Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці працуе ў сілавікоў сыстэма распазнаваньня твараў?


 Марш людзей з інваліднасьцю, 5 лістапада
Марш людзей з інваліднасьцю, 5 лістапада

Часам затрыманым пасьля пратэстаў сілавікі кажуць, што іх апазналі па відэа. Разьбіраемся, як можна ідэнтыфікаваць чалавека па відэазапісе.​

У Беларусі працуе плятформа Kipod, якую распрацавала кампанія Synesis. Гэта спосаб пошуку відэададзеных у вялікім масіве інфармацыі. У інтэрвію Tut.by сузаснавальнік Synesis Аляксандар Шатроў казаў, што «сыстэма ня створаная для таго, каб распазнаваць выпадковых мінакоў».

Паводле яго, яна працуе ў іншым кірунку — дапамагае распазнаваць пэўных людзей у вялікім патоку, то бок мае адваротныя функцыі.

Ён таксама казаў, што «цяпер да плятформы падлучаныя камэры ў публічных месцах», то бок пра масавае ўсталёўваньне такіх камэраў гаворкі не вялося.

Што за сыстэма маніторынгу грамадзкай бясьпекі

Яшчэ ў 2017 годзе пачалася гаворка пра стварэньне ў Беларусі сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі. Гэта і ёсьць плятформа Kipod. Паводле экспэрта Human Constanta Аляксея Казьлюка, першапачаткова ў сыстэме меліся працаваць дзясяткі тысяч камэраў, але цяпер «маштабы абмежаваныя сотнямі».

«У асноўным гэта грамадзкія месцы. У сыстэмы ёсьць адметнасьць, апэратар — камэрцыйная кампанія, замацавана, што ў першую чаргу ставяць гэтыя камэры ў людным месцы. Найперш — дзяржаўная інфраструктура. Прыватныя кампаніі мусяць яшчэ плаціць нейкую абанэнцкую плату, калі пагаджаюцца ўсталёўваць камэры. Таму да сыстэмы мала хто падлучыўся», — кажа Аляксей Казьлюк.

«Выяўляюць па сацсетках і здымках з камэраў сілавікоў»

Паводле экспэрта ў бясьпецы Андрэя Сыцько, сыстэма маніторынгу цалкам не запрацавала.

«Пакуль такая агульная сыстэма, якая б адсочвала ўвесь масіў відэададзеных, не працуе. Увесь відэамасіў, які яны апрацоўваюць, — гэта супрацоўнікі з камэрамі і камэры з машынаў. Асабліва калі чалавека ўжо затрымлівалі і здымалі на камэру. Знакамітая кітайская сыстэма агульнага сачэньня ня думаю, што ў нас працуе», — мяркуе Андрэй Сыцько.

Таксама людзей адсочваюць па дваровых чатах і сацсетках, асабліва калі людзі выстаўляюць здымкі ў агульны доступ, лічыць экспэрт. Ён дадае, што «ў сілавікоў ёсьць магчымасьць адсачыць чалавека па нумары тэлефона», а пазьней «супаставіць дадзеныя са сваімі здымкамі».

Як гэта суадносіцца з правамі чалавека?

Сыстэма агульнага распазнаваньня твараў «небясьпечная для правоў чалавека», мяркуе Аляксей Казьлюк. Менавіта таму ад падобных сыстэм адмаўляюцца ў заходніх краінах.

«У камэрцыйных кампаніях не перастаюць выкарыстоўваць, а праваахоўнікі, напрыклад, у некаторых штатах ЗША і ў Эўропе, з такой тэхналёгіяй не працуюць», — гаворыць Аляксей Казьлюк.

Таксама экспэрты кажуць: ёсьць рызыка «памылак сыстэмы». То бок яна распазнае чалавека як злачынцу, а ён ніякага дачыненьня да злачынства ня мае.

Можа рызыкаваць і кампанія, якая ўдзельнічае ў распрацоўцы такой сыстэмы.

«Непразрыстасьць такой сыстэмы парушае давер да яе. Калі ўявіць, што ў перасьледзе людзей за іх перакананьні можа выкарыстоўвацца такая сыстэма, то кампанія, якая яго адмініструе, таксама ўдзельнічае ў парушэньні правоў чалавека. А для камэрцыйных кампаній гэта рэпутацыйныя наступствы», — кажа Аляксей Казьлюк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG