Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы, беларусы, доўга цярпелі» — шматдзетная сям’я, у якой затрымалі бацьку каля гімназіі, дзякуе за дапамогу


Вольга Асіпенка
Вольга Асіпенка

29 кастрычніка шматдзетны бацька Андрэй Асіпенка прыйшоў да гімназіі № 4 з плякатам «Вучні, вы неверагодныя. Ганарымся вамі». У гімназіі вучыцца трое з чатырох яго дзяцей. На вачах у сына Андрэя і затрымалі і ўжо этапавалі ў Жодзіна, дзе ён будзе адбываць 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

«Мне патэлефанаваў сын, ён быў у істэрыцы»

«Мне патэлефанаваў сын, ён быў у істэрыцы, ён плакаў, крычаў: „Мама, тату затрымалі!“ — расказвае Ірына, Андрэева жонка. — Я яго спрабавала супакоіць. У мяне першая рэакцыя была: што зь дзецьмі? Бо побач былі дзеці. Я ведала, што муж за сябе пастаіць».

Пра дзяцей Ірыны і Андрэя паклапаціліся неабыякавыя людзі.

«Дома яны былі, канечне, засмучаныя, плакалі, — працягвае жанчына. — Пагутарылі зь імі, паабдымаліся. Я сказала, што з татам будзе ўсё добра, трэба за яго маліцца, жадаць у сэрцайках яму ўсяго добрага. Дзеці чакаюць бацьку».

Ірына ведала, што муж паедзе ў гімназію. Яна падтрымлівае яго рашэньне разгарнуць плякат у падтрымку гімназістаў.

«У нас цяпер такая сытуацыя ў краіне, што маўчаць нельга. Мы, беларусы, доўга цярпелі, і так склалася, што час ужо гаварыць. Кожнаму, як хто можа. Мяне радуе, што людзі не ідуць з кулакамі, а так як мой муж — мірна стаяў з плякатам. І ў тым, што было напісана на плякаце, не было абсалютна ніякай палітычнай падаплёкі».

Паводле Ірыны, Андрэй быў захоплены ўчынкамі дзяцей, неабыякавых да таго, што адбываецца ў краіне. На працягу некалькіх дзён вучні 4-й беларускамоўнай гімназіі зьбіраюцца на перапынках, сьпяваюць песьні. Ірына кажа, што Андрэй вельмі хацеў, каб дзеці вучыліся ў гэтай гімназіі, атрымалі добрую адукацыю, каб ведалі беларускую мову. Ірына ведала, што апошнімі днямі адбывалася ў гімназіі. Яна кажа, што на відэа дзеці казалі такія словы, якія пранікаюць у душу, і яна ганарыцца, што яны не баяцца выказацца і сьпяваць тое, што ім падабаецца.

«Таму гэта быў добры жэст, каб падтрымаць гімназістаў, паказаць, што нам неабыякава, якія нашы дзеці, Таму я падтрымліваю мужа. Цяпер жа нічога не схаваеш у скрыначку, і тэлеграм-каналы стракацелі відэа, калі настаўнікі спрабавалі адчытаць дзяцей, што яны, маўляў, няправільна сябе паводзяць. Таму муж хацеў падтрымаць дзяцей, сказаць, што яны нічога дрэннага ня робяць. Бог даў нам здольнасьць сьпяваць, гаварыць. Калі гэта дадзена богам, то чалавек гэтага ня можа адабраць».

«15 сутак. За што?»

Ірына кажа, што ні яна, ні адвакат не пасьпелі патрапіць на пасяджэньне ў Фрунзэнскім судзе Менску, дзе разглядалі справу Андрэя.

«Яны зрабілі ўсё вельмі хутка, і ў 11.30 усё было вырашана. Я ў гэтым часе была ў судзе і спрабавала дамагчыся праўды, даведацца, які судзьдзя будзе разглядаць справу, бегала, шукала памочніка судзьдзі. І калі знайшла, памочніца сказала, што ўжо ўсё вырашана, 15 сутак. Я пытаюся: „За што?“ Яна адказвае, што за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі».

Бацькі гімназістаў цяпер зьбіраюць подпісы пад хадайніцтвам аб вызваленьні Андрэя, рашэньне суду будзе абскарджвацца.

«Мы спадзяемся, што адпусьцяць ці хаця б зьменшаць арышт, бо яму далі максымалку як асабліва небясьпечнаму. Гэта жахліва. Ты разумееш, што гэта няправільна, але ўжо як ёсьць. Я лічу, што гэта жорстка, ні за што — гэта жорстка».

Ірына знайшла ў сьпісах у інтэрнэце, што Андрэй пераведзены з ІЧУ на Акрэсьціна ў Жодзіна. Цяпер яна чакае серады, каб завезьці перадачу. У гэтым дапамагае Андрэеў брат.

«Неабыякавыя людзі, якія прайшлі праз увесь гэты кашмар, напісалі, што насамрэч патрэбна чалавеку там, то бок сьпіс у мяне ёсьць, засталося ўсё купіць. Гэта будуць цёплыя рэчы, нейкая ежа, кнігі, крыжаванкі. Дзеці выдзелілі сваю любімую гульню, можа атрымаецца перадаць. Але ёсьць абмежаваньні па вазе, таму пакладзем самае неабходнае. Канечне, перадаць хочацца шмат, але, на жаль, ад нас мала што залежыць».

Як перажыць сям’і 15 сутак?

У сям’і Асіпенкаў чацьвёра дзяцей, малодшай дачцэ 4 гады, старэйшаму сыну 12 гадоў.

Ірына кажа, што за гэтыя два дні атрымала шмат словаў падтрымкі ад розных людзей, якія прапаноўвалі дапамагчы зь дзецьмі, з харчамі, з грашыма.

«Доўга я адмаўлялася, бо неяк нязручна прымаць дапамогу. Але многа людзей тэлефанавалі, прасілі сказаць нумар карткі, таму давялося сказаць. Ужо ў першы дзень людзі пачалі дасылаць ахвяраваньні. Тэлефон не спыняўся „пікаць“ ад СМС-ак. Таму я хачу праз вас перадаць людзям вялізную падзяку. Хаця маё „дзякуй“ ня можа выказаць усіх маіх пачуцьцяў, бо гэта нешта неверагоднае. Гэта такая падтрымка, такая моц! Я адчуваю, што людзі побач — гэта адзінства, неабыякавасьць. Таму перажывём».

Цяпер у дзяцей будзе тыдзень канікулаў, яны будуць дома разам з Ірынай (яна цяпер працуе дома). Потым старэйшыя пойдуць у гімназію, а маленькую дачку Ірына будзе вазіць у садок.

«Мы расказвалі дзецям, што адбываецца ў краіне, наколькі гэта магчыма, каб іх не траўмаваць. Бо яны пыталіся, а што гэта, калі мы глядзелі нейкае відэа. Яны яшчэ малыя, і ім яшчэ рана сутыкацца з гэтай несправядлівасьцю і жорсткасьцю. Але яны жывуць у гэтай краіне і ўсё бачаць. І цяпер я сказала ім, што тата дарослы і ён справіцца. Таму яны чакаюць, калі паедзем яго сустракаць на волі».

Пра сытуацыю ў Беларусі Ірына кажа, што ўжо пройдзена кропка, пасьля якой няма вяртаньня ў былое.

«Народ прачнуўся, і гэта рэальная моц», — кажа яна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG