Менскі гарадзкі суд пакінуў пад вартай журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, якую прызналі палітзьняволенай

Зьняволеная журналістка Кацярына Барысевіч.
Зьняволеная журналістка Кацярына Барысевіч.

Судзьдзя Менскага гарадзкога суда Т. Акавітая разгледзела пазоў зьняволенай журналісткі Tut.by Кацярыны Барысевіч на зьмяненьне меры стрыманьня.

Пазоў падаў адвакат зьняволенай журналісткі Міхаіл Баднарчук.

Кацярыну Барысевіч пакінулі пад вартай, суддзя Таццяна Акавітая не задаволіла скаргу адваката журналісткі. Паседжанне прайшло ў закрытым рэжыме. Барысевіч раней не прыцягвалася да крымінальнай адказнасьці, мае пастаяннае месца жыхарства ў краіне і працу, станоўчую характарыстыку з месца працы. Кацярына Барысевіч адна выхоўвае непаўнагадовую дачку.

Яна знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў межах крымінальнай справы аб разгалошваньні лекарскай таямніцы аб стане забітага актывіста Рамана Бандарэнкі.

Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкулу, у якім са спасылкай на вынікі экспэртызы паведамлялася, што ў крыві Рамана не было алькаголю. Гэтыя зьвесткі супярэчылі з заявай Лукашэнкі, што Бандарэнка быў нібыта п’яны.

Другі фігурант справы — лекар-анэстэзіёляг Арцём Сарокін. Справы па факце забойства Рамана Бандарэнкі дагэтуль няма.

Супрацоўніцу парталу Tut.by Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцьці мэдычнай таямніцы. Яна была аўтаркай артыкула, дзе прыводзілася сьведчаньне лекара аб адсутнасьці алькаголю ў крыві зьбітага да сьмерці Рамана Бандарэнкі, што супярэчыла заявам Лукашэнкі і іншых уладаў.

Па крымінальнай справе таксама былі зьняволеныя журналісткі тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова, якія вялі жывы рэпартаж з разбурэньня мэмарыялу Рамана Бандарэнкі і разгону мітынгу яго памяці ў двары дому, дзе ён жыў. Беларускія праваабаронцы прызналі зьняволеных журналістаў палітвязьнямі.

​
XS
SM
MD
LG