Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераходная каманда Байдэна прыступае да працы


Джо Байдэн

Джо Байдэн у нядзелю пачаў рыхтавацца да атрыманьня кантролю над фэдэральным урадам, якое адбудзецца на інаўгурацыі 20 студзеня, і адмены некаторых ключавых элемэнтаў палітыкі Трампа.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Байдэн і Камала Гарыс стварылі сайт пераходнага пэрыяду, заявіўшы, што яны неадкладна засяродзяцца на пандэміі каранавірусу, эканамічнай рэцэсіі, выкліканай пандэміяй, зьменах клімату і праблемах расізму.

«Мы гатовыя да лідэрства зь першага дня, робячы ўсё, каб адміністрацыя Байдэна-Гарыс змагла заняцца рашэньнем самых неадкладных задач, якія перад намі стаяць: абарона і захаваньне здароўя нашай краіны, абнаўленьне нашых магчымасьцяў дамагацца посьпеху, прасоўваньне расавай роўнасьці і барацьба з кліматычным крызісам», — заявіла пераходная каманда.

«Мы стаім разам — як адзіная Амэрыка. Мы станем мацнейшымі, чым былі раней», — адзначаецца на сайце.

Паводле памочнікаў, у першы свой дзень на пасадзе Байдэн плянуе зноў зрабіць ЗША ўдзельнікам Парыскага пагадненьня па клімаце, зь якога выйшаў Трамп, а таксама адмяніць рашэньне Трампа аб выхадзе з САЗ.

Байдэн плянуе адмяніць забарону на ўезд амаль усіх жыхароў некалькіх, пераважна мусульманскіх, краін і аднавіць праграму, якая дазваляе маладым людзям, незаконна прывезеным у ЗША ў дзіцячым узросьце, заставацца ў краіне.

Падчас кампаніі Байдэн таксама казаў, што ён плянуе зноў далучыцца да міжнароднага пагадненьня аб абмежаваньні ядзернай праграмы Ірану, зь якога Трамп вывеў ЗША.

Перадача ўлады ў ЗША часта прыводзіць да хуткіх зьменаў у палітыцы, але пераход ад Трампа да Байдэна можа быць адным з самых рэзкіх у найноўшай палітычнай гісторыі ЗША.

Адзін памочнік Байдэна заявіў CNN: «Па ўсіх напрамках мы будзем закладаць падмурак для працы новай адміністрацыі Байдэна-Гарыс, каб аднавіць веру і давер да нашых інстытутаў і ўзначаліць фэдэральны ўрад».

Трамп аспрэчвае вынікі з дапамогай судовых пазоваў, сьцьвярджаючы, што парушэньні пры падліку галасоў у некалькіх штатах, дзе Байдэн перамог зь невялікім адрывам, зьмянілі агульны вынік не на карысьць дзейнага прэзыдэнта.

Пачынаючы з панядзелка штаб Трампа падае мноства судовых пазоваў, хоць паведамленьні аб парушэньнях падчас галасаваньня ў аўторак і наступнага падліку галасоў былі рэдкія. У многіх штатах падлік галасоў працягваецца, хоць вынік выбараў амаль ва ўсіх 50 штатах не выклікае сумневаў.

Па ўсёй краіне Байдэн атрымаў прыкладна на 4 мільёны галасоў больш, чым Трамп, але вынік прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША вызначаецца не ўсеагульным галасаваньнем, а калегіяй электараў з 538 чалавек.

У суботу Байдэн пераадолеў парог 270 галасоў у калегіі электараў, калі стала відавочна, што ён атрымаў невялікую, але вырашальную перавагу ў Пэнсыльваніі, атрымаўшы на сваю карысьць 20 электараў ад гэтага штату.

У гэты момант усе буйныя тэлевізійныя навінавыя арганізацыі, у тым ліку і тэлекампанія Fox News, якая сымпатызуе Трампу, абвясьцілі Байдэна пераможцам.

Трамп выступіў супраць гэтага выніку, пахваліўшы сябе ў Твітэры.

«71 мільён легальных галасоў, — напісаў ён. — Больш, чым у любога іншага дзейнага прэзыдэнта!»

Паводле дадзеных на цяперашні момант, Байдэн атрымаў 75,2 мільёна галасоў.

У нядзелю Трамп публікаваў у Твітэры заявы аб фальсыфікацыях на выбарах ад сваіх прыхільнікаў, напрыклад, ад былога сьпікера Палаты прадстаўнікоў Ньюта Гінгрыча, які напісаў: «Мы лічым, што гэтыя людзі — злодзеі. Апараты вялікіх гарадоў карумпаваныя. Гэтыя выбары былі скрадзеныя».

Сэнатар-рэспубліканец Рой Блант, які ўзначальвае двухпартыйную працу па плянаваньні інаўгурацыі 20 студзеня, заявіў, што «здаецца малаверагодным», каб бягучыя вынікі галасаваньня, паводле якіх Байдэн перамог на выбарах, зьмяніліся ў найбліжэйшыя дні.

Аднак, выступаючы ў праграме «На гэтым тыдні» на канале АВС, ён сказаў, што ўяўляецца разумным, каб рэспубліканцы пачакалі, пакуль выбарчыя органы абвесьцяць афіцыйныя вынікі, а ў некаторых выпадках, як, напрыклад, у Джорджыі, дзе Байдэн лідзіруе зь невялікім адрывам, правядуць пералік галасоў.

Байдэн і Гарыс стварылі акаўнты ў Facebook, Instagram і Твітэры з назвай @Transition46, намякаючы на тое, што Байдэн стане 46-м прэзыдэнтам ЗША.

На сайце Байдэна і Гарыс BuildBackBetter.com Байдэн заявіў: «Мы станем мацнейшымі, чым былі раней. Зь першага дня майго прэзыдэнцтва мы зробім захады, каб узяць COVID-19 пад кантроль. Мы будзем дзейнічаць, каб правесьці мой эканамічны плян, які нарэшце будзе ўзнагароджваць у гэтай краіне працу, а не багацьце. Мы будзем дзейнічаць, каб аднавіць веру ў нашу дэмакратыю і ў нашых сяброў.

Мы зноў станем адзінай краінай, пад Богам, непадзельнай, адзінай краінай, умацаванай краінай, вылечанай краінай», — сказаў ён.

Байдэн плянуе абвясьціць сёньня аб стварэньні рабочай групы па COVID-19, якой будзе даручана распрацаваць плян па барацьбе з інфэкцыяй. Ён таксама часта заклікаў амэрыканцаў насіць маскі, як настойліва раяць экспэрты ў галіне аховы здароўя.

На сайце пераходнай каманды гаворыцца, што яна будзе займацца пытаньнямі расавай няроўнасьці і рэформы паліцыі ў ЗША, працуючы з Кангрэсам над увядзеньнем «агульнанацыянальнай забароны на прыёмы здушэньня» пры арышце падазраваных, спыненьнем «перадачы летальнай зброі паліцэйскім сілам» і стварэньня «нацыянальнай камісіі па наглядзе за паліцыяй».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG