон, ня хочуць, каб іх спынялі на вуліцы і шукалі зброю. Для іх каштоўнасьць уласнай свабоды нашмат вышэйшая за добрую статыстыку. Тады паліцыя пайшла іншым шляхам. Яны проста павялічылі колькасьць супрацоўнікаў у канкрэтным рэгіёне. Стала больш патрулёў, але бязь нейкіх актыўных дзеяньняў. Такі падыход даў значна лепшы вынік.

Што датычыць пратэстаў у ЗША... Карцінка, якую можна пабачыць у расейскамоўнай тэлевізіі, не адпавядае рэальнасьці. У Сан-Францыска на пратэсты хадзіла большасьць маіх белых калегаў. Калі грамадзтва ставіць запатрабаваньне, што яно ня хоча, каб яго прыніжалі, што паліцыя робіць няправільна, то на гэтае запатрабаваньне трэба рэагаваць. Мірныя пратэсты ў ЗША не разганяюцца. Ёсьць прыклады, калі паліцыянты парушаюць інструкцыі, калі дзейнічаюць не паводле закону, а эмацыйна. Але розьніца ў тым, што ў ЗША затрымліваюць і агрэсіўных пратэстоўцаў, якія пераходзяць межы, і паліцыянтаў прыпыняюць у абавязках і праводзяць расьсьледаваньні. Гэты балянс захоўваецца. Парушэньні могуць быць у любоў краіне, але патрэбен балянс.

Чаму беларускае грамадзтва пратэстуе? Няма ніводнай крымінальнай справы супраць супрацоўніка міліцыі. Больш за тое, гэтыя супрацоўнікі схаваныя за маскамі. Таму беларускае грамадзтва патрабуе аднаўленьня справядлівасьці. Звычайна гэта адбываецца праз прыцягненьне да адказнасьці асобы, якая ўчыніла злачынства. На сёньняшні дзень сама міліцыя ў Беларусі пазбаўляе людзей гэтага права. Сілавікі працуюць у балаклавах, іх немагчыма ідэнтыфікаваць і прыцягнуць да асабістай адказнасьці«.

«Для Беларусі ўзор — Швэцыя і краіны Балтыйскага рэгіёну»

«Давайце параўнаем колькасьць міліцыянтаў, якія працуюць у крымінальнай міліцыі, дарожнай; толькі тых, хто займаецца праваахоўнай дзейнасьць. У Швэцыі гэта 206 паліцыянтаў на 100 тысяч насельніцтва. У Беларусі — 400 міліцыянтаў на 100 тысяч. Пры гэтым у Швэцыі зарэгістраваных злачынстваў у год — 1,5 мільёна. У Беларусі — 88 тысяч. Такім чынам мы прыходзім да эфэктыўнасьці аднаго праваахоўніка.

У Беларусі адзін міліцыянт за год займаецца, у сярэднім, двума злачынствамі. Гэта як? У Швэцыі адзін паліцыянт займаецца 60 злачынствамі. Нехта можа сказаць, што ў нас няма злачыннасьці, што толькі 88 тысяч. Гэта няслушна. Гэта індыкатар даверу да паліцыі. У Мэксыцы людзі ўвогуле не зьвяртаюцца ў паліцыю, таму што яны ёй не давяраюць. Яны хутчэй самі будуць вырашаць праблемы з наркакартэлямі і злачыннымі групоўкамі, чым зьвернуцца ў паліцыю.

Гэтая нізкая лічба — паказьнік, што ў статыстыку нешта не трапляе. Па-першае, беларусы зьвяртаюцца ў міліцыю не па ўсіх злачынствах. Па-другое, ня ўсе злачынствы рэгіструюцца, хоць прагрэс за 10 гадоў ёсьць. Некаторыя дзеяньні, магчыма, мы ўвогуле ня лічым злачынствамі».

«Міліцыю 26 гадоў замбавалі. У спрыяльным асяродзьдзі людзі там хутка зьменяцца»

«Ці трэба звальняць усіх міліцыянтаў і набіраць нанова? Тут мы павінны думаць пра доўгатэрміновую грамадзкую карысьць. Магчыма, гэта складана гучыць. Але мы павінны думаць, на якіх падставах мы як грамадзтва хочам будаваць сваё далейшае жыцьцё і якой мы хочам бачыць Беларусь. Разарванай і разьбітай, дзе частка людзей адчуваюць сябе пакрыўджанымі, выгнанымі, ці мы хочам паспрабаваць гэта вырашыць іншымі шляхамі.

Калі вы паглядзіце на сытуацыю з пункту гледжаньня простага міліцыянта ці сьледчага, не датычных да антызаконнай дзейнасьці, да іх усе 26 гадоў было адно запатрабаваньне — эфэктыўнасьць. Ім казалі: вы добры супрацоўнік, калі робіце 1, 2, 3. Адзін, два, тры — гэта ляяльнасьць, выкананьне загадаў, калі ты не спрачаесься з начальнікам і г. д. А цяпер раптам прыходзіць новая ўлада і кажа, што ўсё тое, што вам казалі 26 гадоў — гэта няправільна, таму мы вас усіх выганяем і набіраем новых супрацоўнікаў. Наколькі гэта справядліва? Тады нам трэба выгнаць усё насельніцтва і сказаць, што 26 гадоў яны рабілі ўсё няправільна. Мы ўсе разам выгадавалі гэтага монстра і за 26 гадоў рабілі шмат што няправільна.

Мы вывучылі прыклады рэформаў міліцыі Грузіі і Ўкраіны. У апошнім выпадку гэта быў хутчэй палітычны крок для эфэкту, а не рэальныя дзеяньні. Былі выдаткаваныя вялікія грашовыя і людзкія сродкі, але скончылася ўсё вялікім расчараваньнем. Нам такі досьвед не хацелася б паўтараць.

У Грузіі давер да паліцыі вырас, там ёсьць пазытыўныя моманты. Але рэзкае звальненьне ўсіх трэба абмяркоўваць. Трэба абмяркоўваць, да чаго гэта можа прывесьці празь некаторы час. У 2004 годзе, калі ў Грузіі звольнілі ўсіх паліцыянтаў, гэта здавалася добрай чысткай і добрым спосабам нешта зьмяніць у некаторых падразьдзяленьнях. Але гэтыя людзі апынуліся проста выкінутымі на вуліцу. Многія зь міліцыянтаў, якія цяпер у сыстэме, нідзе сябе больш не ўяўляюць. Гэта някепска. Некаторыя людзі ў сваім жыцьці проста хочуць служыць Радзіме. І вось у Грузіі тыя, каго звольнілі, празь некалькі гадоў пачалі выходзіць на маршы незадаволеных.

Нам трэба глядзець на ўсё з пункту гледжаньня індывідуальнай адказнасьці. Мы павінны будаваць паліцыю на асновах эмпатыі, новых нормаў маралі і новага запатрабаваньня, якое ёсьць у грамадзтве. Але мы таксама павінны зразумець, што міліцыянты ў Беларусі апошнія 26 гадоў былі пад узьдзеяньнем замбаваньня і прапаганды. Калі чалавек паглыбляецца ў новую атмасфэру і сустракаецца з новым запатрабаваньнем, то ён вельмі хутка мяняецца. У спрыяльным асяродзьдзі людзі вучацца вельмі хутка. Калі ў нас атрымаецца зьмяніць сыстэму і даць такое асяродзьдзе, у якім людзі будуць імкнуцца і мяняцца, я лічу, што гэта будзе вялікая перамога. Калі мы зможам пабудаваць грамадзтва на прынцыпах гуманізму і аб’яднаньння ўсіх, то гэта будзе, на мой погляд, на шмат больш эфэктыўна, чым усё зьнішчыць і сказаць, маўляў, усе ня мелі рацыі і таму разыходзімся».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG