Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаюць партнэры ЗША ад новага прэзыдэнта, а чаго ён ад іх. Аналіз


Ілюстрацыйнае фота. Эўракамісія, Брусэль

Ня варта памыляцца: большасьць у кіраўніцтве NATO і Эўрапейскага зьвязу з палёгкай успрынялі навіну пра тое, што наступным прэзыдэнтам ЗША стане Джо Байдэн, піша Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі аглядальнік Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.

Многія зь іх спадзяюцца на вяртаньне да ранейшага парадку рэчаў, які грунтуецца на выкананьні пэўных правілаў, — яго доўгі час прытрымліваліся як у Вашынгтоне, так і ў Брусэлі. Але эўрапейскія палітыкі разумеюць, што калі гэта яшчэ магчыма ў такіх галінах, як міжнародны гандаль ці абарона навакольнага асяродзьдзя, то многае іншае ніколі ня будзе такім, як раней, нават калі будучы прэзыдэнт ЗША выявіцца прыхільнікам шматбаковых падыходаў.

Эўрапейскія афіцыйныя асобы практычна адзіныя ў тым, якіх менавіта пераменаў у дачыненьнях з ЗША яны цяпер чакаюць: у іх танальнасьці, стылі — да большай даверлівасьці. Пажаданьні могуць падацца вельмі сьціплымі, аднак для непаваротлівых і бюракратызаваныя структур (такіх як Эўрапейскі зьвяз і NATO) такія перамены азначаюць многае. Іх прыхільнасьць пошукам кансэнсусу, абмеркаваньню і перамовам дрэнна спалучалася зь бесцырымоннасьцю зьнешняй палітыкі Дональда Трампа і яго пастаянным зваротам да твітэр-дыпляматыі. Абедзьве структуры перажылі чатыры апошнія гады, аднак чыноўнікі і ў ЭЗ, і ў NATO кажуць ня толькі аб нанесенай шкодзе, але і аб праблемах, якія застаюцца нявырашаным і таму могуць насьпяваць паволі.

NATO пацярпела ў большай ступені. Спачатку Трамп назваў ваенную арганізацыю «састарэлай», абвінаваціў тых яе ўдзельнікаў, якія выдаткоўваюць на абарону менш за 2% ВУП, ва «ўхіленьні» ад сваіх абавязацельстваў і нават прыгразіў выхадам ЗША з Паўночнаатлянтычнага блёку. Але што яшчэ больш сур’ёзна, як адзначыў адзін яе высокапастаўлены чыноўнік, прэзыдэнт ЗША ня надта цырымоніўся і з палажэньнямі 5-га артыкулу Статуту, які прадугледжвае калектыўную абарону краін-удзельніц. Сэнс NATO, па словах гэтага чыноўніка, «у тым, што людзі ўпэўненыя: калі раптам, скажам, Эстонія падвергнецца ўзброенаму нападу, то іншыя ўдзельнікі, уключаючы ЗША, заступяцца за яе неадкладна. Калі ж такой упэўненасьці няма, то і пра NATO казаць не выпадае».

Зараз зьявіліся надзеі, што гэтая ўпэўненасьць вернецца. Але эўрапейскія чыноўнікі ў NATO прызнаюць і перамены, якія адбыліся ў арганізацыі ў апошні час. Выдаткі на абарону вырасьлі ад 2016 году на 19% — верагодна, пад ціскам Вашынгтону. ЗША разьмясьцілі свой вайсковы кантынгент у некалькіх краінах Эўропы і прынялі важкі ўдзел у найбуйнейшых ад часоў халоднай вайны вайсковых вучэньнях.

Прэзыдэнт Байдэн, хутчэй за ўсё, таксама будзе дамагацца ад эўрапейскіх краін нарошчваньня вайсковых выдаткаў, хоць многія зь іх наўрад ці могуць сабе гэта дазволіць цяпер праз пандэмію. Што, у сваю чаргу, можа пацягнуць новыя непаразуменьні ў адносінах. Як і Трампу, Байдэну давядзецца разьбірацца з Турэччынай: многія чыноўнікі, зь якімі мне даводзілася кантактаваць, мяркуюць, што Турэччына гатовая «супрацьстаяць любому з членаў альянсу». Усе гадаюць, якім будзе падыход Байдэна да «праблемы Анкары», вырашаць якую яму так ці інакш прыйдзецца.

Аднак, няхай гэта будзе ЭЗ або NATO, ключавымі партнэрамі ЗША застануцца Нямеччына і Вялікабрытанія. Да таго часу, калі Байдэн атабарыцца ў Белым доме, Вялікабрытанія ўжо пакіне эўрапейскі агульны рынак і мытны зьвяз — альбо заключыўшы пагадненьне, альбо безь яго, што створыць патэнцыйную пагрозу чарговага эканамічнага і палітычнага крызісу. У любым выпадку, як мяркуюць у эўрапейскіх афіцыйных колах, у будзе няпроста наладзіць адносіны з брытанскім прэмʼер-міністрам Борысам Джонсанам. Новы прэзыдэнт ЗША, у адрозьненьне ад свайго папярэдніка, не ў захапленьні ад Брекзіту. Тым больш калі Брекзіт зможа неяк падарваць Белфасцкае пагадненьне 1998 году аб мірным урэгуляваньні ў Паўночнай Ірляндыі. Для Байдэна, як і для любога іншага чалавека, які ганарыцца сваімі ірляндзкімі каранямі, гэта мае значна большае значэньне, чым проста палітычная праблема.

У NATO тыя, хто зыходзіць з існаваньня «асаблівых адносін» паміж Лёнданам і Вашынгтонам, спадзяюцца, што ў сфэрах абароны і бясьпекі гэтыя адносіны не пацярпяць. Гэта можа стаць асновай для ўзмацненьня жорсткасьці будучай пазыцыі NATO ў дачыненьні да Расеі, прыцягненьня ў альянс новых удзельнікаў, а таксама падахвочваньня цяперашніх пашыраць вайсковыя выдаткі, нават нягледзячы на магчымы эканамічны спад.

У Нямеччыне, якая больш за іншых разьлічвае на міжнародныя інстытуты і шматбаковыя пагадненьні, спадзяюцца, у сваю чаргу, што Байдэн ужо ў бліжэйшы час адновіць удзел ЗША ў СГА, СААЗ і ў Парыскім пагадненьні па клімаце, а можа, і ў міжнародным пагадненьні па ядзернай праграме Ірану. Акрамя таго, у Нямеччыне ўскладаюць надзеі на тое, што Байдэн перагледзіць рашэньне Трампа аб вывадзе з гэтай краіны тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў.

Ёсьць і іншыя праблемы, якія трэба будзе вырашаць. Ангела Мэркель сыдзе ў адстаўку ўвосень 2021, і да гэтага часу незразумела, хто ж зьменіць яе на чале партыі ХДС, што за кааліцыя можа скласьціся ў выніку чарговых усеагульных выбараў у Нямеччыне. Нямала застанецца і пытаньняў, якія выклікалі асаблівае раздражненьне папярэдняй адміністрацыі ЗША. Чаму праект «Паўночны паток — 2» працягваецца? Чаму Нямеччына ня зойме больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да Масквы? І ці сапраўды яна ня можа стаць больш магутнай вайсковай дзяржавай — пры яе эканамічнай моцы?

Рыкард Юзьвяк
Рыкард Юзьвяк

Але, мабыць, галоўным пытаньнем і да Нямеччыны, і да ўсёй Эўропы застанецца іх пазыцыя ў дачыненьні да Кітаю. Як і Трамп, Байдэн зыходзіць з таго, што Кітай ператварыўся ў стратэгічнага канкурэнта ЗША. І гэтак жа, як яго папярэднік, ён, верагодна, захоча высьветліць у эўрапейцаў: а на чыім жа баку яны?

Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі аглядальнік Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG