Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вучняў менскай гімназіі складаюць пратаколы за сьпевы ў перапынках — «несанкцыянаванае мерапрыемства»


Каля менскай гімназіі № 4 прайшоў сход бацькоў. Яны патрабавалі ад дырэктара Андрэя Гоцмана тлумачэньняў, чаму ў гімназію выклікалі міліцыю, якая палохае дзяцей. 30 кастрычніка.
Каля менскай гімназіі № 4 прайшоў сход бацькоў. Яны патрабавалі ад дырэктара Андрэя Гоцмана тлумачэньняў, чаму ў гімназію выклікалі міліцыю, якая палохае дзяцей. 30 кастрычніка.

На вучняў менскай гімназіі № 4, якія сьпявалі на перапынках песьні, заводзяць адміністрацыйныя справы паводле артыкулу 23.34 КаАП — «удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Караць непаўналетніх паводле закону нельга, таму ўзьдзейнічаюць на бацькоў.

Свабода апавядала, як у гімназіі № 4 дзеці сьпявалі на перапынках песьні з рэпэртуару Лявона Вольскага, гуртоў «Ляпіс Трубяцкі», Brutto. Пасьля чарговага іхнага флэшмобу шматдзетны бацька Андрэй Асіпенка, дзеці якога таксама тут вучацца, прыйшоў у двор гімназіі з плякатам «Вучні, вы неверагодныя. Ганарымся вамі».

Хтосьці выклікаў міліцыю, Асіпенку затрымалі і пасадзілі на 15 дзён — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

30 кастрычніка 150 бацькоў прыйшлі да гімназіі і запатрабавалі ад дырэктара тлумачэньняў, чаму ў гімназію выклікаюць міліцыю, якая палохае дзяцей.

Пасьля затрыманьня Андрэя Асіпенкі дзеці пачалі выходзіць з чыстымі аркушамі паперы, расказаў Свабодзе бацька аднаго з гімназістаў.

«Дзеці яго падтрымалі — пачалі выходзіць на перапынках з чыстымі аркушамі паперы. А намесьніца дырэктара ў выхаваўчай працы Вольга Кулінковіч напісала заяву ў міліцыю, маўляў, унутры гімназіі на перапынку ў прысутнасьці настаўнікаў праводзіцца несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», — кажа бацька навучэнца гімназіі.

«Дзецям даюць вымовы. Бацькоў могуць аштрафаваць»

Менская гіназія нумар 4.
Менская гіназія нумар 4.

Цяпер на непаўналетніх дзяцей заводзяць адміністрацыйныя справы паводле артыкулу 23.34 КаАП. Спачатку бацькоў разам зь дзецьмі выклікаюць на «раду прафіляктыкі» ў гімназію, а потым у камісію ў справах непаўналетніх. Бацька гімназіста расказаў, што яго і бацькоў яшчэ 9 школьнікаў ужо выклікалі спачатку на паседжаньне прафіляктычнай рады, а потым — у міліцыю.

«Дзецям выносяць вымовы. І на ўсіх непаўналетніх дзяцей у міліцыі ёсьць заявы паводле артыкулу 23.34. Дзеці непаўналетнія, міліцыя ня можа іх прыцягнуць да адказнасьці, таму пратаколы афармляюць на бацькоў — нібыта за неналежнае выкананьне бацькоўскіх абавязкаў.

На нас такі пратакол аформілі, і мы ўжо давалі паказаньні падпалкоўніку міліцыі. У маім пратаколе пазначана, хто напісаў заяву, — Вольга Кулінковіч, завуч у выхаваўчай працы», — сьцьвярджае бацька.

Сям’я ўжо знайшла адваката, зьбірае характарыстыкі на сына. Цяпер камісія ў справах непаўналетніх будзе прымаць рашэньне, бацькоў могуць аштрафаваць.

«Нашы «сапсаваныя» дзеці ўплываюць на «харошых»

Ён сьцьвярджае, што дзеці ўсё разумеюць. А на прафіляктычнай радзе казалі, што абураюцца іншыя бацькі.

«Прафіляктычная рада спасылаецца на нейкіх ананімных бацькоў, якім не падабаецца, што дзеці ў гімназіі сьпяваюць. Там былі такія дзіўныя фармуляваньні: «Дзеці прыходзяць з гімназіі і задаюць нам нязручныя пытаньні». Нібыта нашыя «сапсаваныя» дзеці уплываюць на «харошых», — дадае мужчына.

І ўзгадвае сваё дзяцінства, калі на ўлік у камісію ў справах непаўналетніх ставілі, «калі хтосьці кагосьці парэзаў нажом, клею нанюхаўся ці штосьці скраў».

«А тут ставяць на ўлік за песьні пад гітару. Як можна пісаць заяву ў міліцыю на дзяцей, якія сьпявалі ў гімназіі пад наглядам настаўнікаў?» — абураецца бацька гімназіста.

На 24 лістапада ў менскай гімназіі № 4 прызначаны ўжо другую «раду прафіляктыкі», куды запрасілі 17 бацькоў зь дзецьмі, а таксама прадстаўнікоў камісіі ў справах непаўналетніх.

«Ёсьць закон, ёсьць правілы ўнутранага распарадку: для чаго ўрок, для чаго перапынак»

Намесьніца дырэктара ў выхаваўчай працы Вольга Кулінковіч адмовілася тлумачыць, чаму на перапынках у гімназіі нельга сьпяваць. Раздражнёна адказала, што «ўсё пытаньні трэба адрасаваць дырэктару гімназіі Андрэю Гоцману». І ўсё ж дадала:

«Ёсьць закон, ёсьць правілы ўнутранага распарадку: для чаго ўрок, для чаго перапынак. На перапынках нельга дзецям зьбірацца — вы што, ня ведаеце, што цяпер каранавірус? У нас у гімназіі сёлета не было ніводнага канцэрту, ніводнага мерапрыемства.

Я нічога вам тлумачыць ня буду, я не абавязана вам тлумачыць!» — сказала Вольга Мікалаеўна і спыніла размову.

Дырэктар гімназіі пастаянна заняты, як адказалі ў прымальні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG