Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самотны рыцар з замкаў палескіх балот». Алесь Бяляцкі пра кнігу «Спадар Свабода» Сяргея Астраўцова


Ігар Гермянчук і Сяргей Астраўцоў

Алесь Бяляцкі піша пра кнігу Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды ХХІ стагодзьдзя» ў 2020 годзе.

Кніга Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода» прысьвечаная ягонаму сябру, дэпутату Незалежнасьці, рэдактару газэты «Свабода» Ігару Герменчуку. Кніга важная і патрэбная, аўтар апісвае падзеі новага нацыянальнага адраджэньня 80-х і 90-х гадоў, у якіх самы непасрэдны ўдзел браў Ігар Гермянчук.

Ігар Гермянчук, 1990
Ігар Гермянчук, 1990

Кніга пра чалавека, які «сьпяшаўся жыць»

Ігар сьпяшаўся жыць, пражыў усяго 41 год, памёр у 2002 годзе. Мінула васямнаццаць гадоў, дастатковы час, каб паглядзець на ягоную асобу і ягоны жыцьцёвы набытак на адлегласьці. Відаць, што Сяргею Астраўцову, вопытнаму пісьменьніку і журналісту, з гэтай кнігай было няпроста. Цяжка пісаць кнігу пра сябру і аднагодка, з кім разам вучыўся і працаваў, які быў часткай твайго жыцьця і якога ўжо няма.

Кніга нагадала мне выдатна зроблены журналісцкі рэпартаж ці кінасцэнар для мастацкага фільму, дзе мясьціны, абставіны, гістарычныя дэкарацыі хутка зьмяняюцца, а ў падзеях удзельнічаюць сотні людзей. У вельмі знаёмым калейдаскопе жыцьця, дзе цэнтральнай асобай высьветлены Ігар Гермянчук, праходзяць мае паплечнікі, сябры і знаёмыя зь беларускага адраджэнскага руху, аднойчы мільгаю і я.

Так было, што мы не сыходзіліся зь Ігарам блізка, трымаліся на адлегласьці, але нашы жыцьцёвыя сьцежкі часта перасякаліся. Па іншаму не магло і быць, бо мы жылі на адной зямлі і ў коле тых самых падзей і людзей.

Сьветлагорскія землякі

Я з маленства жыў у Сьветлагорску, куды ў 50-60-я панаехала навалачы з усяго сьвету, у тым ліку вярнулася з Карэліі і мая сям’я. Ігар, на паўтары гады старэйшы за мяне, нарадзіўся пад Шацілкамі-Сьветлагорскам, у Стракаваічах, адтуль ягоныя бацькі і дзяды. Я чытаў некалі нарыс пра будоўлю ЦЭЦ у тагачасных Шацілках, у канцы 50-х. Карэспандэнт ехаў З0 кілямэтраў на грузавіку з Парыч да Шацілак некалькі гадзінаў. Вакол было каралеўства балотаў, а найхутчэйшая дарога ішла па Беразіне. Затым прыйшла мэліярацыя.

Навакольныя падсьветлагорскія вёскі былі для нас, зрусыфікаваных гарадчукоў, малакаштоўнай тэрыторыяй, як прэрыі на дзікім Захадзе, дзе жылі адсталыя тубыльцы. Адно што пад тыя Стракавічы мае школьныя сябры хадзілі капаць зброю, якой багата яшчэ заставалася ляжаць у напаўзасыпаных акопах пасьля вайны.

Думаю, што гэткім жа чужым для Ігара быў Сьветлагорск, дзе ён пражыў некалькі навучальных гадоў у інтэрнаце. «Інкубатарскіх», як клікалі ў горадзе дзяцей з інтэрнату, трымалі ўвесь час за плотам. У горад яны выходзілі групамі, аднолькава апранутыя ў шарачковае, казённае, падстрыжаныя пад нулёўку сіроты і бязбацькавічы, зь бедных сем’яў, замурзаныя вясковыя дзеці.

З тутэйшых у беларусы

Неўзабаве з навалачы мы, гарадчукі, усьвядоміўшыся, сталі тутэйшымі. Інакш, здаецца, і быць не магло. Мэліярацыя ня спраміла нашыя душы. Пошук сваіх каранёў, унутраны пратэст супраць несправядлівасьці прывёў нас, Ігара і мяне, да аднаго і таго ж — да беларушчыны. І нашае супольнае зямляцтва зайграла па-іншаму.

Мабыць, гэта і стала асноўнай мэтай нашага жыцьця — вырвацца з эсэсэсэраўскай рэзэрвацыі, і з «інкубатарскіх», з «тутэйшых» стаць гаспадарамі на сваёй зямлі.

З кнігі зразумела, што вырашальны ўплыў на погляды Ігара Герменчука аказаў найперш ягоны сябра Сяргей Дубавец, а таксама кола нацыянальна-сьвядомай моладзі, удзельнікаў сьпеўна-драматычнай «Майстроўні» ў 1979. Знаёмства з гэтым жа колам, зь Вінцуком Вячоркам, Алесем Сушам, раскопкі ў Мірскім замку ў 1982 годзе, вызначылі ўсё маё далейшае жыцьцё.

Кампрамісы

Паходзячы з асяродку новай хвалі адраджэнцаў 80-х, Ігар Гермянчук, тым ня менш, імкнуўся намацаць свой асабісты шлях. Ён быў не заўсёды крыштальна цьвёрдым. У пэўныя пэрыяды жыцьця Ігар быў гатовы ісьці на кампрамісы. Праца ў «Голасе Радзімы», газэце для беларускай эміграцыі, якая выходзіла пад крылом КДБ, затым праца ў менскім аддзяленьні ўсесаюзнага Агенцтва друку «Навіны», канторы таксама блізкай да КДБ, урэшце, сяброўства ў КПСС — гэта ўсё ўспрымалася ягонымі аднадумцамі як адыход ад супольна заваяваных нонканфармісцкіх пазыцый. Адсюль і верш Анатоля Сыса, «Маналёг Ігара Герменчука», у якім няма асуджэньня, а ёсьць загадкавы трагізм:

«Я сам, я сам прыдбаў яго —
гайворана віновай масьці».

Тады ж Анатоль Сыс напісаў іншы верш пра новае пакаленьне беларускіх адраджэнцаў, «Пошасныя»:

Гэтыя людзі дыхаюць цяжэй, чым валуны,
адна зямля ведае, як ім цяжка.
Іх мільёны, цэлы народ —
і ўсе яны блізьняты,
і толькі выбраныя зь іх
ведаюць паталёгію хваробы свайго народу,
і толькі яны адныя ня могуць звыкнуцца зь ёю,
ім дыхаецца цяжэй, чым каму,
таму хрыпяць іх грудзі,
і душыць жахлівы кашаль,
і разам зь сьлінаю яны выхаркваюць кроў,
наўмысна выхаркваюць на вуліцах гораду,
у крамах і на сваіх працоўных мейсцах,
у сваёй сям’і і на чужых людзях,
бо ў гэтай крыві крыецца іх хвароба,
бо ў гэтай крыві выратаваньне іх народу…

«Бацька Незалежнасьці»

Злом эпохі ў канцы 80-х зьмяніў, здавалася б, вызначаны ўжо жыцьцёвы шлях пасьпяховага савецкага беларускага журналіста Ігара Герменчука. Аказалася, што юнацкія мары былі не дарэмным губляньнем часу, і за іх можна было пазмагацца з новым імпэтам. У кожнага з нас бываюць свае хвіліны слабасьці. Шчырых людзей яны робяць мацнейшымі. Савецкасьць зьнікла як дым. Ігар Гермянчук, як і многія іншыя тады, выкінуў свой партыйны білет КПСС, і адзіны з нашага маладога пакаленьня «пошасных» прайшоў у дэпутаты Вярхоўнага Савету. У 1991 годзе ён стаў адным з «бацькоў Незалежнасьці». Ігар, як мала хто іншы, быў падрыхтаваны да гэтага. Было яму тады 30 гадоў.

Як пачыналася «Свабода»

Газэта «Свабода» пачынала сваё жыцьцё ў сьценах музэю Максіма Багдановіча, у маленькім пакойчыку каля пажарнага выхаду. Сяргей Дубавец зь Сяргеем Харэўскім ды Андрусём Лапцёнкам саматужна клеіў яе палосы на разварот. Газэту прывозілі нам і яе напачатку фальцавалі валянтэркі — маладыя навуковыя супрацоўніцы музэю. Натуральна, што гэты пакойчык я, як дырэктар музэю, здаў рэдакцыі задарма. Бо гэта была — беларуская справа. Празь недагляд гарадзкой архітэктуры будынак у дакумэнтах быў запісаны як уласнасьць музэю, таму мы маглі даваць сваім кватарантам юрыдычны адрас. Сяргей Іванавіч, які хутка стамляўся ад сваіх самых сьмелых ідэяў і шчодра раздорваў іх іншым, неўзабаве «наеўся» «Свабодай» і перадаў яе Ігару Герменчуку.

У руках Ігара газэта «Свабода» стала гучным рупарам беларускай незалежніцкай ідэі і не зьмяніла сваёй пазыцыі да канца існаваньня. Для Ігара Герменчука стала сэнсам жыцьця разносіць сярод чытачоў «Свабоды» «пошасьць» беларушчыны, дэмакратыі, правоў чалавека. Рэдактар і газэта зрабіліся адным цэлым.

Лёс Ігара Герменчука як палітыка шчыльна зьвязаны з тымі грамадзка-палітычнымі працэсамі, якія адбываліся ў Беларусі ў першай палове 90-х гадоў. Сяргей Астраўцоў у кнізе апісвае часовую паразу нацыянальна-дэмакратычных сілаў, якая наступіла ў выніку прэзыдэнцкіх выбараў у 1994 годзе, і наступныя «цяжкія часы». На нашых вачах першы прэзыдэнт пасьлядоўна закрэсьліваў усе папярэднія дэмакратычныя дасягненьні: дзяржаўнасьць беларускай мовы, беларускамоўную адукацыю, нацыянальную сымболіку, свабоду сходаў, свабоду слова… Незалежнасьць Беларусі ўвесь час знаходзілася пад пагрозай.

«Лука Мудзішчаў»

Чытаючы кнігу, для мяне цікава было згадаць, як напачатку 1995 году Генэральная пракуратура спрабавала ўзбудзіць супраць Ігара Герменчука, ці ня першую пасьля прэзыдэнцкіх выбараў палітычную крымінальную справу. За друк ананімнай паэмы «Лука Мудішчаў — прэзыдэнт» рэдактара «Свабоды» абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады». Але Вярхоўны Савет ня даў згоды на прыцягненьне дэпутата Ігара Герменчука да адказнасьці.

Над Беларусяй вецер сьвішча.
Пасохлі бульба і авёс.
Наш прэзыдэнт Лука Мудзішчаў
Садзіцца ў чорны членавоз…

Маніякальна помсьлівы прэзыдэнт ня мог дараваць такое Ігару, які пры сустрэчах з іроніяй працягваў клікаць яго Сашам.

12 красавіка 1995 году Ігар Гермянчук разам зь іншымі дэпутатамі фракцыі БНФ у парлямэнце спрабаваў захіліць Беларусь ад рэфэрэндуму. Як той лейтэнант Аляксандар Мірашнічэнка, які кінуўся на нямецкі дот у 44-м, атрымаў за гэта героя пасьмяротна і быў пахаваны на гародзе Герменчукоў у Стракавічах. Саша адплаціў Ігару за Луку Мудзішчава зьбіцьцём да крыві. Біў, вядома ж, ня ён, але няма сумневу, што білі па ягоным загадзе.

Лёс «Свабоды» таксама быў прадвырашаны. Багата з таго, што пісаў Ігар у тыя першыя гады пра Лукашэнку, застаецца трапным і актуальным і цяпер. Прэзыдэнт амаль не зьмяніўся, застаўся такім самым Сашам і Л-М. Зьмянілася за гэтыя гады Беларусь.

Кніга «Спадар Свабода» ў фармаце PDF

Пасьля «Свабоды»

Наступныя мэдыяпраекты, у якіх удзельнічаў Ігар Гермянчук, ужо не былі такімі эпахальнымі, як ягоная «Свабода», якой Ігар аддаў восем сваіх найлепшых гадоў. Ні газэта «Навіны», ні часопіс «Кур’ер» гэтак ня стрэлілі. Можа быць, у будучыні ў яго і атрымалася б яшчэ штосьці ня менш значнае за «Свабоду». Але лёс спыніў ягонае жыцьцё і пляны.

Я ўзіраюся ў першы фотаздымак, які Сяргей Астраўцоў дае ў кніжцы «Спадар Свабода». Ён неверагодна падабаецца мне. Здымак зь сьветлагорскай школы-інтэрнату, мабыць, 1969-1970 год. Зусім малы яшчэ, бялявы Ігар, з акцябрацкай зорачкай на пінжаку, стаіць у цэнтры, пасьміхаецца, зьзяе, як тое сонейка. Гэтая шчырая ўсьмешка ня зьменіцца і застанецца ў яго да апошніх дзён жыцьця.

Такім, вечна ў пінжаку, пры гальштуку, з іскрынкамі сьмеху ў вачах, заўсёды сьціплым і настроеным па-сяброўску, я памятаю яго, самотнага рыцара замкаў з палескіх балот.

Алесь Бяляцкі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG