Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у сьвеце: новыя рэкорды ў ЗША і Расеі, усеагульнае тэставаньне ў Славаччыне


У часовым інфэкцыйным шпіталі ў Маскве.
У часовым інфэкцыйным шпіталі ў Маскве.

Пандэмія каранавірусу імкліва пашыраецца. Паводле стану на 1 лістапада ў сьвеце зафіксавана больш за 46 з паловай мільёнаў выпадкаў заражэньня і больш чым 1 млн 202 тысяч сьмяротных зыходаў.

ЗША

У штаце Нью-Ёрк зьмянілі правілы карантыну для прыежджых з прычыны росту заражэньняў COVID-19. Госьці штату павінны двойчы прайсьці тэст на каранавірус (да і пасьля прыбыцьця) і заставацца на карантыне на працягу трох дзён

Паводле падлікаў, апублікаваных Reuters, з пачатку ўспышкі захворваньня ў ЗША ад ускладненьняў, выкліканых каранавірусам, памерлі амаль 229 тысяч чалавек. У чацьвер ад вірусу памерлі больш за 1000 чалавек, у пятніцу — як мінімум 926 чалавек.

Службы аховы здароўя ў пятніцу пацьвердзілі, што за апошнія 24 гадзіны ў выніку тэставаньня былі выяўлены яшчэ 100 233 чалавекі, якія заразіліся COVID-19. Гэта ўжо пяты рэкорд паводле колькасьці выяўленых хворых у ЗША па за апошнія 10 дзён. У чацьвер у ЗША выявілі 91 248 новых выпадкаў заражэньня.

Расея

Колькасьць наноў выяўленых інфікаваных каранавірусам у Расеі (з улікам зьвестак з анэксаванага Крыму) за суткі склала 18 665. Такога паказьніка не было за ўвесь час з пачатку пандэміі. Колькасьць інфікаваных з пачатку распаўсюджваньня COVID-19 у Расеі перавысіла 1 мільён 600 тысяч, гэта афіцыйныя вынікі апэратыўнага штабу на раніцу нядзелі.

Колькасьць сьмяротных зыходаў з прычыны каранавірусу ў Расеі за суткі ўзрасла на 245 супраць 334 днём раней.

Украіна

Ва Ўкраіне за апошнія суткі зафіксаваныя амаль 8000 новых заражэньняў, 110 чалавек памерлі

За суботу, 31 кастрычніка, ва Ўкраіне выявілі яшчэ 7959 выпадкаў каранавірусу, 110 хворых памерлі, 2513 — ачунялі.

30 кастрычніка ва Ўкраіне былі выяўленыя рэкордныя 8752 выпадкі каранавірусу. Памерла ад хваробы 155 чалавек, выпісаныя — 3902, шпіталізаваныя 1190 хворых.

Славаччына

У Славаччыне арганізаванае ўсеагульнае добраахвотнае тэставаньне на каранавірус жыхароў краіны, старэйшых за 10 гадоў. У ім узялі ўдзел 2,5 млн чалавек — амаль палова насельніцтва.

Інфэкцыя была выяўлена ў 26 тысяч.

З ініцыятывай бясплатнага тэставаньня, якое сканчаецца ў нядзелю 1 лістапада, выступіў прэм’ер-міністар рэспублікі Ігара Матавіч. Для гэтай мэты былі створаны амаль пяць тысяч пунктаў, адкрытых зь сямі раніцы да дзесяці вечара. У Славаччыне ад 1 кастрычніка дзейнічае рэжым надзвычайнай сытуацыі.

Славацкім лекарам і медсёстрам дапамагаюць спецыялісты з Аўстрыі і Вугоршчыны. Правядзеньне тэставаньня забясьпечваюць, у прыватнасьці, 3 тысячы вайскоўцаў.

Тэставаньне ахапіла ўсе рэгіёны Славаччыны, акрамя чатырох раёнаў з найбольш складанай эпідэмічнай сытуацыяй, дзе яго ўжо правялі на мінулым тыдні. Улады закупілі за мяжой 13 млн экспрэс-тэстаў.

Да пунктаў тэставаньня учора і сёньня стаялі доўгія чэргі, людзям даводзілася чакаць гадзінамі.

Калі чалавек атрымае станоўчы вынік тэсту, ён павінен самаізалявацца на 10 дзён. Той, хто адмаўляецца здаць тэст, таксама павінен самаізалявацца, за парушэньне карантыну пагражае штраф.

Гішпанія

У Гішпаніі акцыі супраць мер для стрымліваньня пандэміі перарасьлі ў беспарадкі. Затрыманыя каля 60 маніфэстантаў

Пасьля пратэсту супраць абмежаваньняў у цэнтры гішпанскай сталіцы група ўдзельнікаў акцыі паспрабавала перакрыць рух па адной з ключавых вуліц гораду, падпальваючы сьмецьцевыя кантэйнэры і будуючы барыкады. Людзі таксама кідалі камяні ў вітрыны крамаў. У выніку былі затрыманыя 32 чалавекі, пацярпелі трое паліцыянтаў.

Беспарадкі адбыліся і ў іншых гарадах краіны. Паводле газэты El Pais, усяго па краіне былі затрыманыя каля 60 удзельнікаў акцый пратэсту, прыкладна 30 паліцыянтаў пацярпелі.

Беспарадкі ў Мадрыдзе
Беспарадкі ў Мадрыдзе

З пачатку распаўсюджваньня каранавірусу ў Гішпаніі было выяўлена больш за 1,1 млн інфікваных, звыш 35,8 тыс. пацыентаў памерлі.

Большасьць гішпанскіх аўтаномных супольнасьцяў у дадатак да ўжо прынятых захадў для барацьбы з пандэміяй ўвялі абмежаваньні на ўезд і выезд са сваіх тэрыторый.

25 кастрычніка ўрад Гішпаніі зноў ўвёў у краіне рэжым павышанай гатоўнасьці, дзеяньне якога падоўжанае да траўня наступнага году. Згодна з рашэньнем уладаў, у каралеўстве была ўведзеная абавязковая камэнданцкая гадзіна да 9 лістапада.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG