Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму марш 1 лістапада нельга лічыць пройгрышам пратэстоўцаў


«Мы не сабраліся разам у вялікую калёну! Гэта пройгрыш», — пішуць у сацсетках некаторыя ўдзельнікі «Маршу супраць тэрору», які адбыўся 1 лістапада. Не. Дванаццаты па ліку марш сам па сабе выйгрыш.

Цягам трох месяцаў самаацэнка ці ня большасьці беларусаў зьмянілася на 180 градусаў. Відаць, жарты пра розныя віды «памяркоўнасьці» застануцца ў архівах. Упартасьць і пэрфэкцыянізм — вось галоўныя рысы характару, якія дэманструюць удзельнікі беларускага рэвалюцыйнага працэсу.

Сьцісла:

  • У маршах пратэсту цяпер важная ня колькасьць, а рэгулярнасьць.
  • Маршруты шэсьцяў ня маюць значэньня, важны сам факт выхаду.
  • Сэнс выхадаў на маршы ў тым, каб паказаць, што пратэст ня спыніцца да адстаўкі Лукашэнкі.
  • Дэманстрацыя рашучасьці ўплывае на тых, хто сумняваецца, у тым ліку ў сыстэме Лукашэнкі. У гэтым галоўны вынік «хаджэньняў».

Беларусы ў сацсетках перажываюць: маўляў, нядзельны марш 1 лістапада «не атрымаўся». «Ня там сабраліся», «не туды пайшлі», таму «карцінкі аб’яднанага шэсьця не атрымалася», а значыць «гэта пройгрыш».

Думаю, тыя, хто сочаць за беларускімі падзеямі праз мэдыя, нават не зразумеюць, пра што гаворка. Сьвет, ды й саміх беларусаў, уражвае сам факт доўгатэрміновага масавага мірнага пратэсту ва ўмовах дзяржаўнага тэрору, дзе маршы самая відовішчная, але не адзіная частка рэвалюцыйнага працэсу.

Усе бачылі маршы і на дзьвесьце, і на трыста тысяч толькі ў Менску. А разам за тры месяцы налічылі больш за мільён чалавек, хто хоць раз удзельнічаў у любой форме пратэсту. Прычым мільён — вельмі асьцярожная лічба. У Беларусі за бела-чырвона-белую пасьцілу можна атрымаць штраф! Зэфірка ці адзеньне на бальконе ў бела-чырвонай камбінацыі — таксама пратэст.

Людзі, якія перажываюць за «правальны» марш, — гэта пэрфэкцыяністы. Упартасьць і пэрфэкцыянізм — адметная рыса беларусаў, якія працуюць на сябе. У дыктатарскай Беларусі працаваць не на дзяржаву, а на сябе — гэта наагул «пракачка» 80-га ўзроўню, калі гаварыць лексыкай кампутарных гульняў.

Папраўдзе, паколькі ўсе даўно ўбачылі маштаб пратэсту і колькасьць пратэстоўцаў, пэрфэкцыяністам ня варта перажываць за «карцінку».

Задача маршаў простая: дэманстраваць, што пратэст трывае і будзе трываць да перамогі. Гэта значыць як мінімум да сыходу Лукашэнкі.

А значыць, можна хадзіць дзе заўгодна, хоць Менскай кальцавой дарогай. Альбо нават разьбівацца на сто «маленькіх» групаў па тысячы чалавек і запаўняць імі ўвесь Менск.

У ідэале — наагул нікуды ня рушыць далей за сваю вуліцу, але выходзіць усім. І брацца за рукі так, каб аб’яднаць Зялёны Луг і Курасоўшчыну, Каменную Горку і Ангарскую, Уручча і Малінаўку.

Бо цяпер ужо важны сам выхад на вуліцу.

Ён дэманструе залежным ад Лукашэнкі пэрсанальна і ад ягонай сыстэмы наагул, што пэрспэктывам са старым «босам» надышоў канец. А замежныя бізнэсовыя колы бачаць, што свае інвэстыцыі ў беларускую эканоміку з Лукашэнкам яны не абароняць, таму — стоп супраца. Што ў сваю чаргу прымусіць задумацца афіляваных зь дзяржавай беларускіх бізнэсоўцаў.

Таму лёзунг беларускага рэвалюцыйнага працэсу, як хтосьці сфармуляваў падчас дыскусіі ў сацсетках, — гэта «Дзяўбці, дзяўбці і дзяўбці!» Можа, грубавата, але дакладна.

Магчыма, звонку такі пратэст выглядае дзіўна, бо карцінка, у прынцыпе, мала мяняецца. Але мы, беларусы, адметныя. У нас свой, здаецца, унікальны спосаб. Прынамсі, адразу не прыгадаю, каб масавымі хаджэньнямі грамадзяне дамагаліся прыкметных посьпехаў у мірнай барацьбе. А мы дамагаемся як мінімум заўважнага хістаньня сыстэмы.

А яшчэ мы бачым тое, чаго не пакажуць з экранаў і манітораў. Мы бачым, як мяняюцца людзі. Як адыходзяць страх, апатыя і паняверка. І як усё часьцей словы «Беларусы, вы неймаверныя!» кожны прымярае на сябе асабіста.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG