Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар гімназіі заявіў, што рэпэртуар песень трэба ўзгадняць


Дырэктар гімназіі Андрэй Гоцман перад бацькамі

Каля менскай гімназіі № 4 прайшоў сход бацькоў, якія запатрабавалі ад дырэктара тлумачэньняў, чаму ў гімназію выклікаюць міліцыю, якая палохае дзяцей.

Яны таксама былі абураныя затрыманьнем у двары навучальнай установы Андрэя Асіпенкі, бацькі траіх дзяцей, якія вучацца ў гімназіі. Яго зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна. Пасьля сходу стала вядома, што яму прысудзілі 15 сутак. Адвакат і сваякі не пасьпелі на працэс.

Некалькі дзён запар гімназісты ладзілі на перапынках флэшмобы, сьпявалі. Калі дырэктар пачаў выклікаць у кабінэт вучняў старшых клясаў, дзеці стаялі ў калідоры і скандавалі: «Выпускай!»

Дырэктар дазволіў дзецям сьпяваць не ў калідоры, а ў актавай залі. Дзеці былі ня супраць, але на адным з перапынкаў правялі акцыю на ганку. Да дзяцей падышоў мужчына з плякатам «Вучні, вы неймаверныя. Ганарымся вамі». Неўзабаве ў гімназію прыехаў нарад Дэпартамэнту аховы, які затрымаў гэтага мужчыну. Дзеці ўсьлед крычалі: «Ганьба».

У афіцыйным камэнтары МУС гаворыцца, што супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы выехалі пасьля таго, як спрацавала кнопка трывожнай сыгналізацыі. Адміністрацыя гімназіі патлумачыла, што ў двары невядомы з плякатам «бударажыць розумы дзяцей» пратэставымі поглядамі, сарваў навучальны працэс і заклікаў да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах.

На 41-гадовага менчука склалі пратакол за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў, ён у ІЧУ.

Раніцай 30 кастрычніка каля 150 бацькоў сабраліся на тэрыторыі гімназіі. Спачатку адміністрацыя замкнула дзьверы і нікога не пускала ў памяшканьне. Аднак неўзабаве выйшаў дырэктар Андрэй Гоцман і папрасіў вылучыць 5 дэлегатаў, зь якімі ён гатовы весьці перамовы. Калі народ абурыўся, быў вымушаны апраўдвацца з ганку.

Ён сказаў, што ня мае дачыненьня да выкліку міліцыі, маўляў, «трывожная кнопка» знаходзіцца на вахце. Дзяжурны сам вырашае, наколькі небясьпечная сытуацыя. У выпадку з мужчынам гэта было апраўдана, бо ён нібыта правакаваў дзяцей на «несанкцыянаваную акцыю», што ёсьць парушэньнем закону. У тое, што было напісана на плякаце, кіраўнік гімназіі «ня ўчытваўся». Паводле яго, навучальная ўстанова «ня месца для пікетаваньня».

Бацька аднаго з вучняў заявіў: калі з Андрэем Асіпенкам штосьці здарыцца на Акрэсьціна, віну за гэта будзе несьці асабіста дырэктар.

Адзін з кіраўнікоў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі сказаў Свабодзе, што бацькі ня будуць трываць запужваньне сваіх дзяцей з боку адміністрацыі.

«Таксама мы не задаволеныя затрыманьнем бацькі трох гімназістаў, які прыйшоў з плякатам, на якім было напісана, што ён ганарыцца дзецьмі. Гэта нонсэнс, што яго затрымалі і будуць судзіць. Мы запатрабавалі, каб адміністрацыя хадайнічала аб ягоным вызваленьні. Бацькі ня будуць маўчаць. Пакуль дамовіліся з дырэктарам, што дзеці могуць сьпяваць у любы перапынак у актавай залі».

Але Андрэй Гоцман заявіў, што «рэпэртуар» ня можа быць «якім заўгодна», яго трэба будзе ўзгадніць.

Адзін з актыўных гімназістаў расказаў Свабодзе, што напярэдадні ў яго адбылася гадзінная размова з дырэктарам, які прыгразіў адлічэньнем у выпадку новых пратэставых акцый. Маўляў, пойдзеш вучыцца па месцы прапіскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG