Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першую адмову ў завядзеньні крымінальнай справы па катаваньнях адмянілі, накіравалі на дапрацоўку


Сядзіба Сьледчага каміэту Беларусі.
Сядзіба Сьледчага каміэту Беларусі.

Нядаўна стала вядома пра першую адмову ў завядзеньні крымінальнай справы па катаваньнях.

Апавяшчэньне пра тое, што сьледчая з Лагойска Ірына Караткевіч адмовіла ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, прыйшло да Юрыю Крывашэя 5 лістапада.

Пры гэтым яму ня выслалі саму пастанову аб адмове. У той жа дзень Юры прыйшоў у Сьледчы камітэт, каб атрымаць копію пастановы і азнаёміцца з матэрыяламі праверкі для абскарджваньня рашэньня, паведамляе, — «Прававая ініцыятыва».

Ірына Караткевіч заявіла, што матэрыялы праверкі знаходзяцца ў кіраўніцтва, і яна нічым дапамагчы. Тым не менш, яна паабяцала выслаць копію пастановы на наступны дзень.

Да сёньняшняга дня пастанову Юры так і не атрымаў. Пазьней стала вядома, што ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці адмяніла пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, а матэрыялы накіраваныя на дапрацоўку. Гэта значыць, што тэрміны праверкі зноў працягнулі, а з матэрыяламі справы азнаёміцца не атрымаецца.

«Мы падрыхтавалі дзьве скаргі на дзеяньні сьледчага Ірыны Караткевіч, паколькі разам з паведамленьнем яна абавязана была выслаць і копію пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Тое, што была адменена пастанова аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы і матэрыялы вярнулі на дапрацоўку, азначае толькі адно — сьледства цягне час не заводзячы крымінальныя справы ў дачыненьні да сілавікоў і ня падаючы доступ пацярпелым да матэрыялаў праверкі. Бо ў гэтых матэрыялах утрымліваецца вельмі цікавая інфармацыя — што рабіў сьледчы амаль тры месяцы, каго апытваў і якія тлумачэньні давалі сілавікі», — пракамэнтаваў гэты выпадак праваабаронца Сяргей Усцінаў.

Заява ратавальніка Крывашэя пра катаваньні ў міліцыі

Ліст з адмовай Сьледчага камітэту заводзіць крымінальную справу па заяве былы лагойскі ратавальнік Юры Крывашэй апублікаваў у​ сваім твітэры.

У адмове, якую падпісала сьледчая Ірына Караткевіч, гаворыцца, што рашэньне прынялі на падставе п. 2 ч. 1 арт. 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Гэты пункт азначае «адсутнасьць ў дзеяньні складу злачынства».

Юрыя Крывашэя затрымалі 11 верасьня, калі ён з жонкай і чатырохмесячным дзіцем ехаў на сваёй машыне ў краму. Інспэктар ДАІ папрасіў яго выйсьці з аўтамабіля, пасьля чаго мужчыну зацягнулі ў бусік некалькі чалавек у чорнай форме, масках і без апазнавальных знакаў.

У аўтамабілі яго пабілі і завезьлі ў аддзяленьне міліцыі. Там ён некалькі гадзін ляжаў з рукамі за сьпінай у падвале. Потым мужчыну прынесьлі падпісаць заяву на звальненьне зь Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і асудзілі на 10 сутак.

Яму заявілі, што ён адмаўляўся паказаць інспэктару ДАІ дакумэнты і праехаць у РАУС для высьвятленьня асобы.

Крывашэй кажа, што ня ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях, якія праходзілі ў горадзе, але актыўна выступаў у гарадзкім тэлеграм-канале і чаце аб мясцовай ДАІ.

Пасьля вызваленьня мужчына засьведчыў сьляды ўдараў і напісаў заяву ў Сьледчы камітэт.

Такіх заяваў было каля 2000, спраў няма

Беларусы падалі больш за 2 тысячы заяў пра гвалт і катаваньні з боку сілавікоў пасьля 9 жніўня.

Дагэтуль Сьледчым камітэтам не заведзеная ніводная справа, фармальна працягваюцца праверкі.

Не заведзеныя таксама справы аб гібелі людзей падчас разгонаў акцый пратэсту, у тым ліку сьмерці жыхара Менску Аляксандра Тарайкоўскага. Чакаецца, што ў лістападзе сьледчыя органы павінны даць адказы на гэтыя заявы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG