Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнка перакрывае межы?


У сацсетках актыўна абмяркоўваюць, навошта Лукашэнку «закрываць» Беларусь, пакідаючы вузкае горла для выезду за мяжу. Тлумачэньні самыя разнастайныя: ад банальнай помсты за тое, што Лукашэнку забаранілі афіцыйна ўдзельнічаць у сусьветных спартовых мерапрыемствах, да вэрсіі пра пачатак новай «Паўночнай Карэі».

Сьцісла

  • Згадка пра «льготны выезд не часьцей за адзін раз на шэсьць месяцаў» — псыхалягічны прыём, які штурхае прыняць беларусамі думку, што Лукашэнка — гэта яшчэ надоўга.
  • Праз адзіны авіяцыйны памежны пераход усіх можна кантраляваць на 100%. Асабліва чыноўнікаў, якія паспрабуюць «уцячы з карабля».
  • Беларусь не «Паўночная Карэя», па ўсіх парамэтрах. Лукашэнку было б выгадна, каб усе незадаволеныя выехалі.
  • «Закрываць усіх разам» — страляць сабе ў нагу, толькі дадаваць пары ў кацёл.
  • Тактыка ўладаў падобная да гульні на більярдзе — лупі па шары і глядзі, што з гэтага атрымаецца.

Мая першая рэакцыя на навіну пра значнае абмежаваньне выезду зь Беларусі — думка пра тое, што гэта помста людзям (як было ў Новай Баравой пад Менскам з адключэньнем вады цэламу жыльлёваму комплексу). Маўляў, раз мяне не пускаюць у Эўропу і на спартовыя спаборніцтвы па ўсім сьвеце, вось вам такія контрасанкцыі — я сваіх грамадзянаў да вас не пушчу. А беларусам пакараньне — цяпер ад мяне ня зможаце адпачыць.

COVID-19 як прычына такіх рэзкіх захадаў выглядае больш чым надумана. Не ўпускаць іншаземцаў у краіну — зразумела. Трымаць на карантыне тых, хто прыехаў, — лягічна. Не выпускаць — выглядае як частковае ўвядзеньне надзвычайнага становішча.

Фармальна з краіны можна вылецець, але ж далёка ня кожнаму па кішэні авіяпералёты. І прапускная здольнасьць у Менскага аэрапорта ня тоесная ўсім наземным памежным пераходам разам узятым. Гэта вельмі вузкае горла на мяжы, дзе можна кантраляваць пасажыраў на 100%.

Некаторыя беларусы ў сацсетках пачалі параўноўваць сытуацыю з Паўночнай Карэяй ці сталінскім СССР. «Усё, нас прышчамілі ў пастцы!» Папраўдзе, рэжыму было б выгадна, каб самыя актыўныя зь нязгодных зьехалі за мяжу назаўсёды. Але ж гэта ня тысячы, і нават не дзясяткі тысяч. Гэта мільёны. Тут адным аэрапортам не абыдзесься.

«Паўночнай Карэі» быць ня можа ні рэсурсна, ні праз адсутнасьць фанатыкаў правадыра. Але Лукашэнку і праўда ёсьць каго пільнаваць на мяжы — людзей са свайго атачэньня. Хто сказаў, што заўтра яны не пачнуць паціху пакідаць «карабель» сыстэмы?

Супраць беларускіх «сілавікоў» літоўская пракуратура завяла справу за катаваньні. Праз заяву беларускага грамадзяніна, пацярпелага пасьля «выбараў». Ёсьць вэрсія, што падобных асобаў улады таксама хочуць фільтраваць на мяжы. Хоць гэта, хутчэй, хапаньне за саломінку, бо пацярпелых ад тэрору «сілавікоў» за мяжой ужо сотні, калі ня тысячы. Для пачатку «міні-Нюрнбэргу» дастаткова.

Шмат хто зьвяртае ўвагу, што ізаляцыя беларусаў праз COVID-19 напярэдадні выбарчай кампаніі дадала пратэсту актыўнасьці. І што працягваць цяпер падобнае сьледам за натуральнымі прычынамі — страляць сабе ў нагу. Дадаваць пары ў кацёл.

У абвестцы пра спыненьне наземнага руху праз мяжу абгаворваюцца выключэньні. Там ёсьць фраза пра некаторыя льготы «раз на шэсьць месяцаў».

З гэтага лягічна вынікае, што закрыцьцё межаў плянуецца больш як на шэсьць месяцаў. Гэта вельмі моцны псыхалягічны крок, маўляў: «Спыніцеся!» Супраціўленьне ня мае сэнсу! Лукашэнка застаецца надоўга. У самых нязгодных ёсьць час да 20 сьнежня ўключна. Астатнія прыміце і зьмірыцеся!»

Як па мне, дзеля кантролю за сваімі праўладнымі ды некаторымі з найбольш актыўных грамадзянаў гэта занадта дарагая цана. Бо, апроч дадатковай раззлаванасьці, іншага эфэкту ня будзе. Беларусы ўжо ня тыя людзі, якіх можна запужаць адміністрацыйнымі мерамі. Толькі перад Калядамі грамадзяне памякчэлі ды падабрэлі — наце вам новы раздражняльнік.

Ці будзе яшчэ шэсьць месяцаў працягвацца пандэмія? А ці мае ў сваім распараджэньні шэсьць месяцаў Лукашэнка? І ці сапраўды межы будуць заставацца закрытымі гэтыя шэсьць месяцаў? Як напісаў адзін карыстальнік у фэйсбуку пра беларускія ўлады: «Яны, як у гульні на більярдзе. Лупанулі першы ўдар, а цяпер глядзяць, якія наступствы».

Так было ўжо шмат разоў. Яскравы прыклад з дэкрэтам пра «дармаедаў», які давялося адклікаць пасьля масавага абурэньня. Можа, Лукашэнка хоча атрымаць дадатковы козыр, каб адначасова гандлявацца і з Захадам, і з уласным народам? Толькі хто ж яму цяпер ужо паверыць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG