Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для іх ёсьць толькі грошы, улада, жывёльныя патрэбы». Музыка Павал Аракелян выйшаў на волю


Павал Аракелян, архіўнае фота
Павал Аракелян, архіўнае фота

Джазмэн, саксафаніст правёў за кратамі 15 дзён. Кажа, што яго гэта толькі ўзбадзёрыла.

Паўла Аракеляна затрымалі 7 лістапада пасьля канцэрту ў Малінаўцы. За кратамі саксафаніст правёў 15 дзён. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў пра свае ўражаньні ад турэмных прыгодаў.

«Настрой бадзёры, жвавы, — кажа Аракелян. — Як і два тыдні таму. Нават лепшы. Як у санаторыі пабываў».

Пра затрыманьне Паўла Аракеляна стала вядома ад кіроўцы, які вёз яго з канцэрту. Увечары 7 лістапада ён расказваў, што ўсё адбывалася хутка і даволі жорстка. Павал гэта пацьвярджае.

«Выцягвалі мяне, у сутнасьці, з аўтамабіля ў руху, — узгадвае ён. — З кіроўцам разам. Паклалі мордай у канапу ў амапаўскі бус. Пад „сяброўскую“ размову павезьлі ў РУУС. Я праслухаў усю мэтадычку. Думаю, цяпер любога міліцыянта можна браць, і ён вам раскажа, што калі сюды прыйдзе Эўропа, то Беларусі не будзе; што калі не Лукашэнка, то хто; што вось ты, Аракелян, нармальны, але ўсе іншыя праплачаныя».

З словаў музыкі, амапаўцы добра ведалі, каго і чаму яны затрымліваюць. Пры гэтым нават выказвалі нейкую спагаду.

«Гаварылі, што я проста збочыў не туды, — кажа Павал. — Спыталі ў мяне, ці я не спужаўся. Кажу, што не з пужлівых. Пачуў тады нават фразу, што мне пашанцавала, што яны мяне ведаюць. Таму, маўляў, мне лёгка абышлося».

Пасьля затрыманьня музыку павезьлі ў Маскоўскае РУУС, дзе ўжо былі затрыманыя ўдзень журналісты і дзяўчаты з маршу. Павал гаворыць, што пратакол склалі хутка, пасьля чаго адразу этапавалі на Акрэсьціна. Потым ён быў у Жодзіне, а завяршаў адседку ў Магілёве.

«Увогуле паўсюль, ад самага пачатку і да канца, паўнавартасныя катаваньні, — кажа Аракелян. — Антысанітарыя, адсутнасьць гігіены, туалетнай паперы, вады, чалавечага стаўленьня. Паўсюль тое, пра што расказвала Алена Леўчанка. Але ўсім, хто там знаходзіцца, усім людзям пляваць на гэта абсалютна».

Музыка гаворыць, што адчувае сорам перад сукамэрнікамі за тое, што крыху зьніжаў узровень дыскусіяў у камэрах сваёй прысутнасьцю.

«Я дакладна ведаю, што паўсюль, вуа ўсіх так званых „хатах“, людзі ў асноўным самаадукоўваюцца, — кажа ён. — Інтэлігенцыя ж сабралася. Але, калі шчыра, усе „хаты“, куды я заяжджаў, я хутка апускаў на свой узровень. Таму 90% часу мы рагаталі, калі хтосьці ішоў на прыбіральню. Шчыра кажу, як было, так было. Але 10% мы ўсё ж такі самаадукоўваліся. Абмяркоўвалі што заўгодна. Гэта нават магло дэмаралізаваць той бок, бо палонныя сядзелі і ўпэўнена абмяркоўвалі, што будзе, калі мы пераможам. Якія рэформы, усё такое. Няма ніводнага сумневу ў тым, што будзе далей, як трэба дзейнічаць».

Па словах Аракеляна, яго папярэджвалі пра магчымае затрыманьне. Расказаць падрабязна пра гэта музыка ня можа, але ён ведаў пра ўсё загадзя. А вось чаму ўлада арганізавала хапун на ўдзельнікаў дваравых кастрычніцкіх канцэртаў, можна толькі здагадвацца.

«Я нават спрабаваў дабіцца адказу на гэтае пытаньне ў тых людзей, якія мяне арыштоўвалі, — кажа Аракелян. — Думаю, гэта зноў нейкая мэтадычка. Цяпер паўсюль шукаюць нейкіх арганізатараў. Адбываецца канфлікт Савецкага Саюзу, які пакуль пры ўладзе, і сучаснасьці, ХХІ стагодзьдзя. Гэта саўкі, якія проста не разумеюць, як так можа быць, што такое ідэя. Для іх ёсьць толькі грошы, улада. Толькі першасныя патрэбы, жывёльныя. Яны проста не разумеюць, што можа быць інакш. Для іх прадаць можна ўсё; думаюць, што ёсьць нейкія людзі, якія атрымліваюць прыбытак з усіх гэтых падзей. Але яны нідзе іх не знаходзяць, таму хапаюць усіх. Але выніку няма. І паразуменьня не атрымаецца. Адыходзіць старая эпоха і прыходзіць новая».

Аракелян кажа таксама, што ў камэрах на Акрэсьціна, у Жодзіне і Магілёве сядзяць прадстаўнікі ўсяго народу. У кожнай «хаце» ёсьць айцішнікі, музыкі, лекары, рабочыя, дальнабойнікі, беспрацоўныя, настаўнікі.

«Я вельмі ўсьцешаны, што мяне „ўзялі“ акурат пасьля апошняга з заплянаваных канцэртаў, — гаворыць пра свае далейшыя пляны Аракелян. — У гэтым пляне зрабіў усё, што плянаваў. Далей не было магчымасьці праз надвор’е. Былі пляны ў сфэры культурнай салідарнасьці, але зараз трэба будзе крыху заняцца здароўем. Спадзяюся, ня вельмі шмат гэта зойме. І буду працягваць тое, што плянаваў рабіць далей. Зараз паспрабую ў навінах зарыентавацца, магчыма, нейкія ідэі прыйдуць яшчэ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG