Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парыжы на акцыі супраць закону аб глябальнай бясьпецы затрымалі 119 чалавек


Паліцыянты затрымліваюць дэманстранта — пратэстоўца супраць закону аб глябальнай бясьпецы, Парыж
Паліцыянты затрымліваюць дэманстранта — пратэстоўца супраць закону аб глябальнай бясьпецы, Парыж

У Парыжы на акцыі пратэсту супраць «закону аб глябальнай бясьпецы», падчас якой прайшлі сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і сіламі паліцыі, затрымалі больш за сто чалавек.

Пра гэта паведамілі радыё France International і агенцтва AFP.

Як заявіў 12 сьнежня міністар унутраных справаў Францыі Жэральд Дарманэн, у некалькіх радыкальна настроеных і «вельмі жорсткіх» удзельнікаў маршу знайшлі гаечныя ключы і зашрубкі.

Агенцтва AFP са спасылкай на міністра паведамляе пра 119 затрыманых.

У прэфэктуры Парыжу адзначылі, што ў акцыі пратэсту бралі ўдзел актывісты нефармальнага руху Black bloc. Прадстаўнікі паліцыі запэўнілі, што перашкодзілі ім сабрацца ў арганізаваныя групы і зладзіць чарговыя закалоты ў францускай сталіцы.

Паводле СМІ, на адной з вуліц падпалілі скутр, аднак аб пагромах, падобных тым, што адбыліся ў мінулую суботу, не паведамляецца.

5 сьнежня падчас пратэставага маршу было разгромленае аддзяленьне банку ў XX акрузе Парыжу, а да гэтага ў выніку беспарадкаў загарэўся фасад Банку Францыі.

Маршы і мітынгі супраць закону аб глябальнай бясьпецы праходзілі 12 сьнежня па ўсёй Францыі, у прыватнасьці, у Манпэльё, Страсбуры, Лілі, Ліёне, Тулюзе і Марсэлі. У Ліёне на акцыю пратэсту выйшлі тысячы чалавек. У Страсбуры на марш, нягледзячы на моцны дождж, выйшлі каля паўтары тысячы.

На думку актывістаў, закон аб глябальнай бясьпецы, які рэгулюе працу паліцыі, прывядзе да фактычнай забароны на відэа- і фатаздымку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, а расьсьледаваць выпадкі паліцэйскага гвалту стане складаней.

Артыкул 24 законапраекту, які ўжо зацьвердзіў Нацыянальны сход, уводзіць да году турмы і 45 тысяч эўраў штрафу за распаўсюд выявы асобы або любога іншага элемэнту ідэнтыфікацыі паліцыянта або жандара, зьнятага падчас выкананьня ім службовых абавязкаў, з мэтай «нанесьці шкоду яго фізычнай або псыхічнай недатыкальнасьці». Прыхільнікі закону ўпэўненыя, што новыя нормы не прадугледжваюць забарону на здымкі паліцыянтаў і не абмяжоўваюць свабоду слова.

Прадстаўнікі парлямэнцкай большасьці паабяцалі перагледзець фармулёўку артыкулу, аднак словы дэпутатаў не пераканалі пратэстоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG