Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: Ад абвяшчэньня выбараў у Беларусі завялі 900 крымінальных спраў супраць апанэнтаў улады


Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі.
Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі.

120 чалавек прызнаныя палітычнымі вязьнямі. За катаваньні і сьмерці пратэстоўцаў спраў няма.

Ад пачатку кампаніі па выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 году, за шэсьць месяцаў, завялі больш як 900 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі, актывістаў іх штабоў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасьля выбарчай кампаніі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Самыя распаўсюджаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх былі заведзеныя крымінальныя справы:

  • 293 КК РБ (Масавыя беспарадкі) — «Вясьне» вядомыя прозьвішчы мінімум 157 фігурантаў спраў па гэтым артыкуле.
  • 342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) — справы па гэтым артыкуле масава заводзіліся супраць актывістаў у траўні і ліпені («Справа Ціханоўскага», «справа 14 ліпеня»).
  • Пасьля акцыі на Дзяды ў Менску Сьледчы камітэт абвясьціў, што завёў адразу 231 справу па арт. 342 КК РБ.
  • 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак).
  • 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
  • 243 КК РБ (Ухіленьне ад сплаты падаткаў) — па гэтым эканамічным артыкуле былі затрыманыя актывісты штабу Віктара Бабарыкі і супрацоўнікі кампаній, якія дапамагалі штабам альтэрнатыўных кандыдатаў ці пацярпелым падчас акцый пратэсту.
  • Таксама вядома пра пачатак крымінальных спраў за паклёп (арт. 188 КК РБ),
  • хуліганства (арт. 339 КК РБ)
  • і па іншых артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьбірае зьвесткі пра людзей, чый крымінальны перасьлед зьвязаны з падзеямі выбарчай кампаніі і пасьля яе. Па стане на 5 лістапада сабрана больш за 450 імёнаў і прозьвішчаў такіх людзей з розных гарадоў краіны. Больш за 100 чалавек з гэтага сьпісу на гэты момант — палітычныя зьняволеныя.

У сьпіс трапілі ня ўсе вядомыя праваабаронцам выпадкі. У «Вясьне» паведамілі, што «астатнія фармуюцца і вывучаюцца юрыстамі наконт адпаведнасьці праваабарончаму падыходу. Некаторыя сваякі пакуль ня хочуць агалошваць інфармацыю пра іх, і такіх таксама многа».

Пракуратура накіравала 100 спраў у суды

У Генэральнай пракуратуры Беларусі расказалі пра накіраваныя ў суд крымінальныя справы, зьвязаныя з масавымі беспарадкамі, удзелам грамадзян у несанкцыянаваных мерапрыемствах, супрацівам, гвалтам і пагрозай яго прымяненьня ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі.

«На сёньняшні дзень органы пракуратуры накіравалі ў суды больш за 100 крымінальных спраў, зьвязаных з масавымі беспарадкамі, удзелам грамадзян у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Гаворка ідзе перш за ўсё аб такіх складах, як гвалт; пагроза яго прымяненьня ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў; супраціў міліцыі ці іншай асобе пры выкананьні імі абавязкаў па ахове грамадзкага парадку; хуліганства; незаконныя дзеяньні ў адносінах да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў; і іншых складах».

Прадстаўнік Генпракуратуры адзначыў, што па 16 крымінальных справах суды ўжо вынесьлі прысуды, зьвязаныя з пазбаўленьнем ці абмежаваньнем волі, а таксама буйныя штрафы.

За катаваньні і сьмерці пратэстоўцаў спраў няма

У Генпракуратуры пры гэтым не расказалі пра лёс пададзеных заяў аб прыцягненьні сілавікоў да адказнасьці за гвалт, а таксама аб працы міжведамаснай камісіі, створанай пад эгідай Генпракуратуры, якая павінна была разабрацца ў цяперашняй сытуацыі.

Такіх заяваў было каля 2000, інфармацыі аб завядзеньні справаў па іх няма, у тым ліку па фактах сьмерці ўдзельнікаў акцый пратэсту.

У бліжэйшыя дні мінае трохмесячны тэрмін дасьледчай праверкі па заявах аб гвалце з боку сілавікоў. Некаторыя ўжо пачалі атрымліваць адмовы ва ўзбуджэньні крымінальнай справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG