Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля прэміі Сахарава — прэмія Быкава. Літвіна і Мілінкевіч пра значэньне прэміі Сахарава для Беларусі


Архіўнае фота. Перадвыбарчы пікет аб'яднанага штабу ў Менску: Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава
Архіўнае фота. Перадвыбарчы пікет аб'яднанага штабу ў Менску: Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава

Сёлетнюю праваабарончую прэмію «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава прысудзілі беларускай апазыцыі, прадстаўленай Каардынацыйнаю радаю.

Цырымонія ўручэньня пройдзе 16 сьнежня. Сама прэмія — 50 тысяч эўра. У Каардынацыйнай радзе кажуць, што яшчэ не абмяркоўвалі, як распарадзяцца гэтай сумай.

Беларусы ўжо атрымлівалі прэмію Сахарава. У 2004 годзе ляўрэатам стала Беларуская асацыяцыя журналістаў. У 2006-м — палітык, экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч.

Спыталі, што для іх значыла гэтае ўганараваньне.

Жанна Літвіна, старшыня БАЖ да 2015 году

Жанна Літвіна
Жанна Літвіна

«Ужо ў тыя часы мы былі сьведкамі таго, што сваю стабільнасьць і бясьпеку выканаўчая ўлада забясьпечвае мэтадам татальнага кантролю за інфармацыйнай прасторай, — кажа Жанна Літвіна. — Абсалютна навідавоку быў шэраг прыкладаў, калі дзяржаўныя СМІ былі задзейнічаныя для маштабнай дыскрэдытацыі палітычных апанэнтаў, калі ішла фільтрацыя інфармацыі.

Мала хто памятае цытату Лукашэнкі, калі ён у 2004 годзе сфармуляваў стаўленьне да масмэдыя. Гэта гучала так: „СМІ — галоўны інструмэнт правядзеньня ў жыцьцё дзяржаўнай ідэалёгіі. Тэлебачаньне — сур’ёзная сіла, якая ніколі ня выйдзе з-пад кантролю дзяржавы“. Вось далейшае жыцьцё пацьвердзіла пасьлядоўнасьць нашай выканаўчай улады і самога Лукашэнкі што да гэтых фармулёвак».

Літвіна нагадвае, што ў 2004 годзе, калі БАЖ атрымаў прэмію Сахарава, у Беларусі прайшлі парлямэнцкія выбары, сумешчаныя з галасаваньнем на рэфэрэндуме, які павялічваў прэзыдэнцкі тэрмін і дазваляў Аляксандру Лукашэнку прымаць удзел у выбарах неабмежаваную колькасьць разоў.

«І чарговы раз актывізавалася рэпрэсіўная машына ў першую чаргу адносна СМІ і апанэнтаў улады. Супрацьстаяньне ўлады і СМІ набыло тады характар варожасьці і бескампраміснасьці, — кажа Літвіна. Перад тым журналісцкае асяродзьдзе пазнала, што такое прымяненьне артыкула Крымінальнага кодэксу да журналістаў. У нас ужо былі асуджаныя і адбывалі пакараньне Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка, Віктар Івашкевіч, абвінавачаньні былі высунутыя за паклёп і абразу прэзыдэнта. Свабода выказваньня стала падставай для крымінальнага перасьледу. У 2004 годзе Міністэрства інфармацыі спыніла выхад і дзейнасьць 19 незалежных выданьняў, 5 газэт друкуюцца ў Смаленску. Гэта сур’ёзнае і прынцыповае было выпрабаваньне для незалежнай журналістыкі».

У такіх умовах, кажа Літвіна, БАЖ адстойваў права журналістаў на прафэсію, а разам зь ім і права грамадзян атрымліваць сумленную інфармацыю.

Прэмія ў 50 тысяч эўра была пералічаная на афіцыйны рахунак БАЖ у Беларусі. Паводле заканадаўства яна магла быць выкарыстаная толькі на патрэбы арганізацыі.

«У лепшых традыцыях, якія і па сёньня дэманструе нашае беларускае тэлебачаньне, па першай праграме БТ пайшоў сюжэт, што атрыманыя грошы, 50 тысяч, будуць патрачаныя на адкрыцьцё радыёстанцый па пэрымэтры Беларусі, „варожых галасоў“ і г.д.», — згадвае Літвіна.

Яна кажа, што дзякуючы прэміі стаў магчымы конкурс для журналістаў «Вольнае слова». У далейшыя больш цяжкія для арганізацыі гады прэмія дазволіла «ўмацаваць матэрыяльную базу».

«Прэмія ўмацавала нашыя пазыцыі сярод міжнародных арганізацый, бо мы ўжо былі сябрамі Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў, актыўна супрацоўнічалі з „Рэпартэрамі бязь межаў“, „Артыкулам 19“, „Сусьветнай асацыяцыяй газэт“, — кажа экс-старшыня БАЖ. — І ў далейшым гэта сказалася на нашым супрацоўніцтве, еднасьці, адчуваньні сябе часткай журналісцкай супольнасьці».

Жанна Літвіна вітае, што беларуская грамадзянская супольнасьць атрымала прэстыжную прэмію Сахарава трэці раз.

«Адзінае, што мяне неверагодна засмучае, гэта тое, чаму сярод тых паважаных людзей, якія заслугоўваюць узнагароды, няма прозьвішча Паўла Севярынца, — кажа яна. — Гэтая асоба заслугоўвае ўсялякай падтрымкі, павагі, прызнаньня. Гэта чалавек годны, прынцыповы. Але думаю, што падчас цырымоніі на адрас Паўла Севярынца будуць сказаныя добрыя словы, бо гэтая ўзнагарода належыць і яму».

Аляксандар Мілінкевіч, палітык

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

«Для мяне гэта была ня толькі асабістая прэмія, але ў першую чаргу ўзнагарода тым беларусам, якія, нягледзячы на рэальныя пагрозы і жорсткія рэпрэсіі кампаніі 2006 году, даказалі ўсяму сьвету, што не жадаюць жыць у няволі, што хочуць самі вызначаць свой лёс, што яны эўрапейцы па сваім мэнталітэце, культуры, традыцыях, — кажа Аляксандар Мілінкевіч. — Тэлевізар палохаў: выхад з пратэстам на плошчу будзе разглядацца як тэрарызм, а за яго ў нас аж да сьмяротнага пакараньня».

Мілінкевіч нагадвае, што ў выніку Рэвалюцыі годнасьці тысячы беларусаў аказаліся за кратамі, іх звальнялі з працы, адлічвалі з унівэрсытэтаў.

«Для мяне, акрамя гонару, прэмія, несумненна, была і пэўнай абаронай ад перасьледу, які ўсё ж прайшоўся па сям’і», — кажа ён.

Што да грашовай часткі ўзнагароды, то, паводле Аляксандра Мілінкевіча, частка яе пайшла на падтрымку рэпрэсаваных актывістаў.

«Другая — на заснаваньне нашага аналяга эўрапейскай Сахараўскай прэміі — прэміі імя Васіля Быкава „За свабоду думкі“, — кажа Аляксандар Мілінкевіч. — Мы доўгія гады ўручалі яе на радзіме вялікага пісьменьніка і дысыдэнта ў Бычках на Віцебшчыне. Цяпер традыцыя, на жаль, перапынілася. Маю надзею, часова. Ляўрэатамі прэміі з 2008 году сталі паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, краязнаўцы Алесь Белакоз і Ада Райчонак, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, літаратары і палітыкі Ўладзімер Някляеў і Павал Севярынец, музыкі і выканаўцы Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч і Віктар Шалкевіч, грамадзкія дзеячы Зьміцер Дашкевіч і Глеб Лабадзенка, рэжысэр Валеры Мазынскі».

Што такое прэмія Сахарава

Прэмія «За свабоду думкі», названая ў гонар савецкага фізыка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, была заснаваная ў Эўрапейскім парлямэнце ў 1988 годзе. Яе прысуджаюць людзям або грамадзкім арганізацыям, якія вызначыліся ў абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Фінансавы памер прэміі — 50 тысяч эўра.

Ляўрэата прэміі абірае прэзыдыюм Эўрапарлямэнту, у які ўваходзяць сьпікер і старшыні ўсіх сямі фракцыяў.

У 2004 годзе прэмію атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006 годзе — беларускі палітык, экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG