Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны мараць, каб я зьехаў». Лідэр страйкаму «Беларуськалію» выйшаў на свабоду пасьля 55 сутак арышту


Анатоль Бокун выступае на сходзе ў Салігорску, 19 жніўня 2020
Анатоль Бокун выступае на сходзе ў Салігорску, 19 жніўня 2020

У размове са Свабодай Анатоль Бокун расказвае пра ўмовы ўтрыманьня за кратамі і далейшыя пляны.

Сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна затрымалі 31 жніўня. За тыдзень да гэтага яго ўжо выклікалі ў РУУС, але тады справа завяршылася прафіляктычнай размовай. Суд па справе Анатоля Бокуна адбыўся ў дзень затрыманьня. Яго прызналі вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў і асудзілі на 15 сутак арышту. Аднак у сярэдзіне верасьня сустаршыня страйкаму «Белкалію» на свабоду ня выйшаў. Адразу пасьля завяршэньня тэрміну яго асудзілі яшчэ на 25 сутак арышту, а потым зноў на 15. Агулам Анатоль Бокун правёў за кратамі 55 сутак. Вызвалілі яго толькі ў канцы кастрычніка.

«Як сябе адчуваю? Не дачакаюцца! — расказвае сустаршыня страйкаму "Белкалію" ў размове са Свабодай праз тры дні пасьля вызваленьня. — Я сябе добра адчуваю. Усе гэтыя дні пасьля вызваленьня правёў з роднымі. Але ў страйкам ужо таксама заяжджаў. А так да бацькоў зьезьдзіў, дома быў. Побытавымі рэчамі займаўся».

Амаль за два месяцы зьняволеньня Анатоля Бокуна пастаянна перавозілі зь месца на месца. У Салігорску ён адбываў арышт толькі напачатку. Гаварыць пра тое, дзе да яго ставіліся лепш, а дзе горш, лідэр шахтарскага страйку ня хоча, каб не паўплываць на ўмовы ўтрыманьня іншых арыштантаў.

«Я ведаў, што адбываецца ў краіне. Гэта моцна падтрымлівала»

«Умовы розныя былі, — расказвае Анатоль Бокун. — Я за гэты час у розных ІЧУ сядзеў, розныя людзі мне трапляліся. Але ў большасьці сваёй людзі яшчэ ня страцілі сваіх чалавечых якасьцяў. Нягледзячы на ўсё, чалавечае стаўленьне мела месца. Да мяне ставіліся нармальна. Я быў у ІЧУ Салігорску, Любані, Узды і Старых Дарог. Чатыры месцы зьмяніў за гэты час».

Як расказвае страйкамавец, за 55 сутак арышту ён адчуў вялікую падтрымку з боку людзей. Нават тых, каго раней зусім ня ведаў.

«Я вельмі ўдзячны ўсім, хто мяне падтрымліваў, — расказвае ён. — Мне дасылалі лісты, газэты, улёткі. Я мог атрымліваць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Пра тое, што колькасьць страйкоўцаў павялічвалася. Мне шмат пісалі жыхары Узды, лісты з Салігорску даходзілі, запіскі. Гэта велізарная падтрымка».

Анатоль Бокун расказвае таксама, што за кратамі інфармацыйнай ізаляцыі не адчуваў. Дапамагалі перш за ўсё лісты ад людзей і газэты.

«Сказаць, што я зусім ня ведаў, што адбываецца ў краіне, нельга, — кажа сустаршыня страйкаму "Белкалію". — Асноўная інфармацыя даходзіла да мяне. Вядома, яе было недастаткова. Напрыклад, я ня мог ведаць, якія рашэньні хлопцы прымаюць па страйку. Што яны прыдумалі, што робяць. Вось гэтага мне не хапала. А што да агульнай інфармацыі па краіне, то ўсе значныя навіны я ведаю».

«Людзі вяртаюцца ў страйк»

24 верасьня Анатоль Бокун абвясьціў галадоўку на тры дні.

«Мая галадоўка была выкліканая ў асноўным такой ганебнай інаўгурацыяй, — кажа ён. — А таксама тым, што кіраўніцтва "Белкалію", кіраўніцтва Салігорску ігнаруе патрабаваньні сваіх працоўных і гараджан. Таксама яна была зьвязаная з тым, што людзей, якія ўдзельнічаюць у мірных пратэстах, затрымліваюць. На мой погляд, гэта незаконна, як і адміністратыўныя арышты. Гэта тры асноўныя прычыны, чаму я абвяшчаў галадоўку».

Галадоўку сустаршыня страйкаму спыніў пасьля таго, як рашэньне Менскага абласнога суду аб незаконнасьці страйку на «Белкаліі» было абскарджана. За кратамі яму на той момант заставалася прабыць месяц.

Чаму трымалі ажно 55 дзён? Шахтар кажа, што ўлады спалохаліся той падтрымкі, якую ён займеў ад супрацоўнікаў прадпрыемства.

«Яны, напэўна, лічаць, што тое, што я раблю, шкодзіць дзейнай уладзе, — кажа Анатоль Бокун. — Людзі выбралі мяне адпачатку сустаршынём страйкаму, даверылі мне гэта. Давяраюць мне цяпер. Я думаю, тэрмін арышту зьвязаны з гэтым. Сёньня я ўжо пачынаю ўваходзіць у курс справаў страйкаму. Сёньня да нас далучыліся яшчэ людзі, мы пра гэта адразу паведамляем. Наш рух працягваецца. Людзі пераасэнсоўваюць тое, што адбываецца. Яны вяртаюцца ў страйк, сем’ямі падтрымліваюць тых, хто працягвае страйкаваць».

«Я застаюся ў Салігорску»

Сустаршыня страйкаму «Белкалію» кажа, што не зьбіраецца зьяжджаць за мяжу, як гэта зрабілі шэраг лідэраў страйкаў на прадпрыемствах Беларусі.

«Пытаньне пра ад’езд за мяжу мне неаднаразова задавалі прадстаўнікі нашых, так скажам, праваахоўных органаў, — расказвае Бокун. — І мне нават прапаноўвалі гэта зрабіць. Напэўна, гэта іх мара, каб я зьехаў некуды за мяжу. Але я сказаў, што я патрыёт сваёй Радзімы, што я люблю Беларусь і не прамяняю сваю краіну ні на якую іншую. Я застаюся ў Салігорску і буду дзейнічаць далей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG