Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На спаленым лецішчы акадэміка Мрочака валянтэры зладзілі талаку


На пажарышчы лецішча
На пажарышчы лецішча

Каля трыццаці валянтэраў, якія адгукнуліся на заклік у сацыяльных сетках, дапамаглі акадэміку Аляксандру Мрочаку разабраць сьмецьце на месцы пажару ў ягоным лецішчы.

Сярод іх былі калегі Мрочака па Акадэміі навук, прафэсары-кардыёлягі і супрацоўнікі аддзяленьня рэанімацыі РНПЦ «Кардыялёгія», у тым ліку людзі з сусьветнымі імёнамі — акадэмік Юры Астроўскі і прафэсар Уладзімер Мінчэня.

13 лістапада на лецішчы акадэміка Аляксандра Мрочака здарыўся пажар: згарэла альтанка, была пашкоджаная частка дому, падвал, лазьня. Падпальшчыкі пакінулі акадэміку запіску з пагрозамі.

Пасьля здарэньня Аляксандар Мрочак пакуль асьцерагаецца даваць вялікія інтэрвію журналістам. Ягоны сын Дзьмітры расказаў Радыё Свабода, што ў інтэрнэце былі апублікаваныя асабістыя дадзеныя лекараў, якія падтрымалі беларускія пратэсты, у тым ліку адрасы дачных участкаў — магчыма, менавіта там падпальшчыкі і знайшлі адрас дома ягонага бацькі, які, на шчасьце, у момант падпалу быў у іншым месцы.

Дзьмітры Мрочак, які таксама працуе лекарам, але ўжо даволі даўно жыве ў Гішпаніі, адзначае, што ягоны бацька раней быў досыць апалітычным чалавекам. «Уся гэтая сытуацыя прымусіла яго пагрузіцца ў палітыку. Ён пачаў даваць камэнтары і пра жорсткасьць сілавікоў, і адносна COVID'у, пра тое, што Міністэрства аховы здароўя заніжае рэальныя лічбы. Потым апублікаваў свой знакаміты адкрыты ліст».

У адкрытым лісьце ўладам 23 кастрычніка Аляксандар Мрочак пісаў:

«Ёсьць розныя прафэсіі ў грамадзтве — „выбірай на густ“. Ёсьць такая прафэсія — радзіму абараняць! А ёсьць — радзіму гвалтаваць, зьбіваць, калечыць, прычыняючы ёй боль і невыносныя пакуты, выкарыстоўваючы спэцсродкі, якія радзіма ж і ўручыла. Нават баявую зброю дала, якую абяцаюць выкарыстаць „гуманна“! Гуманна — гэта як, пакалечыць, каб застаўся жывы, або напавал, каб ня мучыўся?» — гаварылася ў лісьце.

«Я, на жаль, назіраю за ўсім, што адбывалася, збоку, — кажа сын акадэміка Дзьмітры Мрочак. — Я лічу, што тыя акцыі ў падтрымку людзей, на якія выходзяць мэдыкі, — гэта вельмі вялікая справа. Яны сапраўды паказалі сябе як актыўная частка насельніцтва. Я бачу ў працоўных чатах, як яны адчуваюць сваё пакліканьне дапамагаць людзям: аб’ядноўваюцца ў групы, за свае грошы купляюць лекі, бінты, зьбіраюць аптэчкі і ідуць дапамагаць людзям на мірныя акцыі.

Я штодня чытаю навіны пра падзеі ў мяне на радзіме і кожны раз думаю: вось яно, дно, далей ужо няма куды. Але надыходзіць новы дзень — і пачынаеш разумець, што да дна яшчэ далёка. Бачна, вядома, што людзі прытаміліся, у тым ліку ў маральным пляне. Хочацца, каб твае дзеяньні былі эфэктыўныя, а тут такой эфэктыўнасьці, якую можна было б памацаць рукамі, няма. Але гэта ня значыць, што людзі пагадзіліся з тым, што адбываецца. Я думаў, што страх, у якім краіна жыла 26 гадоў, ужо не пераадолець. Але мы бачым, што зьявілася новае пакаленьне, якое стамілася баяцца», — кажа Дзьмітры Мрочак.

На пытаньне Свабоды, ці прапаноўваў ён бацьку перабрацца ў Гішпанію, Дзьмітры Мрочак адказвае станоўча. «Насамрэч, ён тут быў у мяне тры тыдні, паглядзеў на ўнукаў, аджыў трошкі. Але ўсё роўна вырашыў, што ў Беларусі ён будзе больш карысным, і зьехаў».

Аляксандар Мрочак — вядомы беларускі кардыёляг, заслужаны дзеяч навукі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар мэдычных навук, прафэсар, былы дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія».

27 жніўня Міністэрства аховы здароўя звольніла Мрочака з пасады кіраўніка РНПЦ «Кардыялёгія», нягледзячы на тое, што ў цэнтры зьбіралі подпісы пад калектыўнай заявай у абарону свайго дырэктара. Сам Мрочак зьвязвае рашэньне з тым, што лекары клінікі ў непрацоўны час выходзілі на пікеты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG