Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр зьбіты Раман Бандарэнка. «Не забудзем, не даруем», — скандуюць на «плошчы Пераменаў»

абноўлена

"Плошча пераменаў". Людзі разьвітваюцца з Раманам Бандарэнкам.
"Плошча пераменаў". Людзі разьвітваюцца з Раманам Бандарэнкам.

11 лістапада на «плошчы Пераменаў» у Менску невядомыя ў масках выкралі Рамана Бандарэнку. Потым у цяжкім стане яго прывезьлі ў шпіталь. Стала вядома, што ўвечары 12 лістапада ён у шпіталі памёр. Сястра Рамана пацьвердзіла Свабодзе яго сьмерць.

Раману Бандарэнку быў 31 год, раней ён служыў ва ўнутраных войсках, у частцы 3214.​

Людзі нясуць і вязуць кветкі да мурала на «плошчы Пераменаў», што ў квартале між вуліцамі Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскім трактам у Менску. На плошчы сабраліся сотні людзей, яны скандуюць «Не забудзем, не даруем», «Мы спынім гэты фашызм», «Трыбунал».

Сьцісла. Што здарылася

  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральныміі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Аднак мясцовыя жыхары машыны мэдыкаў ня бачылі.
Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка

Сьведка канфлікту з удзелам Рамана расказаў Свабодзе, як разьвіваліся падзеі тым вечарам.

«Я жыву ў доме на „плошчы Пераменаў“, вокны выходзяць акурат туды, — кажа суразмоўца. — Вечарам учора, недзе ў раёне 22.30, жонка пайшла ўкладваць дзяцей. А я пайшоў купіць цыгарэтаў. І калі ішоў назад, то пачуў нейкі шум на пляцоўцы. Зразумеў, што да чаго, бо там такое ня раз бывала. Падышоў паглядзець, што робіцца. Там было чалавек дзесяць, якія абразалі стужкі. Падышоў да іх яшчэ бліжэй. Там ужо дастаткова людзей сабралася, 8–10. Я стаяў ззаду за Раманам. Да нас адвярнуўся адзін з тых, хто зразаў стужкі, і загадаў ісьці дадому. (Сьведка мяркуе, што пазнаў у гэтым чалавеку аднаго з набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі спартовых функцыянэраў. — РС) Ён быў у масцы, але па брывах, па вачах вельмі падобны. Мы пачалі спрачацца на словах. Ён гаварыў, што чысьціць горад, прыбірае яго ад сьмецьця».

Далей сьведка расказвае, што параіў гэтаму чалавеку прыбіраць каля свайго дому, а ня тут. Іх спрэчка паступова перарасла ў канфлікт.

Пэрфоманс у двары на вуліцы Чарвякова — «плошчы Перамен». Верасень 2020
Пэрфоманс у двары на вуліцы Чарвякова — «плошчы Перамен». Верасень 2020

«Раман стаяў побач са мной, — кажа суразмоўца. — У нейкі момант да нас падышоў такі моцны, таксама ў масцы. Мае рукі ў кішэнях былі, Раман стаяў, абапёршыся аб арэлі. Я абсалютна цьвярозы быў, толькі з працы прыехаў за рулём. І вось падыходзіць да нас гэты ціхар і пытае, ці мы яму пагражаем. Раман адказаў, што не. Ціхар пайшоў у мой бок, мы пачалі спрачацца. Я адыходзіў сьпінай уперад. Ён штурхануў мяне, паспрабаваў замахнуцца, ударыць, хапаць мяне. Я ўпаў на турнік, тэлефон выпаў з рук. Падабраў яго, пачаў уцякаць. Уцякаў дварамі, яны гналіся за мной нейкі час. Калі я абышоў раён кругам і падняўся наверх дадому, то далей назіраў адтуль».

Сьведка кажа, што ніякай хуткай дапамогі ў двары не было, мэдыкі да ад’езду «ціхароў» не прыяжджалі. Прыяжджала толькі міліцыя, аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы. Невядомыя ў той час працягвалі зразаць стужкі.

«Жонка назірала за канфліктам з балькона, пазваніла мне, — кажа сьведка. — Яна думала, што я ўжо ў бусіку. Сказала, што забралі дваіх. Аднаго адпусьцілі, а другога забралі. Атрымліваецца, гэта быў Раман. Невядомыя ў масках яшчэ працягвалі зразаць стужкі. Зрэзалі. Потым яны ўсе сабраліся ў кучу, падмалявалі мурал, сталі на яго фоне і зрабілі сэлфі. А пасьля зьехалі на мікрааўтобусах. Гэта было ўжо ў раёне 23 гадзіны».

Суразмоўца кажа, што яшчэ нейкі час назіраў за падазронымі мікрааўтобусамі, яны стаялі побач зь іх раёнам. Аднак празь нейкі час усе аўтамабілі зьехалі.

Скончыў Акадэмію мастацтваў, служыў у спэцназе, быў дырэктарам крамы

«Наша Ніва» пагаварыла са стрыечнай сястрой Рамана. Паводле яе, Раман быў асьцярожным чалавекам, на маршы не выходзіў: «Мне казаў, што ведае, што могуць зь ім зрабіць, калі затрымаюць, бо ён служыў у спэцназе — частцы 3214 унутраных войскаў».

Раман адслужыў у спэцназе ўжо пасьля Акадэміі мастацтваў.

Працаваў апошнім часам дырэктарам адной з крамаў «Востраў чысьціні». Прыйшоў туды адміністратарам, паступова дарос да дырэктара, кажа сястра.

Афіцыйная вэрсія міліцыі: Рамана знайшлі ў непрытомным стане і выклікалі хуткую

ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня.

«Учора каля 22:30 у міліцыю паступіла паведамленьне пра тое, што ў двары дому на вуліцы Чарвякова ў Менску б’юцца невядомыя. Пры выбыцьці супрацоўнікі міліцыі знайшлі 31-гадовага грамадзяніна зь цялеснымі пашкоджаньнямі. У далейшым праваахоўнікі выклікалі яму хуткую дапамогу», — напісаў ГУУС Менгарвыканкаму і дадаў наступны абзац з двума клічнікамі.

«!! МУС канстатуе: некаторыя грамадзяне з мэтай давядзеньня да навакольных сваёй асабістай думкі датычна сваёй палітычнай пазыцыі вывешваюць, малююць, наклейваюць несанкцыянаваную сымболіку на фасадах будынкаў, гарадзкіх канструкцыях, асабістых аўтамабілях і да таго падобнае. Іншыя неабыякавыя грамадзяне спрабуюць аднавіць парадак і не дапускаць парушэньняў правілаў добраўпарадкаваньня. З наступствамі гэткіх канфліктаў, часам вельмі прыкрымі, разьбіраецца МУС».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG