Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік найбуйнейшага нарвэскага партнэра «Беларуськалію» сустрэўся са страйкамаўцамі ў Салігорску


Пратэст у Салігорску, 14 жніўня
Пратэст у Салігорску, 14 жніўня

Размова доўжылася 40 хвілін, у ёй браў удзел генэральны дырэктар Yara Свайн Тур Гульсэтэр, паведаміў сустрашыня страйкаму Анатоль Бокун.

«Мы перадалі сьпіс рэпрэсаваных працаўнікоў, тых, хто звольнены падчас страйку, хто адбыў арышты ці пазбаўлены прэміі. Нас наўпрост спыталі: ці хочам, каб нарвэская кампанія зусім сышла з беларускага рынку? На гэта мы адказалі, што ім вырашаць, але, паколькі мы выступаем за дыялёг паміж намі і наймальнікам, то найперш спадзяемся, што Yara стане пасярэднікам у гэтым дыялёгу», — расказаў Анатоль Бокун пра сустрэчу з дэлегацыяй кампаніі Yara.

Тыдзень таму Анатоль Бокун яшчэ адбываў 15-дзённы адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыях пратэсту.

Па яго словах, 17 верасьня сябры страйкаму сустрэліся з дэлегацыяй нарвэскай кампаніі Yara, якая купляе мінэральныя ўгнаеньні «Беларуськалію». Размова страйкамаўцаў з генэральным дырэктарам кампаніі Свайнам Турам Гульсэтэрам ды іншымі чальцамі дэлегацыі доўжылася каля 40 хвілін.

«Нарвэжцы сказалі, што ў кампаніі Yara занепакоеныя зьвесткамі пра парушэньні правоў працоўных на „Беларуськаліі“, і папрасілі нас расказаць, што адбываецца. Мы паведамілі, як самі бачым становішча, і перадалі сьпіс рэпрэсаваных працаўнікоў, тых, хто звольнены падчас страйку, хто адбыў арышты, быў аштрафаваны ці пазбаўлены прэміі», — сказаў Анатоль Бокун.

Паводле сустаршыні страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна, чальцы дэлегацыі нарвэскай кампаніі пацікавіліся, чым яны могуць дапамагчы ў выпраўленьні сытуацыі.

«У выніку мы дамовіліся, што яны пастараюцца выступіць пасярэднікамі ў дыялёгу паміж намі і наймальнікам», — сказаў Анатоль Бокун. Страйкамавец мяркуе, што такі дыялёг працягнецца.

«Дадам, што ў канцы размовы нас наўпрост запыталі: ці хочам мы, каб кампанія Yara ўвогуле сышла з беларускага рынку? На гэта мы адказалі, што ім вырашаць, але, паколькі мы выступаем за дыялёг паміж намі і наймальнікам, то спадзяемся найперш на тое, што Yara стане пасярэднікам у гэтым дыялёгу».

У сустрэчы дэлегацыі кампаніі Yara таксама бралі ўдзел прадстаўнікі Беларускага незалежнага прафсаюзу, першасная арганізацыя якога дзейнічае на «Беларуськаліі», паведаміў Анатоль Бокун. У першай палове дня, па ягоных зьвестках, нарвэская дэлегацыя сустракалася з генэральным дырэктарам «Беларуськалію» Іванам Галаватым і кіраўніцтвам дзяржаўнага прафсаюзу на прадпрыемстве.

Атрымаць камэнтар «Беларуськалію» аб сустрэчы генэральнага дырэктара з дэлегацыяй кампаніі Yara не ўдалося. Зьвестак пра сустрэчы на афіцыйным сайце прадпрыемства няма.

Кампанія Yara ёсьць найбуйнейшым ў Нарвэгіі пакупніком беларускага калію. Раней Yara прыняла заяву з асуджэньнем парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

«Мы выразна чакаем, што нашы дзелавыя партнэры будуць прытрымлівацца нашых этычных прынцыпаў, што яны выконваюць законы і пастановы, а таксама міжнародна прызнаныя стандарты ў галіне правоў чалавека, правоў супрацоўнікаў і этычнага вядзеньня бізнэсу», — гаворыцца ў заяве.

17-18 жніўня на «Беларуськаліі» пачаўся страйк з патрабаваньнямі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі ды правядзеньня новых выбараў, у якім, паводле страйкаму, бралі ўдзел да 7 тысяч працаўнікоў. Паводле зьвестак адміністрацыі, у страйку ўдзельнічалі да 800 чалавек.

Страйкам «Беларуськалію» заяўляе, што цяпер да 20 працаўнікоў не зьяўляюцца на працу, бо знаходзяцца ў страйку, і яшчэ шмат хто страйкуе «па-італьянску».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG