Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выступіла перад міністрамі культуры краін ЭЗ. Гаварылі пра беларускую культуру і яе захаваньне

Сьвятлана Ціханоўская зь міністрамі культуры краін ЭЗ, 13 траўня 2024
Сьвятлана Ціханоўская зь міністрамі культуры краін ЭЗ, 13 траўня 2024

У панядзелак 13 траўня Сьвятлана Ціханоўская выступіла ў Антвэрпэне перад міністрамі культуры краін Эўразьвязу на запрашэньне Бэльгіі, якая цяпер старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе. Таксама Ціханоўская правяла шэраг двухбаковых сустрэч зь міністрамі.

У сваім выступе Сьвятлана Ціханоўская зьвярнула ўвагу на важнасьць падтрымкі беларускай культуры, мовы, нацыянальнай тоеснасьці. «Беларускае змаганьне за дэмакратыю — гэта яшчэ і змаганьне за нашую эўрапейскую ідэнтычнасьць», — сказала яна.

Разам зь Ціханоўскай удзел у сустрэчах бярэ Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) у нацыянальным адраджэньні.

Ціханоўская зьвярнула ўвагу на маштабную русыфікацыю, якая працягваецца і нават узмацнілася ў Беларусі:

«Сёньня тое, што робіць Расея і яе марыянэткавы рэжым у Менску, можа сьцерці нашу нацыянальную ідэнтычнасьць і зьнішчыць усё, што зьвязвае нас з Эўропай. Падручнікі гісторыі перапісваюцца. Нацыянальных герояў называюць здраднікамі. Пісьменьнікі і музыкі, якія адмаўляюцца ісьці па „новай лініі“, маркіруюцца „экстрэмістамі“. Найбольш таленавітыя былі кінутыя ў турмы або вымушаныя былі ўцякаць. Нават размаўляць на беларускай мове стала злачынствам!

Ва Ўкраіне Расея ваюе снарадамі і танкамі. У Беларусі — змагаецца з дапамогай прапаганды ў культурнай сфэры. Але наша культура — наша самая моцная сакрэтная зброя і наша звышсіла. Людзей з моцнай нацыянальнай тоеснасьцю немагчыма запрыгоніць», — заявіла Ціханоўская.

Ціханоўская падаравала міністру-прэзыдэнту Фляндрыі (Бэльгія) Яну Ямбону карціну «Беларускае сонца» мастака Алеся Пушкіна, які памёр у турме ўлетку 2023 году.

Ціханоўская перадала музэю карціну Алеся Пушкіна «Беларускае сонца»
Ціханоўская перадала музэю карціну Алеся Пушкіна «Беларускае сонца»

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG