Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта частка ўзгодненай кампаніі перасьледу». Вялікая Брытанія рэзка зрэагавала на высылку дыпляматаў зь Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністры замежных спраў і абароны Домінік Рааб і Бэн Уолас абвінавачваюць прэзыдэнта Лукашэнку ў спробе схаваць рэпрэсіі.

Міністры замежных спраў і абароны Вялікай Брытаніі рэзка адрэагавалі на высылку двух брытанскіх дыпляматаў, паведамляе The Guardian.

Кіраўнік МЗС Домінік Рааб у сваім твітэры заявіў: «Высылка двух дыпляматаў Вялікай Брытаніі зь Беларусі за законнае назіраньне за пратэстамі зьяўляецца цалкам не апраўданай. Лукашэнка ня можа схаваць прыгнёт уласнага народу. Адзіны шлях наперад — гэта свабодныя і сумленныя выбары і адказнасьць вінаватых у гвалце над дэманстрантамі».

Пазьней Рааб дадаў, што, «як сьведчаць незалежныя справаздачы, гэта (высылка дыпляматаў. — РС) частка ўзгодненай кампаніі перасьледу, накіраванай на актывістаў, СМІ і цяпер дыпляматаў. Замест таго, каб спрабаваць зьдзекавацца з тых, хто асьвятляе яго рэпрэсіі, спадар Лукашэнка павінен пагадзіцца на свабодныя і сумленныя выбары і даць магчымасьць прыцягнуць вінаватых у гвалце супраць дэманстрантаў».

Міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолас заявіў: «Высылка брытанскага аташэ ў справах абароны на падставе сфабрыкаваных і лжывых абвінавачаньняў — гэта грубая спроба адцягнуць увагу ад нарастаньня ціску на свабоду слова і свабоды ўнутры Беларусі рэжымам Лукашэнкі».

The Guardian нагадвае, што ў апошнія дні Рааб падтрымаў высновы АБСЭ, якія, паводле яго, «выкрылі махлярства ў прэзыдэнцкіх выбарах» у жніўні. Вялікая Брытанія ўжо ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня пасьля выбараў і жорсткага разгону акцый пратэсту. Міністэрства замежных спраў заявіла, што ў дакладзе АБСЭ зьмяшчаюцца пераканаўчыя доказы фальсыфікацыі выбараў і «масавых і сыстэматычных» парушэньняў правоў чалавека.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG