Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І да сілавікоў паступова даходзіць, што Лукашэнку няма чаго прапанаваць грамадзтву, — палітоляг


На акцыі пратэсту ў Менску, 25 кастрычніка 2020
На акцыі пратэсту ў Менску, 25 кастрычніка 2020

Беларускі палітычны экспэрт Ягор Лебядок аналізуе матывы і наступствы забароны беларусам выяжджаць з краіны, адказвае на пытаньне, хто можа стаяць за скандальнымі зьлівамі, а таксама ацэньвае настроі ў сілавых структурах.

Сьцісла:

  • Лукашэнка нядаўна заяўляў, што няма ніякага сэнсу праз COVID-19 абмяжоўваць перамяшчэньне грамадзянаў ці закрываць межы.
  • Думаю, улады спадзяюцца, што забарона на выезд паслужыць у якасьці стрыманьня.
  • Тое, што за Лукашэнкам няма будучыні ў Беларусі, бачаць ужо і людзі ў пагонах.
  • Уся вэртыкаль улады невыязная ўсе гэтыя 4 месяцы

—Улады Беларусі часова забаранілі выезд грамадзянаў за мяжу, абгрунтоўваючы гэта змаганьнем з эпідэміяй COVID-19. Але, выглядае, значная частка беларускага грамадзтва не паверыла ў гэтую матывацыю і разглядае гэты крок як відавочнае абмежаваньне правоў. Як вы ацэньваеце гэты крок, ці схільныя вы тут бачыць ня толькі барацьбу з ковідам?

— Відавочна, што барацьба з ковідам тут другасная. Лукашэнка ж казаў ня так даўно, падчас разгару эпідэміі, што няма ніякага сэнсу абмяжоўваць перамяшчэньне грамадзянаў ці закрываць межы. А тут раптам межы закрываюцца. Зразумела, гэта мае найперш палітычны кантэкст.

Экспэрт у вайсковай галіне Ягор Лебядок
Экспэрт у вайсковай галіне Ягор Лебядок

Абмежаваньне на выезд нібыта часовае, але калі пачытаць уважліва, то дазваляецца выезд з абгрунтаваных прычынаў (на працу ці на вучобу) толькі раз на паўгода. То бок гэты дакумэнт будзе дзейнічаць і далей, пакуль улады ня вырашаць, што яны дасягнулі мэтаў, якіх спрабуюць дасягнуць гэтай пастановай.

Што гэта за мэты? Цяжка сказаць, што ў іх у галовах. Альбо гэта штуршок для тых, хто разглядае магчымасьць зьехаць з Беларусі, — каб яны зьехалі як мага хутчэй, яшчэ да 20 сьнежня, калі дакумэнт уступіць у сілу. Альбо, наадварот, мэта — утрымаць у Беларусі тых, хто разважае пра ад’езд, — мэдыкаў, праграмістаў, бізнэсоўцаў.

— Некаторыя аглядальнікі ацанілі шэраг апошніх дзеяньняў улады дэ-факта як увядзеньне элемэнтаў надзвычайнага становішча безь юрыдычнага рашэньня.

— Элемэнты надзвычайнага становішча ўжо ёсьць у беларускай рэальнасьці, гэта відавочна. Але што да гэтай пастановы наконт забароны выяжджаць, то незразумела — навошта імкнуцца пакінуць усіх актыўных у Беларусі, калі нібыта наадварот, ёсьць мэта іх пазбавіцца?

— Вы нярэдка пішаце пра сытуацыю і настроі ў сілавых структурах. Калі казаць стратэгічна — што там цяпер адбываецца? Ці застаецца там усё жалезабэтонна, ці маюць рацыю тыя, хто кажа пра пэўныя разломы і нездавальненьне?

— Жалезабэтонна там не было ўжо і да выбараў. Аднак падзеі 9–12 жніўня на пэўны час адсунулі ў бок незадавальненьне сытуацыяй з боку вайскоўцаў і супрацоўнікаў МУС. Трэба было займацца «ратаваньнем дзяржавы», як яны гэта разумелі (і цяпер так лічаць). А цяпер, калі для сілавікоў ужо спакайнейшы час, вярнулася пэўная рутына — узмацняецца праточваньне інфармацыі і настрояў грамадзтва ў сілавы сэктар. Усё гэта спрыяе пэўным хістаньням і сумневам. Гэтая плынь настрояў з цывільнага сэктару у сілавы ідзе і не спыняецца.

Галоўнае — Лукашэнку няма чаго прапанаваць грамадзтву, гэта паступова даходзіць і да сілавікоў. Натуральна, у іх застаецца свая, адрозная, «кухня», — нехта разьлічвае на прасоўваньне па службе, нехта на дзяржаўную кватэру. Але тое, што за Лукашэнкам няма будучыні ў Беларусі, бачаць і людзі ў пагонах. Проста яны пакуль ня бачаць, хто можа гэтую будучыню забясьпечыць. Ціханоўская не пасуе сілавікам хаця б таму, што яна жанчына. Там настроі ў гэтым сэнсе даволі патрыярхальныя.

— Як бы вы ацанілі зьлівы ў тэлеграм-каналы размоваў, як мяркуецца, прэс-сакратара Лукашэнкі, а потым ужо і самога Лукашэнкі? Хто можа быць крыніцай гэтых зьліваў і што яны кажуць пра сытуацыю ўнутры ўладных структураў?

— Калі казаць пра замежную вэрсію — то гэта, безумоўна, Расея. Сакрэт Палішынэля, што яны сочаць і за Лукашэнкам, і за ўсёй вэртыкальлю. Гэта мог быць знак у стылі „мы кантралюем усё, што ты робіш, і таму не дазваляй сабе выбрыкаў кшталту імітацыі “круглых сталоў”“.

Калі казаць пра ўнутраную вэрсію, то гэта могуць быць і самі беларускія сілавікі, якія разумеюць, што тое, што робіць тая ж Эйсмант, кідае цень на рэпутацыю сілавых структураў і ўвогуле не адпавядае маралі і законнасьці.

— Калі зноў вярнуцца да тэмы забароны на выезд, то многія зьвязалі гэта з наступнымі матывамі: ускладніць выезд былым беларускім сілавікам ці тым сілавікам, якія жадаюць стаць «​былымі» і даць адпаведныя паказаньні міжнародным сьледчым структурам, якія ўжо расьсьледуюць парушэньні закону беларускімі сілавікамі.

— Так, кажуць, што гэтая пастанова накіраваная на забарону выезду сьведкам, ці сілавікам, ці прадстаўнікам вэртыкалі ўлады. Я думаю, што гэта ня так. Бо ўжо даволі шмат прыкладаў паказала, што калі ўлада кагосьці ня хоча выпускаць — яму не дадуць выехаць. Мяркую, што ўся вэртыкаль улады нявыязная ўсе гэтыя 4 месяцы. Мітрапаліта Кандрусевіча не пускаюць у Беларусь без усялякіх адмысловых пастановаў, насуперак усім законам.

Відаць, улады спадзяюцца, што забарона на выезд паслужыць у якасьці стрыманьня. Калі ў чалавека ёсьць шлях адыходу, то ён можа больш адкрыта выказвацца, хадзіць на мітынгі. А калі ёсьць разуменьне, што ў разе патрэбы нікуды ня зьедзеш, то некаторыя задумаюцца, і пэўны працэнт можа скарэктаваць свае дзеяньні.

— У кожным разе крок за крокам улада ідзе шляхам самаізаляцыі. Але ці бачыць яна стратэгічную пэрспэктыву на гэтым шляху? Ці сапраўды яна прагне будаваць у Беларусі новую Паўночную Карэю, ці спадзяецца ўціхамірыць грамадзтва і потым зноў пачаць гуляць у “адкрытасьць і лібэралізацыю”?

— Памятаеце, Лукашэнка, выступаючы перад дэпутатамі і чыноўнікамі 4 жніўня, кінуў такую фразу: маўляў, дайце нам год-паўтара, мы з усімі разьбяромся і ўсё потым будзе добра. Такі ў яго падыход цяпер — усё закрыем, навядзём парадак, а потым будзем у вочы ўсім казаць пра новую лібэралізацыю, трансфармацыю і гэтак далей. І гэта далёка ня першы такі выпадак за 26 гадоў ягонага кіраваньня. Але ж не, на гэты раз такі сцэнар ужо ня пройдзе, ніхто яго ня прыме.

Цяперашняя палітычная трасфармацыя грамадзтва, самасьвядомасьць людзей — усе гэта пранікае і ў сілавыя структуры. Мірны пратэст паступова прывядзе да адмовы сыстэмы кіраваньня, калі чалавек, які называе сябе прэзыдэнтам, ня можа рэалізаваць свае паўнамоцтвы, бо ніхто па-сапраўднаму не выконвае ягоныя загады. Такая ўлада робіцца нікому не патрэбная і яе зьліваюць свае ж, як паказвае гістарычны досьвед. Будзе проста невыкананьне ня вельмі разумных загадаў і пастановаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG