Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому камандзіру АМАПу, якога пабілі сілавікі, прысудзілі 3 гады турмы за «гвалт над міліцыянтам»


Уладзімер Шустаў пасьля прысуду
Уладзімер Шустаў пасьля прысуду

Магілёўцу Ўладзімеру Шуставу, якога абвінавацілі ў фізычным гвалце ў дачыненьні да міліцыянта 10 жніўня, прысудзілі 3 гады калёніі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму, паведаміў тэлеграм-канал, які належыць праваабарончай валянтэрскай групе «MAYDAY».

Судзьдзя на працэсе — Алена Літвіна. Дзяржаўны абвінаваўца — Ібуціна.

Уладзімер Шустаў — у мінулым камандзір падразьдзяленьня АМАПу і супрацоўнік службы аховы Аляксандра Лукашэнкі.

Пасьля абвяшчэньня выраку Ўладзімер Шустаў заявіў, што пакараць трэба міліцыянтаў, якія яго білі.

«Каб не караць дзясяткі, яны пакаралі аднаго. Гэтыя фашысты білі мяне, і гэта ўсё відаць, і суд слухаў гэта, але не пачуў, як ён ня чуе нікога».

10 жніўня сілавікі пабілі Ўладзімера Шустава разам з сынам падчас разгону пратэстоўцаў у Магілёве. Як высьветлілася пазьней, адзін міліцыянт напісаў заяву на Ўладзімера.

Шустаў віны не прызнаў, маўляў, яго білі і ён проста зачапіўся за міліцыянта пры падзеньні.

Інцыдэнт 10 жніўня

Паводле незалежнага магілёўскага сайту 6tv.by, Шустаў сьцьвярджаў, што ўвечары 10 жніўня 2020 году ён разам з дарослым сынам паехаў у цэнтар гораду, каб выпіць піва. У гэты час каля плошчы Зорак, што побач з кінатэатрам «Радзіма», міліцыянты ў бронекамізэльках, шлемах і іншай амуніцыі разганялі людзей, якія знаходзіліся там. Адзін зь іх схапіў ззаду за горла ні ў чым не вінаватага, на думку Шустава, хлопца і пачаў душыць.

Гэта абурыла былога амапаўца, які ўбачыў, як міліцыянты б'юць і затрымліваюць мірных грамадзян. Паводле яго, ён ні на кога не нападаў, але пры гэтым атрымаў дубінкай па галаве. Спатыкнуўшыся і падаючы наперад, ён закрануў галавой тулава пацярпелага ўчастковага інспэктара міліцыі Аляксандра Шмаянкова, які стаў побач, а затым, спрабуючы ўтрымацца, ухапіўся за яго ногі. З гэтай прычыны міліцыянт упаў на ягадзіцы.

АМАП перад разгонам акцыі пратэсту ў Магілёве 10 жніўня
АМАП перад разгонам акцыі пратэсту ў Магілёве 10 жніўня

Што кажа пацярпелы міліцыянт

Па словах жа Шмаянкова, ён казаў Шуставу і іншым грамадзянам пакінуць плошчу Зорак, пры гэтым нікога ня біў. У сваю чаргу Шустаў нібыта нечакана ўдарыў яго галавой у бронекамізэльку, а потым захапіў рукамі ногі.

Тады ж былога амапаўца і яго сына затрымалі і асудзілі на адміністрацыйны арышт паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі). Уладзімер Шустаў затым стаў фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Судзьдзя адхіліла хадайніцтвы Шустава

У гарадзкой лякарні хуткай мэдычнай дапамогі 10 жніўня дыягнаставалі ў абвінавачанага страсеньне галаўнога мозгу, і ён напісаў заяву аб пабіцьці. Вынікі праверкі па заяве да гэтага часу ні яму, ні яго адвакату невядомыя. Шмаянкоў жа пра тое, што да яго быў ужыты гвалт, напісаў толькі ў ноч з 11 на 12 жніўня. Пры гэтым пра нейкія цялесныя пашкоджаньні ва ўчастковага міліцыянта гаворкі не ідзе.

На судзе быў прагледжаны відэазапіс, які, як сьцьвярджаюць падсудны і ягоны адвакат, ніяк не адпавядае апісаньню і інкрымінаванаму дзеяньню. Судзьдзя Алена Літвіна 13 лістапада адхіліла ўсе хадайніцтвы Шустава, на падставе якіх можна зрабіць выснову аб яго невінаватасьці.

У спрэчках пракурор заявіла, што лічыць віну падсуднага ва ўжываньні гвалту да Шмаянкова як да прадстаўніка ўлады даказанай і прасіла прызначыць Шуставу пяць гадоў калёніі агульнага рэжыму. Адвакат сказаў, што віна ягонага падабароннага не даказаная, і прасіў таму вынесьці апраўдальны прысуд.

У сваім апошнім слове былы амапавец папрасіў прабачэньня ў сваёй жонкі, якая разам з сынам прысутнічала ў залі суду. Зьвяртаючыся да пацярпелага, ён сказаў:

«Вам далі каманду, і вы яе выканалі. І дрэнна выканалі. Вы парушылі закон. Я закону не парушаў. Я невінаваты. У мяне ўсё».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG