Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія заклікала да новых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі


Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Домінік Рааб

Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Домінік Рааб заклікаў правесьці ў Беларусі новыя прэзыдэнцкія выбары. Гэта адбылося пасьля публікацыі незалежнай справаздачы, якая пацьвердзіла, што жнівеньскія выбары былі «сфальсыфікаваныя», і раскрыла маштабы парушэньняў правоў чалавека, зробленых рэжымам Лукашэнкі.

Вялікая Брытанія ўзначаліла дыпляматычную кампанію ў справе міжнароднага незалежнага расьсьледаваньня ў рамках АБСЭ паведамленьняў пра фальсыфікацыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама кампаніі гвалту, запалохваньня і перасьледу мірных дэманстрантаў уладамі Беларусі.

Вялікая Брытанія, — гаворыцца на сайце Міністэрства замежных спраў Аб’яднанага Каралеўства, — раней выказвала заклапочанасьць з нагоды правядзеньня выбараў і жудасных рэпрэсій, якія адбыліся ўсьлед за імі. У верасьні Вялікая Брытанія ўвяла эпахальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, яго сына і высокапастаўленых асоб ва ўрадзе Беларусі ў адпаведнасьці з новым рэжымам брытанскіх санкцый у адказ на катаваньні і жорсткае абыходжаньне з сотнямі мірных дэманстрантаў, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай.

Міністар замежных спраў Домінік Рааб сказаў:

«Мы настойвалі на правядзеньні гэтага незалежнага расьсьледаваньня, і яно выявіла фальсыфікацыю, якая ляжыць у аснове прэзыдэнцкіх выбараў, і подлыя дзеяньні, учыненыя рэжымам Лукашэнкі, каб здушыць беларускі народ.

Цяпер павінны быць арганізаваныя новыя свабодныя і справядлівыя выбары, а вінаватыя ў гвалце супраць дэманстрантаў павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці».

Вялікая Брытанія разам з 16 міжнароднымі партнэрамі ў верасьні задзейнічала «Маскоўскі мэханізм» у Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ), у выніку чаго незалежны дакладчык па правах чалавека пачаў расьсьледаваньне фальсыфікацый на выбарах і грубага парушэньня правоў грамадзян.

Незалежнае расьсьледаваньне АБСЭ прыйшло да высновы, што існуюць неабвержныя доказы таго, што:

  • Выбары былі сфальсыфікаваныя
  • Улады Беларусі рабілі масавыя і сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека ў адказ на мірныя дэманстрацыі і пратэсты
  • У краіне пануе атмасфэра беспакаранасьці, і ніхто ня быў прыцягнуты да адказнасьці за катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне з боку сілаў бясьпекі
  • Свабода СМІ і бясьпека журналістаў няспынна зазнаюць напады з боку беларускага рэжыму

Вялікая Брытанія асуджае спробы беларускага рэжыму падарваць незалежнае расьсьледаваньне, у тым ліку яго адмову супрацоўнічаць зь місіяй для ўстанаўленьня фактаў або забарону місіі ўехаць у Беларусь. Мы настойліва заклікаем Беларусь, гаворыцца ў заяве брытанскага МЗС, адмяніць сваё рашэньне і канструктыўна супрацоўнічаць з АБСЭ.

Вялікая Брытанія працягне працаваць зь міжнароднымі саюзьнікамі для абароны дэмакратыі, свабоды СМІ і правоў чалавека ў Беларусі. Вялікая Брытанія падтрымлівае рэкамэндацыі справаздачы АБСЭ і заклікае ўрад Беларусі правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары, неадкладна спыніць гвалт, вызваліць усіх несправядліва затрыманых, расьсьледаваць заявы аб катаваньнях і прыняць меры для забесьпячэньня гуманных умоваў утрыманьня пад вартай.

  • У склад ініцыятараў незалежнай экспэртнай групы ў рамках «Маскоўскага мэханізму» ўваходзяць Эстонія, Латвія, Літва, ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя, Данія, Фінляндыя, Ісьляндыя, Нарвэгія, Польшча, Нідэрлянды, Канада, Бэльгія, Славаччына, Чэхія і Румынія. Яны ініцыявалі расьсьледаваньне 17 верасьня.
  • «Маскоўскі мэханізм» дазваляе групам дзяржаў-удзельніц АБСЭ ініцыяваць місіі экспэртаў для паведамленьня пра сур’ёзныя праблемы з правамі чалавека.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG