Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМАП затрымаў у Менску яшчэ аднаго пратэстоўца, які выйшаў на пікет да школы


Ауцыя пратэсту пасьля выбараў 9 жніўня. Ілюстратыўнае фота.

30 кастрычніка працягваецца перасьлед людзей за палітычныя погляды. Праваабаронцы «Вясны» зьбіраюць факты затрыманьняў, ператрусаў, адлічэньняў студэнтаў і звальненьня працоўных.

У Менску раніцай падчас адзіночнага пікету каля сталічнай гімназіі № 8 затрымалі Івана Булву. Па словах сьведак, яго скруцілі чатыры амапаўцы і запхнулі ў аўтамабіль і, як мяркуюць праваабаронцы, павезьлі ў РУУС Савецкага раёну.

Напярэдадні каля менскай гімназіі № 4 экіпаваныя байцы Дэпартамэнту аховы схапілі Андрэя Асіпенку, у якога тут вучацца трое дзяцей. Ён выйшаў з плякатам «Вучні, вы неімаверныя! Ганарымся вамі». Суд Фрунзэнскага раёну асудзіў яго на 15 дзён арышту за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі».

Праваабаронцы таксама паведамляюць, што ў Менску ўначы з дому супрацоўнікі міліцыі забралі Кірыла Фядосава. Ягоны бацька змог даведацца, што сына адвезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна. Таксама з кватэры ў РУУС Савецкага раёну забралі Паўла Янкоўскага.

Паведамляецца пра затрыманьне жыхара Менска Сяргея Ласіцкага. Яго даставілі спачатку ў Маскоўскі РУУС, а затым у Сьледчы камітэт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG