Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя з Covid-19 у сьвеце: рэжым поўнай самаізаляцыі ў Францыі, новыя абмежаваньні ў Італіі і Нямеччыне


Эмануэль Макрон

Францыя і Нямеччына робяць больш жорсткімі карантынныя захады ў барацьбе з каранавірусам.

Францыя: усеагульны рэжым самаізаляцыі

З 30 кастрычніка Францыя вернецца да ўсеагульнага рэжыму самаізаляцыі. Масавыя мерапрыемствы адменяць, месцы збору людзей — рэстараны і бары — зачыняць. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Эманюэль Макрон у звароце да нацыі.

Усіх, хто ўяжджае з-за мяжы, абавяжуць праходзіць тэставаньне на каранавірус. Выезд за межы свайго рэгіёну будзе забаронены. З дому можна будзе выходзіць толькі на працу, да лекара, па прадукты ці на кароткі шпацыр.

Абмежавальныя захады будуць доўжыцца як мінімум да 2 сьнежня, але раз на два тыдні ўрад плянуе пераглядаць іх у бок зьмякчэньня або ўзмацненьня.


Нямеччына: сацыяльныя кантакты — «да абсалютнага мінімуму»

У Нямеччыне новыя абмежавальныя захады ўводзяцца з 2 лістапада. На месяц у краіне закрыюцца ўсе прадпрыемствы вольнага часу і большасьць прадпрыемстваў сфэры абслугоўваньня, перадае DW. Рэстаранам і кавярням можна будзе працаваць толькі на вынас.

Грамадзянам прадпісваецца абмежаваць сацыяльныя кантакты за межамі ўласнай гаспадаркі «да абсалютнага мінімуму». Спартовыя спаборніцтвы будуць праходзіць без гледачоў. Гатэлям нельга будзе засяляць турыстаў.


Гішпанія: рэжым надзвычайнай сытуацыі

На пачатку тыдня ўлады Гішпаніі абвясьцілі ў краіне рэжым надзвычайнай сытуацыі. Ва ўсіх рэгіёнах, акрамя Канарскіх астравоў, уведзеная камэнданцкая гадзіна па начах. Урад разьлічвае працягваць гэты рэжым да траўня.

Італія: дыстанцыйнае навучаньне

У Італіі з панядзелка цалкам зачыненыя кінатэатры, басэйны і спартзалі. Бары, рэстараны і шапікі з марозівам будуць закрывацца а шостай гадзіне вечара. Вучняў старэйшых клясаў перавялі на дыстанцыйнае навучаньне.

  • Колькасьць хворых на каранавірус у сьвеце працягвае расьці ў сярэднім на 450 тысяч чалавек у суткі і набліжаецца да 45 мільёнаў, сьведчыць статыстыка Ўнівэрсытэту імя Джонза Гопкінза ў Балтымары.
  • 1 мільён 171 тысяча чалавек памерлі, амаль 32,5 мільёна ачунялі. У аўторак лік заражаных перавысіў 500 тысяч чалавек — гэта самы высокі дзённы паказчык ад пачатку пандэміі.
  • Падлікі ўнівэрсытэту грунтуюцца на афіцыйных дадзеных урадаў. Гэтыя дадзеныя могуць быць недакладныя, няпоўныя ці наўмысна скажацца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG