Лінкі ўнівэрсальнага доступу

COVID-19: 22 кастрычніка Чэхія закрываецца на карантын


Урад Чэхіі 21 кастрычніка на надзвычайным пасяджэньні пастанавіў з 6-й гадзіны раніцы 22 кастрычніка закрыць большасьць гандлёвых і сэрвісных устаноў і абмежаваць свабоднае перамяшчэньне людзей.

Урад дазволіў працаваць толькі прадуктовым крамам, аптэкам і крамам з таварамі першай неабходнасьці — падрабязны іх сьпіс будзе апублікаваны ў афіцыйнай пастанове ўраду.

Працадаўцам рэкамэндуецца пераводзіць супрацоўнікаў на працу дома і абмежаваць кантакты з кліентамі. Графік працы дзяржаўных і мясцовых устаноў з наведвальнікамі скарачаецца да двух дзён на тыдзень ня больш як на пяць гадзін.

Забарона выходзіць з дому будзе мець выключэньні: паездка на працу, закупы, наведваньне лекара або догляд за блізкімі.

Гэтыя абмежавальныя захады, дзеяньне якіх працягнецца прынамсі да 5 лістапада, уводзяцца з прычыны новай хвалі захворваньня на COVID-19, якая пачалася ў ліпені.

У папярэднія дні Чэхія ўжо ўвяла шэраг абмежаваньняў праз COVID-19. Урад зьбіраўся на надзвычайных пасяджэньнях амаль штодня, прымаючы новыя захады.

У прыватнасьці, у краіне, як падчас вясновай успышкі эпідэміі, увялі абавязак закрываць рот і нос (з 21 верасьня гэтае патрабаваньне дзейнічае практычна паўсюль па-за домам), зь сярэдзіны кастрычніка зноў закрылі школы і ўнівэрсытэты для дзённай формы навучаньня, установы харчаваньня (акрамя вынасу), кінатэатры і тэатры, адмянілі спартовыя спаборніцтвы. Сустрэчы больш як шасьці чалавек забаранілі.

Колькасьць новых выпадкаў заражэньня COVID-19, пацыентаў і сьмерцяў ад каранавірусу ў Чэхіі павялічваецца зь ліпеня. Апошнім часам амаль кожны дзень прыносіць новы рэкорд колькасьці выяўленых пацыентаў, і сьмяротнасьць пачала расьці. 21 кастрычніка паведамлялася, што ўсяго за адзін папярэдні дзень у Чэхіі з насельніцтвам 10,7 мільёна чалавек было выяўлена амаль 12 000 новых выпадкаў, колькасьць сьмерцяў за час пандэміі перавысіла 1600.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG